Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Часам у хаце зь ежы застаецца толькі бульба. Нават на лівэрку грошай не хапае...»


Валянцін Жданко

Валянцін Жданко

У сёньняшняй Беларусі ад многіх людзей можна пачуць меркаваньне, што краіна імкліва вяртаецца ў 90-я гады. Зьніжаюцца заробкі і пэнсіі, вельмі цяжка знайсьці працу. Дзясяткі і сотні тысяч працаздольных грамадзянаў вымушаныя выяжджаць на заробкі за мяжу або самастойна знаходзіць сабе напаўлегальны заробак: гандляваць з рук на вуліцы або аб’ядноўвацца ў брыгады «шабашнікаў», рамантуючы кватэры і лецішчы. Прычым, адрозна ад 90-х гадоў, дзяржава ня толькі не спрыяе таму, каб людзі самастойна шукалі сабе занятак і заробак, а наадварот, імкнецца абкласьці так званых «дармаедаў» падаткамі.

Пачну сёньняшнюю размову з аднаго з допісаў на тэму вяртаньня беднасьці і галечы. Наш даўні слухач Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну, разважаючы пра нядаўнюю паездку Аляксандра Лукашэнкі па Берасьцейшчыне, піша:

«Вось калі б ён наведаў нашы мясьціны (Ляхаўцы — Макраны), то ўбачыў бы сапраўдны размах безгаспадарчасьці. Больш за 500 гектараў зямлі пустуе, зарастае быльнягом, расьсейвае асот ды іншае пустазельле. У Асавой каля 150 гектараў няўбраных саломы ды сена ўрастаюць у зямлю. Што адметна, да аб’яднаньня гаспадарак у Ляхаўцах не было пустуючых земляў, а цяпер — хоць адбаўляй.

Тым часам людзей абкладаюць усё новымі паборамі. Вось зараз увялі яшчэ адну плату за паслугі — 10 тысяч рублёў, дык я апынуўся на мяжы выжываньня. Адключылі тэлефон: у мяне не хапіла на аплату аднаго рубля (дзесяці тысяч на старыя грошы). А што рабіць, калі пэнсіі нестае? Вось і за флюарограф загадалі плаціць, дык я адмовіўся. Даводзіцца выбіраць: ці хлеб, ці флюарограф...

Добра, што пакуль трымаю курэй. Прадаўшы яйкі ці падгадаваўшы куранят, можна пару рублёў атрымаць. Хаця б сёе-тое — на хлеб. Часам у хаце зь ежы застаецца толькі бульба. Нават на лівэрку для ката не хапае. (Сам я яе ня ем, ад аднаго яе паху мне млосна становіцца).

Вось так зойдзеш у краму, паглядзіш на паліцы — а возьмеш толькі хлеб ці батон.

Зайшоў нядаўна заплаціць за электраэнэргію — і там лупяць тры скуры. А адкуль узяць грошы хаця б на неабходныя лекі (17 рублёў 50 капеек) ды на УЗІ? І як далей жыць? ...Усё ж гэта становіцца немагчымым. Думаю, народ урэшце ня вытрымае».

Не заўважаць галечы, якая ўсё больш насоўваецца на беларускае грамадзтва, ужо немагчыма. Але зьвярніце ўвагу, як на праблему рэагуюць тыя кіраўнікі, якім час ад часу ўдаецца адрасаваць гэтае пытаньне. Маўляў, прычына знаходзіцца за межамі Беларусі, ва ўсім вінаваты сусьветны крызіс. Вось ён міне, цэны на нафту вернуцца на ранейшы высокі ўзровень — і мы зноў зажывем... Але які крызіс маецца на ўвазе? Побач зь беларускімі межамі, у заходніх суседзяў ніякага крызісу няма: эканоміка стабільна расьце. Сярэдні заробак у Польшчы перасягнуў адзнаку ў тысячу эўра і працягвае падвышацца. І гэта ў той Польшчы, стартавыя магчымасьці якой перад крахам камуністычнай сыстэмы былі горшыя, чым у тагачаснай Беларусі. Дык, можа, улада ўсё ж павінна панесьці адказнасьць за сваю палітыку апошніх 22 гадоў, якая прывяла эканоміку да заняпаду, а народ — да галечы?

Гэтую ж тэму закранае ў сваім лісьце Анатоль Шапялевіч з Рагачова. Выказваючыся пра асьвятленьне на Радыё Свабода сёньняшніх беларускіх рэаліяў, слухач піша:

«Стаўце перад намі, беларусамі, такія пытаньні: чаму мы з кожным годам усё больш бяднеем? Хто ў гэтым вінаваты? У гэтай сувязі ня лішне было б распавесьці слухачам, чаму Літва, Латвія, Эстонія, адрозна ад нас, паляпшаюць свае эканамічныя паказьнікі, падвышаюць зарплаты і пэнсіі. А якіх посьпехаў за апошнія два дзесяцігодзьдзі дамаглася Польшча!

Вельмі выйгрышна і пераканаўча выглядаюць параўнаньні. Напрыклад, супастаўце, колькі паліцэйскіх у Вялікай Брытаніі і колькі ў Беларусі. Якія заробкі ў настаўнікаў Амэрыкі, Нямеччыны, і якія ў нас. Больш перадавайце пра побыт, умовы гаспадараньня за мяжой. Чаму там людзі жывуць лепш? Колькі зарабляюць, якая мінімальная зарплата. Цікава таксама даведацца пра чыноўнікаў. Ну, скажам, колькі іх у Польшчы, Славаччыне, Румыніі, іншых краінах. Неяк я чуў па Свабодзе, што цяпер у Польшчы на пяць сярэдніх школ — адзін дырэктар. Дык колькі там у раёне над настаўнікамі інспэктараў? У нас жа іх процьма».

Дзякуй, спадар Анатоль, за слушныя прапановы. У Беларусі, сапраўды, разьдзьмутыя армія і сілавыя структуры, вялізны бюракратычны апарат, які, нягледзячы на шматлікія абяцаньні, ніяк не ўдаецца скараціць. Цяпер, як ніколі раней, людзі шмат наракаюць на гэта, асабліва параўноўваючы ўласныя заробкі і пэнсіі з заробкамі і пэнсіямі тых, хто працаваў ці працуе ў адміністрацыі ці міліцыі і войску. Але галоўная прычына цяперашняга эканамічнага заняпаду ўсё ж ня ў тым, што вялікія грошы ідуць на абслугоўваньне грувасткай дзяржаўнай машыны. Грошай няма найперш таму, што іх перастала ў дастатковай колькасьці зарабляць састарэлая, нерэфармаваная эканоміка. Да таго ж улада за апошнія дзесяцігодзьдзі ўмудрылася залезьці ў шматмільярдныя вонкавыя пазыкі, абслугоўваньне якіх таксама легла цяжарам на цяперашні сьціплы дзяржаўны бюджэт.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG