Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Царскія паляваньні» расейцаў у Беларусі


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Адкрытая тысячакілямэтровая мяжа Беларусі з Расейскай Фэдэрацыяй з прылеглымі да яе радыяцыйнымі зонамі адчужэньня дужа вабяць расейцаў— яны едуць сюды на джыпах са зброяй, ладзячы на беларускай тэрыторыі «царскія паляваньні». Спрыяе гэтаму й адна геаграфічная недарэчнасьць.

Гэтым днямі трое расейцаў на двух джыпах прыехалі ў Добрускі раён у пошуках дзічыны. Тут іх і засьпелі супрацоўнікі Гомельскай абласной дзяржынспэкцыі аховы жывёльнага й расьліннага сьвету. Давялося выклікаць апэратыўна-сьледчую групу зь мясцовага райаддзелу міліцыі.

Расейцы везьлі з сабою звыш сотні патронаў да наразной і гладкаствольнай зброі — 109 кулявых і 13 карцечных. Заежджыя госьці тлумачылі, што палявалі ў ваколіцах расейскай вёскі Дабрадзееўка — гэта Злынкаўскі раён Бранскай вобласьці. Там нібыта пакінулі стрэльбы, а самі ў пошуках сьлядоў дзікіх жывёлін выправіліся празь беларускія землі да расейскага анкляву «Мядзьведзева — Санькава», што ў межах Добрускага раёну. Ну, і наткнуліся на гомельскіх інспэктараў.

Такія тлумачэньні, аднак, не паўплывалі на дзеяньні службоўцаў. Аўтамабілі міліцыя завярнула на штрафную стаянку — да судовага разбору. Вырашаецца й пытаньне пра адказнасьць расейцаў за незаконнае перамяшчэньне боепрыпасаў.

«Сёлета гэта ўжо трэцяе выяўленае незаконнае паляваньне расейцаў на беларускай тэрыторыі», — кажуць у інспэкцыі.

Паўтара месяца таму, таксама ў Добрускім раёне, інспэктары затрымалі жыхара расейскага райцэнтру Навазыбкаў. На паляваньне ў Беларусь той прыехаў на сьнегаходзе.

Убачыўшы ахоўнікаў флёры і фаўны, паспрабаваў уцячы, але яго заблякавала на лясной дарозе іншая група інспэктараў. Расеец меў пры сабе незарэгістраваную стрэльбу. Сьнегаход і дубальтоўку ў нелегальнага паляўнічага канфіскавалі, а супраць яго самога распачалі крымінальную справу.

Найбольшы розгалас, зрэшты, мела паляваньне расейцаў, учыненае крыху больш за год таму ў Касьцюковіцкім раёне. Брыгада ажно з 11 нелегалаў на машынах і конях прыехала ў Беларусь, каб зладзіць загоннае паляваньне — на манер царскага. Ажыцьцявіць свой намер да канца расейцам перашкодзіла рэйдавая брыгада інспэктараў. Як высьветлілася, усе аматары «царскага паляваньня» аказаліся жыхарамі сумежных зь Беларусьсю Гардзееўскага й Клінцоўскага раёнаў Расеі.

Маючы на аўтамабілях навігатары, парушальнікі даводзілі інспэктарам, што яны «на расейскай тэрыторыі».

Крыху пазьней беларускія інспэктары выявілі яшчэ дзьве брыгады паляўнічых-нелегалаў блізу вёскі Дубецкае, зноў-такі Добрускага раёну.

Усе яны былі з памежнага расейскага паселішча Вышкаў, а прыехалі на паляваньне ў радыяцыйную зону на мапэдах, не зважаючы, што могуць атрымаць ня толькі буйны штраф, але й да трох гадоў турмы.

«Усе гэтыя наезды нашых усходніх суседзяў у памежную радыяцыйную зону, „царскія паляваньні“ на нашай тэрыторыі спынены будуць толькі тады, калі дзяржава адпаведным чынам паставіцца да гэтых зонаў. Яны павінны быць агароджаныя і адпаведным чынам ахоўвацца», — лічыць колішні кіраўнік пастаяннай камісіі па чарнобыльскіх пытаньнях Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, кандыдат біялягічных навук Віктар Хоміч.

У гэтай сытуацыі трывожыць і такая акалічнасьць: расейскія грамадзяне падчас паляўнічых набегаў вязуць з сабою сотнямі боезапасы для наразной зброі. І даволі дзіўным выглядае той факт, што згаданыя вышэй нядаўнія паляўнічыя-нелегалы мелі пры сабе кулявыя патроны, а адпаведнай зброі нібыта не было.

Расейскі анкляў у Добурскім раёне
Расейскі анкляў у Добурскім раёне

Відавочна, трэба нешта вырашаць і зь невялічкай выспачкай зямлі, акаймаванай на мапе замкнёнай лініяй дзяржаўнай мяжы са стрэлкай у бок тэрыторыі Расеі. Гэта і ёсьць той самы расейскі анкляў «Мядзьведзева — Санькава», плошчай 500 гектараў, які ў савецкія часы адносіўся да РСФСР. У рэальнасьці дзьве вёскі — Мядзьведзева й Санькава — даўно апусьцелі, але пасьля распаду Савецкага Саюзу яны так і засталіся анклявам Расейскай Фэдэрацыі на тэрыторыі сувэрэннай Беларусі. Сюды й кіруюцца найчасьцей расейскія паляўнічыя-нелегалы — ідуць і едуць празь беларускія землі быццам бы на сваю тэрыторыю.

XS
SM
MD
LG