Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не — расейскай ядзернай пагрозе!» — галоўны лёзунг Чарнобыльскага шляху


Заўтра ў Менску пройдзе традыцыйнае шэсьце «Чарнобыльскі шлях». Збор удзельнікаў прызначаны на 14 гадзіну каля кінатэатру «Кастрычнік».

«Чарнобыльскі шлях» сёлета мае некалькі адметнасьцяў. Заяўнікі апазыцыйнай акцыі гэтым разам адмовіліся ад мітынгу. Шэсьце мае завяршыцца ўскладаньнем кветак ля памятнага знаку «Ахвярам Чарнобыля» на вуліцы Ліліі Карастаянавай.

Галоўным лёзунгам сёлетняга шэсьця стане «Не — расейскай ядзернай пагрозе!», паведамілі арганізатары.

Заяўнікі «Чарнобыльскага шляху» Юрась Губарэвіч, Ільля Дабратвор, Дзьмітры Кучук, Віталь Рымашэўскі і Аляксей Янукевіч заявілі, што адмова ад традыцыйнага мітынгу зусім не азначае, што словы ўдзельнікаў шэсьця ня будуць пачутыя. Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч зазначае, што рэзалюцыя ўдзельнікаў маніфэстацыі 26 красавіка рыхтуецца:

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

«Яе праект будзе раздадзены ў друкаванай форме падчас збору ўдзельнікаў. І мы плянуем прагаласаваць за рэзалюцыю перад пачаткам руху калёны. Спадзяёмся, што яе падтрымаюць.

Асноўны лёзунг сёлета: „Не — расейскай ядзернай пагрозе!“ Гэта і пагроза, зьвязаная з атамнай энэргетыкай, і з расейскай вайсковай прысутнасьцю ў Беларусі, і з расейскім ядзерным шантажом усяго вольнага сьвету, які ўсё часьцей і часьцей гучыць з вуснаў ня толькі расейскіх публіцыстаў, але і палітыкаў, прычым высокага роўню. Таму мы заклікаем усіх прыходзіць і прыносіць адпаведныя лёзунгі, плякаты і транспаранты».

Сёлета канчатковым пунктам шэсьця стане памятны камень каля Чарнобыльскай капліцы — падкрэсьліў сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі

Віталь Рымашэўскі

«У некаторыя мінулыя разы, калі мы давалі заяўку на шэсьце зь мітынгам ля плошчы Бангалор і ўскладаньнем кветак альбо працягам шэсьця да Чарнобыльскай капліцы, гэтага часта не дазвалялі. Гэтым разам дазвол атрыманы. Там усталяваныя памятныя знакі на гонар ахвяр Чарнобыля, ліквідатараў. І мы заклікаем прыносіць зьнічкі, кветкі, дзеля таго каб ушанаваць памяць тых, хто бараніў Беларусь ад радыяцыі, ад чарнобыльскай катастрофы. І тых, хто стаўся ахвярамі злачыннай палітыкі камуністычнай улады на нашай зямлі. Наша шэсьце носіць і характар ушанаваньня памяці людзей.

Другі лёзунг сёлетняга „Чарнобыльскага шляху“ — абарона ад радыяцыі, ад наступстваў Чарнобыля».

Чарнобыль спачатку стаў сымбалем экалягічнай катастрофы. Затым — палітычнай. Сёньня можна ўжо казаць пра Чарнобыль і як пра сымбаль катастрофы сацыяльнай — заявіў першы намесьнік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Гэта адчувалася яшчэ ў савецкія часы, калі Чарнобыль закрануў жыцьці і здароўе многіх беларусаў, а ўлады нічога не зрабілі, каб папярэдзіць яе істотныя наступствы, якія адчуваюцца яшчэ і сёньня. І гэта адчуваецца ня толькі ліквідатарамі, але і іх дзецьмі, нашчадкамі, сем’ямі.

Надалей з прыходам Лукашэнкі да ўлады Чарнобыль стаў асацыявацца з палітычнымі рэпрэсіямі. Зьявілася такое паняцьце, як палітычны Чарнобыль. І па сёньня мы з гэтым сутыкаемся — у нашай краіне ёсьць палітвязьні.

А апошнім часам ужо мы можам казаць і пра сацыяльны Чарнобыль. Дзяржава пасьлядоўна падкрэсьлівае адсутнасьць сваёй адказнасьці перад грамадзтвам, адсутнасьць падкантрольнасьці, любой магчымасьці ўплываць на яе рашэньні. Яна не паважае беларускае грамадзтва. Яна ня толькі кідае ў турмы палітычных апанэнтаў, але цяпер ужо дазваляе сабе лезьці ў кішэні тых, хто ўсе гэтыя гады складаў яе асноўны падмурак. Цярпяць ад бяздумнай эканамічнай палітыкі самыя малазабясьпечаныя колы насельніцтва, пэнсіянэры. Цяпер узяліся за тых людзей, якія вымушаныя звальняцца з прадпрыемстваў, альбо іх звальняюць — з-за таго, што няма працы, няма нармальных заробкаў. Іх абазвалі дармаедамі. І наша акцыя — добрая нагода, каб сказаць „не“ Чарнобылю ў Беларусі — і экалягічнаму, і палітычнаму, і сацыяльнаму».

Жалобныя акцыі 26 красавіка пройдуць у пацярпелых ад Чарнобыля Магілёўскай і Гомельскай абласьцях, да памятных знакаў там ускладуць кветкі, запаляць сьвечкі. Актывісты апазыцыі зьбіраюцца наведаць некаторыя выселеныя вёскі ў Магілёўскай вобласьці, упарадкаваць мэмарыяльныя знакі, ускласьці кветкі і запаленыя зьнічы.

У Магілёве 26 красавіка актывісты апазыцыйных арганізацыяў зьбяруцца ля крыжа, усталяванага ў памяць пра памерлых ад радыяцыі, каб згадаць ахвяраў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Крыж усталяваны непадалёк ад найбольшых у горадзе Паўднёва-ўсходніх могілак. У гэты жа дзень заплянаваны афіцыйны жалобны мітынг ля помніка ахвярам аварыі на ЧАЭС у пасёлку Любуж — на тэрыторыі былой клінікі радыяцыйнай мэдыцыны.

XS
SM
MD
LG