Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнобыльскі шлях Беларусі: як адзначалі гадавіну трагедыі


Чарнобыльскі Шлях 30 верасьня 1989 году

Чарнобыльскі Шлях 30 верасьня 1989 году

Дата 26-га красавіка мае ня толькі экалягічны аспэкт, але і палітычны: шэсьці і мітынгі да гадавіны аварыі адбываюцца ў Беларусі штогод з 1989-га.

Іх удзельнікі традыцыйна патрабуюць большай увагі да праблемы забруджаных тэрыторыяў, лёсаў людзей і даюць палітычную ацэнку падзеям, зьвязаным з аварыяй на ЧАЭС і ліквідацыяй яе наступстваў. Свабода згадвае, у якіх умовах адбываліся ранейшыя «Чарнобыльскія шляхі».

Першы «Чарнобыльскі шлях»

Акцыя адбылася 30 верасьня 1989-га. Траціна ўдзельнікаў прыехала з зонаў забруджаньня і трымала ў руках таблічкі з назвамі паселішчаў. Камуністычныя ўлады дэманстрацыю не дазволілі, больш за тое — на тую ж самую дату прызначылі агульнарэспубліканскі суботнік. Тым ня менш каля 30 тысяч чалавек прайшлі шэсьцем ад гадзіньнікавага заводу, што каля Парку Чалюскінцаў, да сучаснай плошчы Незалежнасьці.

Ідэя «Чарнобыльскага шляху» належыць Натальлі Рославай

Натальля Рослава стварала суполку БНФ у Магілёўскай вобласьці, і «чарнобыльцы» актыўна далучаліся да руху, тым часам як улады замоўчвалі наступствы катастрофы. Арганізатары першага мітынгу атрымалі буйныя штрафы.

Чарнобыльскі шлях — 1997

Чарнобыльскі шлях — 1997

Апазыцыя, памяць, апазыцыя

«Чарнобыльскі шлях» адпачатку быў апазыцыйны да камуністычнай улады, якая хавала праўду пра катастрофу, ігнаравала праблемы людзей. У першыя некалькі год незалежнасьці шэсьце ладзілася як акцыя памяці. Калі ж да ўлады прыйшоў Лукашэнка, акцыя набыла характар пратэсту супраць ягонага кіраваньня.

25, 26, 27

Кажуць, што ў песьні NRM гэтыя тры лічбы, якія гучаць зь міліцэйскіх рацыяў, азначаюць даты апазыцыйных акцыяў 90-х: 25 сакавіка, 26 красавіка і 27 ліпеня.

Як бы там ні было, але 25 сакавіка і 26 красавіка аказаліся для палітычна ангажаванай публікі зьвязаныя між сабой. Іх арганізоўвалі адны і тыя ж палітычныя сілы, толькі што ў красавіку далучаліся прадстаўнікі чарнобыльскіх арганізацыяў ды экалягічных рухаў.

Два мітынгі ў сакавіку і красавіку — палітычная вясна беларускай апазыцыі. Магчыма, таму «Чарнобыльскі шлях» ня змог стаць усенародным, бо ўдзел у ім усё ж азначаў прыманьне пэўных каштоўнасьцяў апазыцыі. І сама апазыцыя імкнулася пашырыць тэму «Чарнобыльскага шляху», гаворачы пра палітычны і духоўны Чарнобыль у краіне.

1996, Вясна

Самы вядомы «Чарнобыльскі шлях» прайшоў на дзясятыя ўгодкі катастрофы. Тады на вуліцы сталіцы выйшлі 50 тысяч чалавек, быў эпізод, калі пераварочвалі міліцэйскія машыны. Зянон Пазьняк пасьля акцыі выехаў з краіны.

Тады ж частка супрацоўнікаў музэю Максіма Багдановіча, дзе дырэктарам працаваў Алесь Бяляцкі, пачала дапамагаць арыштаваным і іх сваякам. Так узьнік праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Чарнобыльскі шлях» у рэгіёнах

Шэсьці ў Менску самыя шматлюдныя і вядомыя, але часамі акцыі ладзяцца і ў рэгіёнах, нават у малых гарадах, накшталт Бярозы ці Салігорску. Зрэшты, найчасьцей бывае так, што дэмакратычныя сілы падаюць заяўку, атрымліваюць адмову, і акцыя не адбываецца.

Мясьніковіч і Янчэўскі

Кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта і галоўны ідэоляг прысутнічалі на акцыі ў 1997 годзе і назіралі за дэманстрантамі здалёк. Калі ж людзі захацелі падысьці да чыноўнікаў бліжэй, тыя зьехалі.

Першы раз — на Бангалор

Адзін зь першых разоў, калі ўлады накіравалі апазыцыйнае шэсьце на плошчу Бангалор, — 2000 год.

Чарнобыльскі шлях — 2004

Чарнобыльскі шлях — 2004

У 2001-м людзі вярнуліся на праспэкт і прайшліся яго вуліцамі, а ў 2002-м «ЗУБР» упершыню агучыў пратэст супраць «хаджэньня» на «балота», то бок на плошчу Бангалор і ў суседні зь ёй парк Дружбы народаў.

У 2004-м адбыліся сутычкі зь міліцыяй, а арганізатараў пакаралі арыштам. У 2005-м жа арыштавалі ня толькі беларусаў, але і ўкраінцаў ды расейцаў. Дарэчы, сярод тых, хто папаўся АМАПу, быў і Ігар Гузь, цяперашні дэпутат Вярхоўнай Рады, якога сёлета ў Беларусь на Чарнобыльскі шлях проста не пусьцілі.

Чарнобыльскі шлях-2006

Чарнобыльскі шлях — 2006

Чарнобыльскі шлях — 2006

Самы масавы Чарнобыльскі шлях апошняга часу адбыўся дзесяць год таму. Нягледзячы на рэпрэсіі пасьля Плошчы-2006, на вуліцы выйшла каля 10 тысяч чалавек. Лідэраў апазыцыі на наступны дзень выклікалі ў суд і арыштавалі на 15 сутак.

XS
SM
MD
LG