Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За 30 гадоў пасьля Чарнобыльскай катастрофы ў асяродзьдзі публіцыстаў і экспэртаў замацавалася ўяўленьне пра беларускую нацыю як чарнобыльскі соцыюм.

Тут маецца на ўвазе і эканамічны чыньнік, бо 23% тэрыторыі краіны заражана, гаспадарчая дзейнасьць там або зусім немагчымая, або зьвязаная зь вялікімі праблемамі. Там жывуць амаль 2 мільёны чалавек. Чарнобыльская праблема стала важным кірункам дзяржаўнай палітыкі, галіной эканомікі, зьявіўся невядомы для іншых дзяржаў сацыяльны пласт — чарнобыльцы. Напісаныя горы літаратуры (сацыялягічнай, мастацка-публіцыстычнай), у якой даказваецца, што Чарнобыль як знак бяды глыбока ўмантаваны ў масавую сьвядомасьць грамадзтва, стаў неадʼемнай часткай мэнталітэту, гістарычнай памяці беларускага соцыюму. Гэтая тэхнагенная катастрофа ператварылася ў сымбаль, культуралягічны вобраз («прававы Чарнобыль», «эканамічны Чарнобыль»). Сьвятлана Алексіевіч у сваёй «Чарнобыльскай малітве» паказвае, што аварыя стала цяжкай псыхалягічнай траўмай для грамадзтва.

Некаторыя дасьледчыкі менавіта постчарнобыльскім сындромам тлумачаць праблемы дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі. Напрыклад, Юры Шаўцоў выводзіць беларускую сацыяльную мадэль наўпрост з Чарнобыля. Маўляў, патэрналісцкая мадэль дзяржавы — гэта адэкватны адказ на існаваньне вялікай колькасьці чарнобыльцаў, то бок сацыяльна неабароненых людзей зь нізкімі рэсурсамі, якім патрэбная апека з боку ўлады. І гэта пацьвярджаецца лічбамі.

Ва ўсіх палітычных кампаніях першых дзесяці гадоў кіраваньня Лукашэнкі чарнобыльскія раёны давалі самую высокую ступень яго падтрымкі.

Толькі адзін прыклад. У ходзе рэфэрэндуму 1996 г. у Веткаўскім раёне ўзялі ўдзел у галасаваньні 99,3% выбарцаў (у цэлым па краіне, паводле афіцыйных дадзеных, — 84%), прэзыдэнцкі праект Канстытуцыі падтрымалі 98,5% выбарцаў (у цэлым па Беларусі — 70%).

Чарнобыльская праблематыка была важным чыньнікам палітычнай сілы і для апазыцыі. Можна сказаць, што БНФ падняўся на мяжы 1980–1990-х гадоў менавіта на чарнобыльскай тэме. Самымі масавымі вулічнымі акцыямі апазыцыі ў 1990–1996 гады былі Чарнобыльскія шляхі.

Нябожчык Генадзь Грушавы, кіраўнік самага вядомага дабрачыннага фонду «Дзецям Чарнобыля», ня раз казаў, што чарнобыльскія ініцыятывы — гэта аснова фармаваньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі. Сапраўды, падобных фондаў, ініцыятываў было ў 1990-я гады шмат.

І на гэтым постчарнобыльскім фоне, здавалася б, ад Беларусі ў апошнюю чаргу льга чакаць, што тут будзе пабудавана атамная электрастанцыя, і толькі палітычны самагубца можа выступіць з падобнай прапановай.

І тым ня менш, гэта здарылася. Будаўніцтва АЭС у самым разгары, але ніякай шокавай рэакцыі ў грамадзтве гэта ня выклікала. Большасьць насельніцтва абсалютна абыякава ўспрыняло гэтую навіну. Ніякіх больш-менш масавых пратэстаў не адбылося. Дык што, ніякай чарнобыльскай траўмы няма?

Вось апошняя вайна пакінула глыбокую рану ў гістарычнай памяці народа. І гэта ня толькі адгукаецца ў культавай формуле «абы не было вайны». Траўма той вайны такая глыбокая, што беларусаў напужаў нават украінскі крызіс і кіеўскі Майдан. Напужаў так моцна, што дазволіў Лукашэнку на гэтай глебе будаваць сваю прэзыдэнцкую кампанію, а апазыцыю прымусіў адмовіцца ад самой ідэі Плошчы. Вось у Малдове, Армэніі людзі не баяцца пратэставаць, яны масава выходзяць на вуліцы і плошчы, майдан ня стаў траўманебясьпечнай перасьцярогай.

Дык чаму ж беларусы кажуць «абы не было вайны», але ня кажуць «абы не было АЭС»? Чарнобыль такой чорнай меткі не пакінуў?

Той факт, што апошнім часам чарнобыльская тэма ў інфармацыйнай прасторы ўзгадваецца адзін раз на год у гадавіну катастрофы, кажа пра многае. Колькі гадоў таму, знаходзячыся ў чарнобыльскім рэгіёне, зьвяртаючыся да тамтэйшых жыхароў, Лукашэнка, не баючыся за сваю рэпутацыю, казаў, здавалася б, жахлівыя рэчы — што высяленьне людзей з заражанай зоны было памылкай, што трэба вяртаць туды насельніцтва і ўводзіць «брудныя» зямлі ў сельскагаспадарчы абарот. І ў адказ пачуў разуменьне і падзяку. Большая частка чарнобыльскіх праграмаў уладамі згорнутая. Адбылося рэзкае скарачэньне льготаў чарнобыльцам.

Чым гэта растлумачыць? Атрафаваным інстынктам самавыжываньня ці адсутнасьцю чарнобыльскага сындрому ў масавай сьвядомасьці беларусаў?

І зьвярніце ўвагу, нават моцнага экалягічнага руху, уплывовай «зялёнай партыі» ў Беларусі ня ўзьнікла. На палітычнай арэне былі і сёньня бачныя нацыяналістычныя, лібэральныя, сацыялістычныя, камуністычныя, хрысьціянскія партыі. А «зялёнай» няма. Хіба што ў выглядзе фэйку, як на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах.

Дык ніякай постчарнобыльскай нацыі няма? І ўся велізарная колькасьць кніг, твораў культуры на гэтую тэму, развагі пра глыбокую траўму, паранены соцыюм — ня больш як мастацка-публіцыстычныя міты і гіпэрбалы?

І так, і не. Постчарнобыльскі сындром існаваў, але зьнік у апошнія 10–15 гадоў. Па-першае, таму, што зьявіліся іншыя, мацнейшыя пагрозы і небясьпекі, на фоне якіх наступствы Чарнобыля перасталі ўспрымацца як самыя грозныя.

Па-другое, цяперашні палітычны рэжым здольны моцна ўплываць на масавую сьвядомасьць. Ён удала перахапіў у апазыцыі чарнобыльскую тэму ў сярэдзіне 1990-х гадоў і манапалізаваў яе, адсякаючы ўсялякія альтэрнатывы. Напрыклад, той жа фонд «Дзецям Чарнобыля» Генадзя Грушавога быў ліквідаваны адначасова з фондам Сораса.

Зразумела, гэта не вычарпальнае тлумачэньне. Рызыкну сьцьвярджаць, што калі мы зразумеем, чаму зьнік чарнобыльскі сындром, то адкажам на пытаньне, што ж адбылося зь беларускім соцыюмам у апошнія 20 гадоў.

І нарэшце. У іншых расколатых нацыях усенародная бяда абʼядноўвае, кансалідуе народ. У Беларусі ўсё наадварот. Кожная гадавіна чарнобыльскай катастрофы становіцца чыньнікам грамадзка-палітычнага, інфармацыйнага супрацьстаяньня паміж уладай і апазыцыяй.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG