Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алексіевіч у цэляфане


Кнігарня №19
Кнігарня №19

На момант, калі Нобэлеўскі камітэт абвесьціў, што беларуска Сьвятлана Алексіевіч уганаравана Нобэлеўскай прэміяй за «яе паліфанічныя творы, якія зьяўляюцца помнікам пакутам і адвазе ў нашы часы», у спэцыялізаваных крамах Гомеля не было кніг ляўрэаткі.

Мінула тры месяцы, Беларусь уступіла ў новы, 2016 год, афіцыйна абвешчаным Годам культуры, а «паліфанічных твораў-помнікаў» ляўрэаткі Нобеля ў гомельскіх крамах, за рэдкім выключэньнем, амаль не дадалося.

«Было б дзе, замовілі б кнігі Алексіевіч»

Кніжная крама № 19 рэспубліканскага гандлёва-розьнічнага таварыства «Белкніга» месьціцца побач зь філялягічным факультэтам Гомельскага дзяржунівэрсытэту імя Францішка Скарыны. Сюды найчасьцей заходзяць студэнты, выкладчыкі, жыхары, што жывуць на Стара-Чарнігаўскай вуліцы, на Галавацкага, Ландышава, што знаходзяцца побач. Але ніводнай кнігі Сьвятланы Алексіевіч у кнігарні проста няма.

Маладая прадавачка тлумачыць: «Яшчэ да таго, як Алексіевіч уганаравалі прэміяй, яе кнігі разабралі. Былі яны, ня памятаю якога выдавецтва. Аднаго найменьня кнігі былі — па-мойму, у „Вайны не жаночае аблічча“. Больш яе кніг няма. Было б дзе набыць, мы заказалі б. Прыходзяць, пытаюцца — і студэнты, і людзі сталага веку. Усе».

Спэцыялізаваная кнігарня № 23, што на праспэкце Кастрычніка, знаходзіцца паблізу ажно трох ВНУ — тэхнічнага, гандлёва-эканамічнага ўнівэрсытэтаў, Міжнароднага ўнівэрсытэту працоўных і сацыяльных адносінаў. Тут багата наведнікаў. Аднак ніякіх твораў нобэлеўскай ляўрэаткі ў кнігарні ніколі не прадавалася. Прынамсі, так сьцьвярджае прадавачка Марына:

«Нічога не было — нам не давалі. На складзе няма. Нам жа зь Менску ўсё паступае, з „Белкнігі“. Ня ведаю, але калі б было што на складзе, яны, канечне, далі б».

На немагчымасьць замовіць кнігі Алексіевіч наракаюць і ў кнігарні № 1, што знаходзіцца на аднайменнай вуліцы — Кніжнай.

У кнігарні № 3 на вуліцы Савецкай, якая таксама належыць да «Белкнігі», супрацоўнікі распавядаюць, што зь Менску з акцыянэрнага таварыства даслалі тры найменьні твораў Сьвятланы Алексіевіч — «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя сьмерцю». Апошнюю з кніг, як мяркуе супрацоўніца крамы Сьвятлана, набылі 31 сьнежня ў якасьці навагодняга падарунку.

«Купіў бы, але ж такія кошты...»

У Гомелі налічваецца восем кніжных крамаў, якія належць да ААТ «Белкніга». У найбуйнейшай зь іх — «Кніжным сьвеце», што на праспэкце Леніна — паказваюць толькі адну зь пяці кніг ляўрэаткі Нобэля. Гэта «Зачараваныя сьмерцю» — 17 гісторый самазабойцаў, якія ўмелі жыць толькі пры сацыялізме. Кніга выдадзена расейскім выдавецтвам «Время». І кошт яе — 322 тысячы рублёў.

Кнігарня №2
Кнігарня №2

Мужчына сталага ўзросту, паглядзеўшы на шасьцізначныя лічбы, скрушна заўважыў: «У кнігарнях усё разабралі... Купіў бы, але ж такія кошты, што не па маім заробку».

Па адным экзэмпляры «Зачараваных сьмерцю» і «Цынкавых хлопчыкаў», абгорнутых у цэляфан, прапануе гараджанам і кнігарня № 2 на вуліцы Ільіча. Выдавецтва — тое ж расейскае «Время» з пазнакай на супэрвокладцы : «Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2015». Кошты адпаведныя: першая кніжка таксама звыш трохсот тысяч, другая крыху не дацягвае да трохсот.

Прадавачка са стажам тлумачыць:

«У нас былі ўсе кніжкі Алексіевіч, і мы іх ужо ня першы раз прадаём. Яшчэ сёе-тое засталося, пару кніжачак. Мы зрабілі выставачку: „Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі“. Людзі ўвесь час набываюць. Толькі прададзім, нам тут жа з „Белкнігі“ даюць новую. Расейскае выданьне. Бачыце, тут напісала: „Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі“. Ужо зрабілі такую сэрыю».

У чаргу — па «Час сэканд хэнд»

Непадалёку ад кніжнай крамы, на той жа вуліцы Ільіча, месьціцца 4-я гарадзкая кнігарня імя Еўдакіма Раманава, якая цяпер называецца філіялам цэнтральнай гарадзкой кнігарні.

Кнігары ахвотна распавядаюць, што ў сваім фондзе маюць усе кніжкі Сьвятланы Алексіевіч, апрача «Час сэканд хэнд», пятай кнігі з сэрыі «Галасы Ўтопіі»:

«Пакажу на рускай мове і беларускай: „Зачараваныя сьмерцю“, пераклад, два асобнікі, „Цынкавыя хлопчыкі“ — адзін, „У вайны не жаночае аблічча“ — сем, „Чарнобыльская малітва“ — тры асобнікі пра Чарнобыль. Гэта такія знакавыя творы. А вось апошняе, новае, пра што Алексіевіч расказвала падчас уручэньня Нобэлеўскай прэміі — пра „чырвонага чалавечка“, у нас нічога няма. У нас усё ідзе праз цэнтральную кнігарню, бо мы толькі філіял. Там ёсьць аддзел камплектаваньня і апрацоўкі. Раней былі мы ў бібліятэчнай сыстэме, а цяпер называемся сеткаю публічных кнігарняў. Яны там усё замаўляюць. Думаю, што у зьвязку з тым, што Алексіевіч Нобэлеўскую прэмію атрымала, будуць паступленьні яе кніг. Мы ж у цэнтральнай кнігарні толькі дзеці. Што нам дадуць, за тое дзякуй».

Маючы агулам чатырнаццаць асобнікаў кніг Сьвятланы Алексіевіч, тэматычнай выставы пра творчасьць нобэлеўскай ляўрэаткі кнігары не рабілі.

Цэнтральная гарадзкая бібліятэка, якая носіць імя Герцэна, сем гадоў таму пераехала ў былы будынак гаркама КПБ. На трох яго паверхах размясьціліся ўсе неабходныя структуры — ад абанемэнту, чытальнай залі да аддзелу маркэтынгу й інфармацыйна-мэтадычнага цэнтру аказаньня дапамогі ідэалягічнаму актыву гораду.

У холе кнігарні супрацоўнікі склалі навагоднюю ялінку з рознакаляровых кніг. Бліжэй да кніжнай вершаліны тут пакладзены й дзьве «Чарнобыльскія малітвы» Сьвятланы Алексіевіч ў белых вокладках.

У цэнтральнай бібліятэцы наагул утварылася чарга на чытаньне кніг ляўрэаткі Нобэля, і перш за ўсё, яе апошняй кнігі «Час сэканд хэнд». Пра гэта апавядаюць тутэйшыя супрацоўнікі:

«Вось заяўкі на „Час сэканд хэнд“. Кніга ёсць толькі ў часопісе „Дружба народов“, надрукаваная, падаецца, у 2013 годзе. Наступны чытач яе чакае. Запісаўся 24 сьнежня, чакае чаргі, калі мы яму патэлефануем, што папярэдні чытач яе вярнуў. Вось яшчэ адзін на „Час сэканд хэнд“. На „Цынкавых хлопчыкаў“ таксама чытач запісаўся. Чакае нашага патэлефанаваньня. Гэта называецца ў нас картатэкай бягучых замоваў на літаратуру».

Попыт на кнігі Алексіевіч, як сьцьвярджюць бібліятэкары, заўважна вырас пасьля абвяшчэньня яе нобэлеўскай ляўрэаткай:

«Асаблівы попыт на „Чарнобыльскую малітву“, » У вайны не жаночае аблічча«, «Апошнія сьведкі» — успаміны дзяцей пра вайну. Потым яшчэ нейкая кніга пра самазабойцаў — так,"Зачараваныя сьмерцю«, яна на беларускай мове і чытаюць яе ня надта добра. Ну й «...сэканд хэнд» выдадзена толькі ў двух расейскіх часопісах, як я казала. Але «...сэканд хэндам» цікавяцца пастаянна«.

У чытальнай залі бібліятэкі паведамілі, што «Час сэканд хэнд» надрукаваў на беларускай мове часопіс «Дзеяслоў». Апрача таго, у музэі рэдкага аўтографу захоўваюцца кнігі, падпісаныя Алексіевіч гадоў дзесяць таму, калі яна наведвала кнігарню ў яе ранейшым будынку.

***

З Гомельшчынай у Сьветланы Алексіевіч зьвязаны значны пляст часу. Тут яна жыла й вучылася ў школе — спачатку ў вёсцы Прысна Веткаўскага раёну, пазьней — у Івашкавічах Петрыкаўскага раёну. Скончыла 11 клясаў у Капаткевічах. Пасьля сама настаўнічала ў Асавецкай сярэдняй школе Мазырскага раёну, працавала да паступленьня ў БДУ карэспандэнткай нараўлянскай раённай газэты «Прыпяцкая праўда».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG