Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Радыяцыйныя чарніцы: 10 тысяч за шклянку


Чарніцы на Давыдаўскім рынку: адны правераныя, іншыя — не

Чарніцы на Давыдаўскім рынку: адны правераныя, іншыя — не

Дзясяткі зборшчыкаў ягад і грыбоў штодзень прапануюць жыхарам Гомеля так званыя «дары лесу». На буйных рынках такі тавар збольшага правяраюць на радыяцыю, перш чым прапанаваць гараджанам. На малых рыначках і проста ў бойкіх месцах на лябараторныя дасьледаваньні ніхто ўвагі не зьвяртае.

Міні-рынак на вуліцы Быхаўскай прапануе гамельчукам багата разнастайнай зеляніны: агуркі, цыбулю, кроп, украінскія ды малдаўскія памідоры, чарэшні, а таксама свае, лясныя чарніцы. Купляй, абагачайся вітамінамі! Але ці на здароўе?

У мажнай кабеты цікавімся, колькі ж бэкерэляў радыяцэзію ў яе чарніцах? Але ў тае сваё вымярэньне, завязанае на грошы:

«Дзесяць тысяч шкляначка! Я думаю, у маладога чалавека ёсьць грошы — давай».

На больш канкрэтнае пытаньне: «Чаму не правяралі на радыяцыю?» гаваркая кабета тлумачыць:

«Ой, я прыехала ўся змучаная такая. І кудысьці яшчэ на Давыдаўскі рынак трэба ехаць, 7 тысяч плаціць. Тут жа няма дзе праверыць».

Суразмоўніца нахвальвае свае чарніцы. Кажа, што зьбірала каля вёскі Церуха, што на поўдзень ад Гомеля. Іх, маўляў, нават лесьнікі нарасхват бяруць:

«У Церусе — там чыстая зона. Зь лесу выходзіш, дык і лесьнікі купляюць».

Міні-рынак на Быхаўскай прапануе неправераныя чарніцы

Міні-рынак на Быхаўскай прапануе неправераныя чарніцы

Пра тое, што тэрыторыі на поўдзень ад абласнога цэнтру найменей забруджаныя радыяцыяй, ня ведае толькі гультай. Гэтым нярэдка і карыстаюцца ня надта сумленныя зборшчыкі, прывозячы ягады адкуль толькі могуць.

Вясковая кабета, што прадае чарніцы за пару мэтраў адгэтуль на тым жа Быхаўскім міні-рынку, кажа, што зьбірала чарніцы каля Рудні Целяшоўскай — гэта на паўночны захад ад Гомеля. І таксама не правярала:

«Не правярала, бо раней іх правярала — нармальныя былі».

Прапановы з асфальту

Прапановы з асфальту

Прыкладна такія ж аргумэнты ўжываюць жанчыны й мужчына, якія прадаюць чарніцы з бэтоннага подыюму каля ўваходу на Прывакзальны рынак. Адна з прадавачак наагул кажа, што цэтлік на праверку ў мужа, які некуды адышоў:

«У мужыка паперка, недзе там ён. У яго паперка, некуды пайшоў туды».

Мужчына зь вядром чарніц сьцьвярджае, што зьбіраў іх каля Цагельні — таксама на поўдзень ад абласнога цэнтру. І літаральна ўчора нібыта правяраў на Ленінградзкім рынку. Пэўна, дзеля большай пераканаўчасьці згадаў нават пра стронцый:

«Учора прадаваў на Ленінградзкім рынку — літар здаваў на праверку. На Ленінградзкім лябараторыя ёсьць. Вось яны й бяруць літар на праверку. Нармальныя, добрыя чарніцы — радыяцыі няма. Стронцый не выдзяляецца».

Чарніцы на Прывакзальным рынку

Чарніцы на Прывакзальным рынку

На заўвагу, што ў звычайных лябараторыях на рынках ні грыбы, ні ягады на стронцый не дасьледуюць, гандляр чарніцамі сумеўся, але хутка знайшоўся:

«Я жартам сказаў пра стронцый. Кажу ж: ня „сьвецяцца“».

Трапляюцца гандляры зь неправеранымі «дарамі лесу» й на буйных рынках. У прыватнасьці, на згаданым Давыдаўскім.

Кабета з паўвядзерца прадала ўжо чарніц, а цэтліка на праверку ня мае. Пераконвае пакупнікоў гэтак: «Пайшоў сын у лябараторыю. Гэта ж чарніцы зь Церухі — самая чыстая зона. Там у мяне лецішча».

У лябараторыі тлумачаць, што неправераных грыбоў і ягад зь лесу купляць ніяк нельга. Можна й нарвацца. Дапушчальны ўзровень утрыманьня радыенуклідаў цэзію-137 у тых жа чарніцах — 185 бэкерэляў на кіляграм, а трапляюцца і такія, што добра «сьвецяцца» ад радыяцыі:

«Былі „брудныя“ чарніцы з Прыбару — 270 плюс-мінус 56 бэкерэляў на кіляграм, з Жыткавічаў — 835 плюс-мінус 167, з Лунінца — 444 плюс-мінус 90. Хібнасьць заўсёды прыбаўляецца — так мы тлумачым на карысьць спажыўца, каб яго засьцерагчы».

XS
SM
MD
LG