Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна пры ўзмоцненай бясьпецы ўшаноўвае памяць трагедыі ў кіеўскім Бабіным Яры


Дарога смутку. Па ёй 29 верасьня 1941 года габрэі йшлі на расстрэл
Дарога смутку. Па ёй 29 верасьня 1941 года габрэі йшлі на расстрэл

Апошнія два тыдні ва Ўкраіне адбываюцца іммпрэзы, прымеркаваныя да 75-ых угодкаў зь дня трагедыі ў кіеўскім Бабіным Яры, дзе за ўвесь час гітлераўскай акупацыі зь верасьня 1941-га па лістапад 1943-га, паводле розных дадзеных, расстраляныя ад 70 да 200 тысяч габрэяў, цыган, украінцаў, а таксама ваеннапалонных, сьвятароў і пацыентаў псыхічнай лякарні.

«Гэта трагедыя 20 стагодзьдзя, якую яшчэ трэба дасьледаваць. За адну ноч загінулі тры тысячы цыганоў, 34 тысячы габрэяў, загінула наша выбітная ўкраінская паэтка Алена Тэліга і проста выдатныя ўкраінцы, якія хацелі спакойна і свабодна жыць. Гэта было і маштабнае зьнішчэньне псыхічна хворых, таму што па загадзе туды звозілі пацыентаў з усіх бальніц. Гэтыя бесчалавечныя рэчы павінны праз розныя мерапрыемствы, праз розныя формы даводзіцца да моладзі», — кажа міністар культуры Ўкраіны Яўген Нышчук.

Алея пакутнікаў у Бабіным Яры. Тут усталявана некалькі помнікаў ахвярам трагедыі
Алея пакутнікаў у Бабіным Яры. Тут усталявана некалькі помнікаў ахвярам трагедыі



Але і празь дзесяцігодзьдзі гэтыя мэмарыяльныя мясьціны церпяць — неаднаразова вандалы намагаліся зьнішчыць галоўны сымбаль памяці — Мянору — помнік, усталяваны ўжо пасьля распаду Савецкага Саюзу ў 1991 годзе габрэйскаю супольнасьцю. Яго аблівалі фарбаю, спрабавалі спаліць. У 2001 годзе, пасьля наведваньня гэтага месца прэзыдэнтам Ізраілю Мошэ Кацавам, была ўсталяваная памятная пліта, якая некалькі разоў разьбівалася, і яе вырашылі наагул прыбраць. Сёлета ў траўні маладзёны проста пад гэтым знакам спалілі сьцяг Ізраілю.

Помнік у Бабіным Яры ўсталяваны ў 1991 годзе па ініцыятыве габрэйскай суполкі
Помнік у Бабіным Яры ўсталяваны ў 1991 годзе па ініцыятыве габрэйскай суполкі



«Вандалы рабілі такія рэчы, якія прыніжалі ўсіх, ня толькі габрэйскую супольнасьць, таму цяпер мы зрабілі ўсё, каб забясьпечыць відэаназіраньне і ўзмоцнены рэжым бясьпекі. Цяпер ужо адноўленая Мянора і добраўпарадкаваныя тры алеі — алея праведнікаў, алея пакутнікаў і дарога смутку», — дадаў міністар культуры.

У гэтыя дні на сэмінарах і навуковых канфэрэнцыях асабліва актыўна абмяркоўваюць і дасьледуюць антысэміцкую дактрыну нацызму, а на выставах і кінафэстывалях дэманструюць дакумэнтальныя сьведчаньні і экспанаты ад фотаздымкаў да асабістых рэчаў, прадстаўленых нашчадкамі сьведкаў гэтай страшэннай трагедыі.

На алеі праведнікаў усталёўваюць партрэты грамадзян, якія ратавалі габрэяў ад расстрэлаў
На алеі праведнікаў усталёўваюць партрэты грамадзян, якія ратавалі габрэяў ад расстрэлаў



Галоўныя ж мерапрыемствы адбудуцца заўтра, 29 верасьня, на тэрыторыі нацыянальнага мэмарыяльнага комплексу «Бабін яр», якія пачнуцца а 19.00 пры ўдзеле ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі. Для звычайных наведвальнікаў мэмарыяльны комплекс будзе зачынены ў гэты дзень да 21 гадзіны ў мэтах бясьпекі, а цяпер тут гаспадарчыя службы даводзяць да ладу апошнія штрыхі.

Дарожныя службы даводзяць да ладу пад’язныя дарогі да мэмарыялу
Дарожныя службы даводзяць да ладу пад’язныя дарогі да мэмарыялу



На мерапрыемствах у Кіеве чакаюць тысячу замежных гасьцей, сярод якіх ёсьць прадстаўнікі беларускай габрэйскай суполкі, і афіцыйных дэлегацый, у тым ліку на чале з прэзыдэнтам Ізраілю Рэўвэнам Рыўліным. Напярэдадні ён выступіў на парлямэнцкіх слуханьнях у Вярхоўнай Радзе і згадаў пра беларускае паходжаньне бацькі сваёй жонкі Няхамы — Мэнахема Шульмана, які нарадзіўся ў Мар’інай Горцы і там жа ў часе Другой сусьветнай вайны быў расстраляны разам са сваімі братамі.

Прэзыдэнт Ізраілю Рэўвэн Рыўлін выступае ва ўкраінскім парлямэнце (фота прэсавай службы прэзыдэнта Ўкраіны)
Прэзыдэнт Ізраілю Рэўвэн Рыўлін выступае ва ўкраінскім парлямэнце (фота прэсавай службы прэзыдэнта Ўкраіны)



«Кожны год у дзень памяці ахвяраў Галакосту мы ў Ізраілі і ва ўсім сьвеце чытаем імёны загінуўшых. У кожнага чалавека ёсьць імя. Але ёсьць імёны, шмат імёнаў, якія ніколі ня будуць знойдзеныя, нягледзячы не бясспрэчныя намаганьні знайсьці іх. Стрыечныя браты маёй жонкі, дзеці, немаўляты засталіся безь імёнаў. Нікому ў сьвеце іх імёны невядомыя. Яны былі тут, і іх няма», — адзначыў прэзыдэнт Ізраілю.

Бабін Яр таксама стаў міжнародным сымбалем Галакосту. Гісторыкі і дасьледчыкі плянуюць на гэтым месцы стварыць вялікі нэкропаль, у якім будуць замацаваныя імёны ўсіх, хто тут быў расстраляны 75 гадоў таму. Каб памятаць і не паўтарыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG