Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы зьезд «Маладога фронту» прызначаны на 12 верасьня


Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

Чарговы, дзявяты, зьезд міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «Малады фронт» (зарэгістраванага ў Чэхіі) прызначаны на 12 верасьня і пройдзе ў адкрытым фармаце, паведамляе БелаПАН.

Сустаршыня «Маладога фронту», былы палітзьняволены Зьміцер Дашкевіч распавёў, што да ўдзелу ў працы зьезду запрашаюцца ня толькі выбраныя дэлегаты зь Менску і рэгіёнаў, але і ўсе сябры «Маладога фронту», а таксама прыхільнікі і ахвотныя далучыцца да дзейнасьці аб’яднаньня.

«Ёсьць меркаваньне, што ў сёньняшніх умовах перафарматаваньня кіраваньня і падыходаў да працы неабходна запрасіць да ўдзелу ў зьезьдзе ўсіх маладафронтаўцаў, якія гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за дзейнасьць арганізацыі», — растлумачыў Дашкевіч незвычайны фармат зьезда.

Паводле слоў Дашкевіча, ранейшыя зьезды «Маладога фронту» паказвалі, што «пэўныя ідэйныя супярэчнасьці» ў арганізацыі былі заўсёды. «Вельмі часта на зьездах лібэральныя канцэпцыі ўваходзяць у канфлікт з кансэрватыўнымі. У прынцыпе, гэта сьведчыць пра тое, што структура жывая. Хоць вялікая праблема арганізацыі — гэта апатыя, зьмяншэньне колькаснага складу „Маладога фронту“. Арганізацыйны крызіс, характэрны для ўсіх апазыцыйных структураў, нагнаў і „Малады фронт“. Тым ня менш ёсьць людзі, якіх хвалюе лёс „Маладога фронту“ і Беларусі, яны зьбяруцца і прымуць рашэньні», — сказаў Дашкевіч.

Сустаршыня «Маладога фронту» не выключае, што на зьезьдзе кіраўніцтва аб’яднаньня можа поўнасьцю памяняцца. Сам Дашкевіч не зьбіраецца вылучацца на кіраўнічыя пасады.

«Яшчэ два гады таму я хацеў адысьці ад кіраўніцтва. Не сказаў бы, што і цяпер актыўна ім займаюся. Праблема ў тым, што мала хто сёньня жадае займацца актыўнай грамадзкай працай», — адзначыў сустаршыня «Маладога фронту».

«Малады фронт» ужо шэсьць разоў спрабаваў прайсьці афіцыйную рэгістрацыю ў Беларусі, але ўсе разы атрымліваў адмову Міністэрства юстыцыі і вымушаны быў зарэгістравацца ў Чэхіі як міжнароднае моладзевае аб’яднаньне.

На папярэднім, восьмым зьезьдзе «Маладога фронту» ў кастрычніку 2013 году Дашкевіч не плянаваў вылучацца на пасаду кіраўніка арганізацыі, але пазьней зьмяніў сваё рашэньне, растлумачыўшы яго крытычнай сытуацыяй у арганізацыі, якая нават ня можа «нармальна выбраць кіраўніцтва». На тым жа зьезьдзе было вырашана ўвесьці ў «Маладым фронце» інстытут сустаршынства. У кіраўніцтва былі абраныя Зьміцер Дашкевіч, Эдуард Лобаў і Андрэй Цянюта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG