Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паліграф тройчы паказаў «Не датычны», але ў выніку далі 24 гады...


Тэма праграмы — несправядлівы прысуд, яе ўдзельнікі — тыя, хто змагаецца за перагляд справы. Наколькі частыя ва ўмовах Беларусі выпадкі неправасудных выракаў? Ці магчыма, седзячы за кратамі, дамагчыся адмены прысуду? Наколькі даступны справядлівы вэрдыкт для «простага чалавека», ці, можа, гэта нешта накшталт «элітарнай паслугі»?

«Правасудзьдзе прададзена»

Апошнім часам гэтая знакамітая фраза з раману Ільфа і Пятрова «12 крэслаў» гучыць зусім ня ў сувязі з продажам статуэткі багіні Тэміды на аўкцыёне. Правасудзьдзе на постсавецкай прасторы — болевы пункт, надзённая праблема, і ясна, што яно мае патрэбу ў рэфармаваньні. Адзін з аспэктаў гэтай праблемы — колькасьць апраўдальных выракаў у судах.

Адсотак апраўдальных прысудаў — мізэрны. Больш за тое, прадугледжаны законам мэханізм хатняга арышту, унясеньня закладу за падазраванага на этапе сьледзтва практычна не ўжываецца. Прычынай таму, лічаць экспэрты, часьцей за ўсё бывае негалосная змова сьледзтва і суду. Калі сьледчы перадае крымінальную справу з абвінаваўчым заключэньнем у суд, то загадзя мяркуецца, што судзьдзя вынесе вырак, паводле якога абвінавачваны будзе асуджаны.

Здавалася б, кваліфікаваную абарону для абвінавачаных павінны арганізаваць адвакаты. Але і тут усё ня так проста. Найчасьцей абвінавачаныя ня маюць сродкаў, каб наняць добрага адмыслоўца, і ім даюць адваката паводле прызначэньня, які нярэдка толькі падчас судовага пасяджэньня даведваецца, у чым вінавацяць ягонага падабароннага. Пра паглыбленьне ў дэталі і гаворкі няма. Аднак нават і тыя юрысты, якія бяруць за свае паслугі немалыя грошы, таксама далёка не заўсёды дэманструюць асаблівыя прафэсійныя навыкі ды веды.

Удзельнік нашых мінулых праграмаў — колішні дацэнт Беларускага політэхнічнага інстытуту, экс-кіраўнік вінаробнага прадпрыемства ў Гомелі Фэлікс Пэкер адседзеў за кратамі чатыры гады паводле абвінавачваньня у «крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі». Цяпер ён жыве і працуе ў Расеі. У 2012 годзе, неўзабаве пасьля яго вызваленьня са Шклоўскай калёніі, у расейскім выдавецтве «Орлік» выйшла напісаная ў няволі мастацкая кніга «Дзесяць гадоў і адзін дзень Ігара Саўчанкі» — гісторыя чалавека, які быў асуджаны на дваццаць гадоў за нязьдзейсьненае забойства і празь дзесяць гадоў зьняволеньня ўсё ж здолеў даказаць сваю невінаватасьць.

Фэлікс Пэкер

Фэлікс Пэкер

Падобна свайму герою, аўтар кнігі таксама прайшоў за кратамі няпросты шлях у змаганьні за перагляд сваёй справы і нарэшце дамогся гэтага. Праўда, адрозна ад Ігара Саўчанкі, артыкул Фэліксу Пэкеру інкрымінаваўся эканамічны, а тэрмін пакараньня быў істотна карацейшы. У сваіх інтэрвію Свабодзе ды іншым СМІ сп. Пэкер ня раз сьцьвярджаў, што так званаму «простаму чалавеку» вельмі лёгка апынуцца за кратамі, нават калі ён і не вінаваты. Паводле ягоных назіраньняў, прынамсі ў паловы сядзельцаў расейскіх ды беларускіх турэмных устаноў «нацягнутыя абвінавачаньні», якія вядуць да нацягнутага тэрміну. Адмены ж прысуду, як ён сьцьвярджае, дамагаюцца адзінкі. І чым даўжэй чалавек за кратамі, тым цяжэй гэтага дамагчыся.

Для чаго патрэбны паліграф?

30-гадовы Раміз Мамедаў сядзіць за кратамі 11,5 года. Яму далі 24 гады і адзін месяц за забойства стрыечнай сястры Валерыі Арловай, якой было 14 гадоў. Здарылася трагедыя 14 верасьня 2003 году. Да апошняга дня дзяўчына жыла ў бабулі Галіны. Крыху раней памерла ад раку яе маці, і бабуля Галіна забрала ўнучку жыць да сябе, замкнуўшы кватэру нябожчыцы-дачкі.

Нам невядома, наколькі дапамагае сьледзтву ва ўмовах Рэспублікі Беларусь прылада, вядомая пад назвай «паліграф». Калі яе працягваюць выкарыстоўваць, то, можа, і дапамагае. Але ў выпадку Раміза Мамедава здарылася штосьці малазразумелае.

Вясельны здымак Раміза з Валяй

Вясельны здымак Раміза з Валяй

«14 верасьня, у нядзелю, было забойства, а ў аўторак прывезьлі паліграф зь Менску», — распавядае маці хлопца Галіна Мамедава. Спачатку, кажа яна, праверылі аднаклясьніка Валерыі.

«Потым правяралі бацьку Леры. І Рому таксама дапыталі на паліграфе. Высновы паліграфа: ня мае дачыненьня, не валодае інфармацыяй пра забойства».

На месцы злачынства не знайшлі ні сьлядоў Раміза, ні адбіткаў пальцаў, ні прылады забойства — нічога. Матыву таксама не было. Але матыў знайшлі. Маўляў, хлопец прагнуў завалодаць кватэрай сястры. І яго пасадзілі. Пазьней, праўда, абласны суд у Горадні скасаваў карысьлівы матыў. Не было матыву забіваць Леру ў яе стрыечнага брата Раміза.

Маці кажа: «Ён толькі ў трэцюю або чацьвёртую чаргу мог быць спадчыньнікам. Мы палічылі — яму шэсьць чалавек трэба забіваць тады, ня зь Леры пачынаць. Бабуля тады была прызнаная апякункай...

Ніякага доказу ягонай віны. Нават экспэртызы сьведчаць хутчэй на ягоную карысьць. Яго адправілі зноў у Навінкі, судова-псыхіятрычную экспэртызу праводзілі. І сказалі па яе выніках: ён ня можа па ўласьцівасьцях свайго характару падмануць паліграф. Ён тройчы дапытваўся на паліграфе: не датычны. У 2003 годзе, у 2009-м і ў 2013-м.

І нават экспэрты з Навінак даюць заключэньне, што ён пад ціскам быў. Чаму? Таму што ў яго мове шмат слоў «напэўна», «магчыма», «можа быць». Гэта значыць, ён нават не сваімі словамі гаворыць. А мова сьледчага на трыццаць адсоткаў больш, чым ягоная, насычана інфармацыяй. Значыць, ён яму інфармацыю дае, а Раміз пацьвярджае. І то: я стаю за дзьвярыма і чую, як крычыць сьледчы: што ты мне галавой ківаеш, кажы — так ці не!»

Нават экспэрты з Навінак даюць заключэньне, што ён пад ціскам быў.

Валерыю Арлову забілі сотняй колатых ранаў. Суседзі чулі, што ў кватэры была кампанія...

Галіна Мамедава сьцьвярджае:

«Калі ў 2004 годзе сына судзіў Гарадзенскі абласны суд, судзьдзя стаў гаварыць, што ня быў Мамедаў на пахаваньні, значыць, ён вінаваты. Прыяжджаем у Вярхоўны суд, і там старшыня суду зноў жа кажа гэтую фразу — што ён ня быў на пахаваньні. Як ня быў? Пачынаем апытваць усіх суседзяў. Ну ўсе ж яго бачылі, ён фатаграфаваў».

Паводле жанчыны, Раміз падымаўся наверх па лекі для бабулі, і калі вярнуўся, трапіў на здымак. Узялі сьведчаньні людзей, гэты здымак і двойчы адсылалі ў Вярхоўны суд.

«Не, зноў упарцяцца, ня хочуць нават гэтага зрабіць. Дык як я магу, ці мама, даказаць, што забойства ён не зьдзяйсьняў, калі мы ня можам нават даказаць, што ён на пахаваньні быў? Жахліва».

Сьледчы экспэрымэнт праводзіцца дзеля таго, каб падазраваны паказаў на месцы злачынства, што ён і як рабіў. Аднак, па словах маці, Раміза на месца злачынства, у кватэру ягонай бабулі, не дапусьцілі:

«На судзе, — узгадвае Галіна, — Раміз патлумачыў, што яму сказалі, маўляў, няма чаго табе туды ісьці, ты можаш там усё наблытаць. А ў пратаколе напісалі, што адмовіўся з прычыны таго, што яму цяжка знаходзіцца на месца злачынства».

Прысуд адмянілі

Пасьля забойства Валерыі Арловай пацярпелымі прызналі яе бацьку (які пазьней памёр) і бабулю. Ні бабуля — Галіна Ўладзіміраўна Варановіч, ні маці Раміза ні на каліва ня вераць, што ён забойца, і змагаюцца за яго. Яны распавядаюць, як ён заўсёды дбаў пра Леру, дапамагаў ёй. Працаваў адзін час на рынку, добра плацілі — купіць катлет, прыедзе да Леры, насмажыць, накорміць яе. Маці дзяўчыны ўвесь час была па бальніцах, грошай на жыцьцё не хапала. Галіна Ўладзіміраўна ўспамінае: аднойчы яе дачка Ірына сур’ёзна захварэла на рак, і доктар ёй сказаў, што можа атрымаць шанцы пажыць, калі народзіць дзіця. І яна нарадзіла Валерыю і пражыла яшчэ 15 гадоў. Так што бабуля вельмі любіла ўнучку, але і за ўнука працягвае змагацца, як можа, разам са сваёй дачкой Галінай, ягонай маці.

Тое, што родныя ня вераць суду, што Раміз для іх быў і застаецца невінаватым, — звычайная рэч. Унікальнасьць гісторыі ў тым, што хібнасьць прысуду прызналі і «адпаведныя органы», куды не стамляліся зьвяртацца родныя хлопца.

У 2010 годзе вынікі даў зварот у Апэратыўна-аналітычны цэнтар (ААЦ) пры прэзыдэнце, успамінае Галіна Мамедава. Цэнтрам кіраваў тады Віктар Лукашэнка. Праверка паказала:

«...Выкладзеныя ў заключэньні пракурора і ў матэрыялах справы абставіны сьведчаць аб неадпаведнасьці высноваў суду, выкладзеных у прысудзе, фактычным акалічнасьцям справы».

14 кастрычніка 2010 году распараджэньнем кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ўладзімера Макея была створаная працоўная група, каб вывучыць абставіны справы Раміза Мамедава. У прыватнасьці, у гэтым дакумэнце гаварылася:

«Па сутнасьці абвінаваўчы прысуд грунтуецца на паказаньнях двух асноўных сьведак па справе (Г. Баярына і Г. Кімана), у аб’ектыўнасьці якіх існуюць пэўныя сумненьні. Апроч таго, паказаньні Г. Баярына ня могуць разглядацца як бясспрэчныя, паколькі ён не зьяўляецца сьведкам злачынства».

Галіна Мамедава паказвае копію яшчэ аднаго важнага дакумэнту:

Генэральнаму пракурору
Рэспублікі Беларусь
Васілевічу Р. А

Паважаны Рыгор Аляксеевіч!

Працоўнай групай, створанай распараджэньнем кіраўніка Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, у тым ліку з удзелам прадстаўніка Генэральнай пракуратуры, вывучаны факты, выкладзеныя ў звароце Г. Л. Мамедавай у адносінах да асуджэньня Р. Р. Мамедава.

Па выніках дадзенага дасьледаваньня працоўная група прыйшла да высновы пра тое, што пры ажыцьцяўленьні вытворчасьці па крымінальнай справе ў адносінах да Р. Р. Мамедава, прызнанага вінаватым у зьдзяйсьненьні забойства з асаблівай жорсткасьцю і асуджанага да 24 гадоў пазбаўленьня волі, органамі, якія вядуць крымінальны працэс, ня высьветленыя і не ацэненыя ў поўным аб’ёме акалічнасьці зьдзяйсьненьня гэтага злачынства, у тым ліку датычнасьць іншых асобаў да зьдзяйсьненьня злачынства, мэханізм нанясеньня цялесных пашкоджаньняў, прыналежнасьць сьлядоў злачынства.

У якасьці доказаў віны Р. Р. Мамедава пакладзены паказаньні сьведак, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, у тым ліку прызнаныя ў далейшым фальшывымі, існуе шэраг працэсуальных парушэньняў. Пры гэтым пры дасудовай і судовай вытворчасьці, у тым ліку пры ўзбуджэньні вытворчасьці па наноў адкрытых акалічнасьцях, не дасьледаваныя паказаньні ўсіх сьведак, уключаючы асобаў, якія паказалі, што Р. Р. Мамедаў у момант зьдзяйсьненьня злачынства знаходзіўся ў іншым населеным пункце.

З улікам выкладзенага просьба правесьці праверку наноў адкрытых акалічнасьцяў, выкладзеных у даведцы працоўнай групы, у мэтах аднаўленьня вытворчасьці па крымінальнай справе ў адпаведнасьці з разьдзелам 43 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу і далейшага дакладу кіраўніку дзяржавы.

Кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь У. Макей

29 сьнежня 2010 году

Як бачым, вынікі павінны былі легчы на стол самому Аляксандру Лукашэнку. Заданьне надзвычай сур’ёзнае.

5 ліпеня 2011 году судовая калегія (старшыня — А. Райдулін) па крымінальных справах Вярхоўнага суду разгледзела заключэньне Генэральнага пракурора аб аднаўленьні вытворчасьці па крымінальнай справе з нагоды наноў адкрытых акалічнасьцяў у адносінах да Мамедава Раміза і Баярына Генадзя. Судовая калегія вызначыла:

Аднавіць вытворчасьць па крымінальнай справе па абвінавачаньні Мамедава Раміза Рамізавіча і Баярына Генадзя Генадзевіча па наноў адкрытых акалічнасьцях.

Прысуд Гарадзенскага абласнога суду ад 28 траўня 2004 году і вызначэньне судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь ад 6 жніўня 2004 году ў адносінах да Р .Мамедава і Г. Баярына адмяніць, а справу перадаць Генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь для правядзеньня новага папярэдняга расьсьледаваньня.

Новае сьледзтва сапраўды правялі. Матэрыялы па Мамедаву ў 2013 годзе перадалі зноў у Гарадзенскі абласны суд, іх разглядаў новы склад судзьдзяў. Аднак вынік быў той самы: вінаваты, 24 гады турмы. Хоць у перапынку нехта з судзьдзяў аптымістычна сказаў маці: вельмі вялікія шанцы, што лёс яе сына пераменіцца.

Што ж здарылася? Чаму Раміза Мамедава не апраўдалі? Штосьці зьмянілася і не было канчатковай «адмашкі»? Чаму? Напэўна, таму, што ўсе, хто прызнаў Раміза вінаватым, працуюць і сёньня, мяркуе маці, усе на сваіх пасадах. Хто ж прызнае, што пасадзіў невінаватага і катаваў яго з тым, каб дамагчыся прызнальных паказаньняў? Галіна Мамедава кажа, што сына прымусілі ўзяць віну на сябе, што ведае, як падчас допытаў Раміз страціў ад болю прытомнасьць і сьледчыя вымушаныя былі выклікаць яму «хуткую». Таксама ёй расказвалі, як у ізалятары часовага ўтрыманьня Раміза на ноч запіралі ў сэйфе, а потым раніцай перапалоханыя тэлефанавалі ёй, каб тэрмінова прынесла яму зьменнае адзеньне, як зьбівалі яго падчас этапу з калёніі ў Ліду-Горадню на сьледчы экспэрымэнт...

...Бацьку Раміза пасьля суду ў Горадні аштрафавалі на 15 мільёнаў: маўляў, ён даваў непраўдзівыя паказаньні. І чалавек ня вытрымаў, перастаў змагацца за сына, кінуў жонку і зьехаў у Гомельскую вобласьць, кажа яна.

Жонка Раміза Валя падала нядаўна на развод, хоць таксама ня верыла ў віну мужа. Лёс яе няпросты. Толькі пажаніліся з Рамізам, неўзабаве забілі Валерыю. Толькі нарадзілася дачка Рэната, яго арыштавалі. Разам пажылі ўсяго паўгода.

Не апускаюцца рукі сёньня толькі ў маці і бабулі. «Ромка хутчэй сам бы памёр, чым даў бы яе забіць», — кажа бабуля. Сэнсам яе жыцьця стала змаганьне за Раміза. Здавалася ж, вынік быў! Галіна Мамедава разважае:

«Вось гэта вынік працы ААЦ, што Васілевіч аддаў у Вярхоўны суд. Потым міжведамасная камісія. Зноў Васілевіч прыняў рашэньне. Але гэта такая праца — паверыць немагчыма. Ты пішаш, пішаш, кожны дзень адпраўляеш. Чаму? Таму што туды адправіш, сюды: прэзыдэнту, памочніку прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы, у Генпракуратуру. Там адпіска, там адпіска, тут, глядзіш, нейкі невялікі крок. Хапаесься за любую саломінку».

Адзін чыноўнік у сталіцы прызнаўся Галіне Мамедавай: «Такой справы, як справа вашага сына, у Беларусі больш няма!». Гэта ўжо было пасьля прысуду 2013 году. Паводле жанчыны, тады нібыта і прасьвет паявіўся, але нешта зноў павярнулася ня ў той бок.

Галіна Мамедава ня лічыць, што ёй мог пашкодзіць зварот па дапамогу да праваабаронцаў, а ня толькі ў дзяржаўныя ўстановы. Ну, а на сёньняшні дзень пераважна засталася «самапомач». У Менску ўтварылася нефармальнае кола жанчын, якія змагаюцца за сваіх родных, што трапілі ў зьняволеньне.

Пазнаёміліся яны ў Вярхоўным судзе, калі запісваліся на прыём, і цяпер трымаюцца адна адной:

«Мы сазвоньваемся. Хтосьці ў Менску, хтосьці прыяжджае. Вось яны кажуць: ёсьць сёньня прыём у міністра ўнутраных спраў, альбо ў іншы час будзе, рыхтуйся, прыяжджай. Тэма прыдатная, выходзіць. Строчыш нешта хутчэй і едзеш. То з мамай едзем. У Палату прадстаўнікоў зь ёю езьдзілі, усюды, дзе толькі можна было, дзе прымалі. Я тэлефаную, яны тэлефануюць. Можа, ёсьць нейкія навіны па справе. Мы ўжо падрабязнасьці гэтых спраў ведаем, прозьвішчы ўсіх сьведак нават павывучвалі. Таму што кантактуем пастаянна. Агульная бяда вось такая».

Было 20 тамоў, пакуль сядзеў — стала 35

Справа Раміза Мамедава з гадамі разраслася да 35 тамоў.

Ліст з турмы ад Раміза

Ліст з турмы ад Раміза

Галіна Мамедава: «У свой час нашай справай зацікавілася „Плятформа“. Мы сустракаліся з Бандарэнкам Андрэем, з Аленай Красоўскай некалькі разоў. У Менску таксама, мы з мамай езьдзілі. Яны на прысуд прыехалі, прапанавалі ўзяць адваката. Але вельмі вялікая сума была для азнаямленьня з матэрыяламі справы. У нас такой няма. Ужо як я матэрыялы ведаю і як Раміз, ніводзін адвакат ня вывучыць. І мы адваката на апошні суд ня бралі. Яшчэ да 2011 году, калі Раміза прывозілі сюды, мы адваката бралі, каб схадзіў, стан яго паглядзеў, каб штосьці на словах перадаць, што ён прасіў. Мы аплачвалі адваката, на вочныя стаўкі калі прывозілі каго да Раміза. А потым — усё, мы ўжо ня можам адваката аплачваць. Калі ў 2011 годзе каштавала адзінаццаць мільёнаў азнаямленьне з матэрыяламі, тады ў нас яшчэ было дваццаць тамоў справы. Потым, калі Сьледчы камітэт праводзіў праверку, дваццаць дзевяць было. А потым — трыццаць пяць».

Галіна Мамедава кажа, што гэта будзе каштаваць сёньня вельмі дорага. Значыць, адвакат не па кішэні. За гэтыя гады чаго толькі не перадумала. Чаму, чаму выбар паў менавіта на яе сына? Нехта непрыхільна кінуў: ён жа азэрбайджанец. Але ж ён беларусам лічыцца, мясцовы, азэрбайджанец толькі напалову, ён там ніколі й не бываў нават...

Здарэньне з бабуляй Раміза

Галіна Варановіч трымае альбом са здымкамі ўнукаў

Галіна Варановіч трымае альбом са здымкамі ўнукаў

Хто забіў унучку, хто быў тады ў кватэры, у Галіны Варановіч ёсьць уяўленьне. Сама яна выглядае яшчэ даволі крэпкай, працавала амаль да васьмідзесяці. Але цяпер ёй цяжка разагнуць сьпіну, мусіць хадзіць сагнуўшыся. Гэта пасьля здарэньня тры гады таму. Яна атрымала ў той дзень пэнсію і пайшла на старыя каталіцкія могілкі (яны побач з цэнтрам Ліды, непадалёк ад замка). Яна прыбрала магілу і нагнулася, каб зрэзаць непатрэбную расьліну. Ззаду ёй раптам накінулі на шыю зашмаргу і пачалі душыць. Нехта закрычаў «Што вы робіце?!» Нападнік спалохаўся і ўцёк. Галіна Ўладзіміраўна ўпала і ўдарылася галавой.

Заяву ў міліцыю жанчына не пісала. Разам з дачкой проста аддалі на экспэртызу пальчатку (якая засталася на месцы здарэньня) і пасак (якім душылі). Але ў міліцыі самі вырашылі правесьці расьсьледаваньне — якое, зразумела, нічога ня выявіла. Хоць пацярпелая і казала, што бачыла, не даходзячы да могілак, асобу, якая магла на яе напасьці.

Пазьней ад бацькі Генадзя Баярына, які таксама праходзіў па справе, аднак у 2012-м быў вызвалены паводле хадайніцтва адваката ў сувязі з тэрмінам даўнасьці, жанчына пачула рэальную пагрозу: «Ну, старая, калі нешта вякнеш, будзеш там, дзе твая ўнучка!»

Іншыя падрабязнасьці справы чытайце тут

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG