Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыклад замежнікаў — менавіта той сродак, які можа вярнуць беларускую мову самім беларусам»


Падручнікі беларускай мовы для іншаземцаў

Падручнікі беларускай мовы для іншаземцаў

На філялягічным факультэце Белдзяржунівэрсытэту ў межах навуковай канфэрэнцыі адбыўся круглы стол «Беларуская мова як замежная». Прыехалі мовазнаўцы з Чэхіі, Расеі, Польшчы і разам са сваім беларускімі калегамі абмеркавалі, як выкладаць беларускую мову замежнікам. Цікавасьць да беларускай мовы расьце ва ўсім сьвеце — канстатавалі ўдзельнікі канфэрэнцыі.

Расейскі лінгвіст, выкладчык курсаў беларускай мовы ў межах маскоўскага праекту «Школа мовы суседзяў» Антон Сомін прэзэнтаваў падручнік для самастойнага вывучэньня беларускай мовы «Белорусский язык. Самоучитель для руссскоязычных», які нядаўна выйшаў у расейскім выдавецтве «Живой язык». Ён адметны тым, што там выкладаецца ня толькі афіцыйны стандарт мовы, але і клясычная вэрсія — «тарашкевіца».

У Расеі беларускую мову выкладаюць у галоўнай ВНУ краіны — Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце, у Екацерынбургу ў суполцы «Беларусы Ўралу», у Іркуцку, шмат якіх іншых гарадах. Беларускую мову вывучаюць і ў даволі экзатычных краінах — Кітаі, Японіі. Яшчэ ў 1996 годзе ў Японіі выйшла беларуская граматыка, а нядаўна ў цэнтры замежных моваў Цукубскага ўнівэрсытэту выдадзены «Азнаямляльна-пачатковы курс беларускай мовы для японцаў», які называецца «Спрабуйма».​

Летась вывучаць і ўдасканальваць беларускую мову ў Міжнародную летнюю школу прыехалі 30 замежнікаў. Сёлета ўдвая больш — 60 чалавек, былі прадстаўленыя Аўстралія, Вялікая Брытанія, Індыя, Аўстрыя, Партугалія, Чэхія, Нямеччына, Польшча, Літва, Латвія, Украіна, Расея, Японія, Кітай — геаграфія вельмі шырокая.

Чаму цікавасьць у сьвеце да беларускай мовы расьце і як гэта ўплывае на саміх беларусаў, разважаюць выкладчыкі беларускіх ВНУ — Сьвятлана Якуба, дацэнт катэдры сучаснай беларускай мовы Белдзяржунівэрсытэту, і Надзея Старавойтава, дацэнт катэдры беларускай і расейскай моваў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту.

— Ці ёсьць спэцыфіка выкладаньня беларускай мовы для замежнікаў? Няўжо не падыходзяць звычайныя падручнікі?

Сьвятлана Якуба: Канечне, ёсьць спэцыфіка выкладаньня беларускай мовы як замежнай. Цяпер мы працуем над стварэньнем міжнародных стандартаў, будуць распрацоўвацца на розных узроўнях праграмы па беларускай мове як замежнай. Такім чынам будзе стварацца вучэбна-мэтадычнае забесьпячэньне. Бліжэйшым часам плянуецца распрацаваць тэставыя заданьні на выяўленьне ўзроўню падрыхтаванасьці. Але ёсьць ужо і шмат даволі добрых падручнікаў, выдадзеных і ў Беларусі, і ў іншых краінах. Цягам двух дзён падчас канфэрэнцыі мы разглядалі і падручнікі, створаныя за межамі Беларусі дасьледчыкамі зь іншых краінаў.

Святлана Якуба

Святлана Якуба

— А чым тлумачаць замежнікі сваю цікавасьць да беларускай мовы?

Сьвятлана Якуба: У кожнага свая матывацыя. Людзі прыяжджаюць на стажыроўку, калі ведаюць, што ў іх краіне адкрываецца спэцыялізацыя «беларуская мова» як другая замежная. Нехта едзе мэтанакіравана вывучаць менавіта беларускую мову, нехта — вывучаць рускую мову (такая сытуацыя была ў мяне), а потым пераключаецца на беларускую мову і лічыць, што гэта ўжо яго будзе спэцыяльнасьць — спэцыялізацыя беларускай мовы як замежнай. Зь якой мэтай? Каб перакладаць. Вось у мяне вучыўся японскі студэнт Кен Сібата. Мову ён ужо ведаў, прыехаў знаёміцца з культурай Беларусі, прычым са старажытнай культурай. Напрыклад, ён вельмі цікавіцца Максімам Багдановічам і едзе ў Яраслаўль, дзе нарадзіўся паэт і дзе жыла яго сямʼя, потым ён едзе ў Беларусь, дзе таксама ўсё вывучае. А цяпер ён у Вільні, бо, вывучыўшы літоўскую мову, ён можа атрымаць доступ да архіваў, матэрыялаў, якія знаходзяцца ў Літве. Я ў яго пытаюся: «Вы ўжо пераключыліся на Літву?» — «Не», — кажа, і тлумачыць, што проста хоча атрымаць глыбокія веды па Беларусі.

Многія беларусы ня хочуць тут жыць, мараць зьехаць. А вось гэтыя людзі кажуць, што хочуць тут жыць.

Людзі абсалютна розныя, з розных краін. Многія едуць за свае грошы. Мяне ўражвае, што ім вельмі цікавая беларуская культура. Для іх яна надзвычай своеасаблівая. Японцы, кітайцы зьдзіўляюць тым, што яны хочуць тут жыць! Прычым многія беларусы ня хочуць тут жыць, мараць зьехаць. А вось гэтыя людзі кажуць, што хочуць тут жыць.

«У вас цудоўная прырода, у вас такія добрыя людзі, у вас многа месца, у вас спакойна, у вас прыгожая мова, яна вельмі мілагучная, у вас цудоўная літаратура», — кажуць тыя, хто пачынае чытаць. У кожнага свая матывацыя, тут нельга адказаць адназначна.

— Мне падаецца, кітайцу ці японцу даволі цяжка даводзіцца, у іх іншы маўленчы апарат...

Сьвятлана Якуба: Канечне, гэта нялёгка. Але калі замежнікі едуць вывучаць беларускую мову, яны ўжо ў пэўнай ступені ведаюць расейскую мову (на розных узроўнях), ведаюць кірыліцу — яны не пачынаюць з нуля. Гэта, як правіла, для іх другая славянская мова. Яны ўжо ўмеюць пісаць, чытаць па-руску. І выкладаньне часам, не заўсёды, але грунтуецца на пэўных ведах і ўменьні. Зразумела, у нас іншыя гукі, іншыя літары, іншы алфавіт. Вядома, ім цяжка. Але калі яны ставяць мэту, яны яе дасягаюць.

— За колькі можна вывучыць беларускую мову з нуля?

Сьвятлана Якубава: «За год. Японка Сіёры Кіёсава вывучыла за 9 месяцаў. Кен Сібата вывучыў за год. Калі ён паехаў у Вільню, ён дасылаў мне відэаматэрыялы. Вельмі цікава за гэтым было назіраць. Многія зьдзіўляюцца, як чыста ён размаўляе па-беларуску. Ён на занятках спытаўся ў мяне дазволу і запісваў усе заняткі на дыктафон. Ён займаўся фанэтыкай. Да таго ж да ўсіх падручнікаў беларускай мовы як замежнай дадаюцца дыскі. Увогуле, патрэбны індывідуальны падыход, індывідуальная праграма».

Надзея Старавойтава, дацэнт катэдры беларускай і рускай мовы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту, на пытаньне, калі гэтая мода на беларускую мову пачалася, адказвае, што праявы былі і раней. А вось больш актыўна пачалі пра гэта гаварыць у апошнія гады 2–3:

Надзея Старавойтава

Надзея Старавойтава

«Узьнікла такая цікавасьць да Беларусі як да мірнай пляцоўкі. Пасьля таго, як прайшлі перамовы вельмі высокага ўзроўню на менскай пляцоўцы, пасьля таго як сьвет пачуў, што ёсьць такая Беларусь і ёсьць Менск, дзе можна мірна дамаўляцца, узьнікла лягічнае пытаньне ў сьвеце: а што такое Беларусь, якая там культура, якая мова? І з таго часу заўважна павялічылася цікавасьць сярод замежнікаў.

— А беларускім студэнтам ня сорамна, калі яны бачаць, як японцы авалодваюць дасканала беларускай мовай за год, а многія зь беларусаў ня могуць навучыцца за ўсё жыцьцё?

Надзея Старавойтава: «Я працую зь беларускімі студэнтамі і з замежнікамі. Вось калі замежныя студэнты авалодваюць мовай на такім высокім узроўні, як тыя ж самыя японцы, якіх мы сёньня ўзгадвалі, я заўважаю зьмены і ў беларускіх студэнтаў. Калі пачынаеш расказваць, як японцы, кітайцы, амэрыканцы, палякі, чэхі размаўляюць па-беларуску, я назіраю, як і ў нашых студэнтаў адбываецца нейкая пераарыентацыя. Па-першае, выбіваецца глеба з-пад ног, у іх разбураюцца стэрэатыпы, што мова беларуская — гэта толькі тое, што ёсьць у вёсцы альбо ў літаратуры пра вёску. Яны бачаць, што мова беларуская можа быць цікавая камусьці яшчэ, у многіх паўстае пытаньне: „Калі японка вывучыла дасканала, што я, ужо нейкі апошні невук, не магу вывучыць мову?“ Проста нашу моладзь трэба, як кажуць, браць на понт вось такімі сродкамі і прыкладамі. І напрамак гэты — „Беларуская мова як замежная“, і прыклад замежнікаў — менавіта той сродак, які можа вярнуць беларускую мову самім беларусам. Таму што мы назіраем шмат прыкладаў, калі пад уражаньнем таго, як замежнікі авалодваюць беларускай мовай, нашы студэнты пачынаюць ёй цікавіцца таксама».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG