Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У праграме на новую пяцігодку, дакладзе Лукашэнкі на Ўсебеларускім народным сходзе шмат увагі ўдзялялася тэме інавацый, як чыньніку, які павінен забясьпечыць рывок эканомікі Беларусі. Было адзначана, што адной з першасных задач зьяўляецца павялічэньне долі высокатэхналягічнай вытворчасьці ў структуры эканомікі да 5% і сярднетэхналягічнай вытворчасьці — да 50%. Таксама адным з прыярытэтаў абʼяўлена інфарматызацыя. Увесь час з вуснаў афіцыйных асобаў мы чуем пра тое, што Беларусь выбрала «інавацыйны шлях разьвіцьця».

Пляны добрыя, але як яны стыкуюцца з рэальнасьцю? Вось у штогадовым дакладзе Нацыянальнага статыстычнага камітэту аб стане інавацыйнай дзейнасьці ў краіне канстатуецца, што доля інавацыйнай прадукцыі ў агульным абʼёме прадукцыі прамысловасьці склала ў 2015 годзе 13,1%. Пачынаючы з 2010 году гэта мінімальнае значэньне гэтага паказьніку.

Паводле агенцтва БелаПАН, на сэмінары, які праходзіў у траўні ў рамках Беларускага прамысловага форуму, начальнік галоўнага ўпраўленьня інавацыйнай і інвэстыцыйнай дзейнасьці Міністэрства прамысловасьці Валерый Фішман канстатаваў, што ў апошнія гады намецілася ўстойлівая тэндэнцыя зьніжэньня долі інавацыйнай прадукцыі прадпрыемстваў міністэрства. «Да чаго мы дакаціліся?.. Мы бачым, што доля інавацыйнай прадукцыі з году ў год падае. Мы ў лепшым выпадку знаходзімся сёньня па паказьніках інавацыйнага разьвіцьця на ўзроўні 2007–2008 гадоў», — зазначыў ён. Чыноўнік нагадаў, што ў 2012 годзе доля інавацыйнай прадукцыі прадпрыемстваў Мінпраму склала 41%. А ў 2015-м «мы ледзь-ледзь 22,5% назьбіралі», дадаў ён. «Інавацыйная прадукцыя проста не распрацоўваецца. Тая, якая тры гады таму лічылася інавацыйнай, скончылася, новай няма», — заявіў Фішман.

То бок на афіцыйным узроўні прызнаецца, што сёньня сытуацыя з інавацыямі ня проста дрэнная, а мае ўстойлівую тэндэнцыю да пагаршэньня.

Вялікія надзеі ўлады зьвязвалі ў гэтым сэнсе з Кітайска-беларускім індустрыяльным паркам «Вялікі камень». У сёлетнім выступе ў Нацыянальным сходзе з пасланьнем Лукашэнка адзначыў, што гэты тэхнапарк разам з Паркам высокіх тэхналёгій стане драйвэрам інавацыйнага разьвіцьця эканомікі. А што адбываецца насамрэч? Што зьбіраюцца выпрацоўваць зарэгістраваныя там кітайскія кампаніі? «„Цзюйсынь“ Солад Тэхналёгія» прыступіла летась восеньню да будаўніцтва заводу па вытворчасьці прадуктаў зь ячменю і соладу. Другая кампанія плянуе будаваць тут лягістычны цэнтар, калі казаць груба, вялікі склад. Кампанія «Зумліён» плянуе будаваць завод па вытворчасьці аўтакранаў і камунальнай тэхнікі. Якая гэта інавацыйная прадукцыя?

Існая беларуская сацыяльная мадэль, як калісьці савецкая, адпрэчвае інавацыю

Праблема тут больш глыбокая. Справа ў тым, што існая беларуская сацыяльная мадэль, як калісьці савецкая, адпрэчвае інавацыю. Нагадаю, што ў СССР адной з галоўных эканамічных праблем было пытаньне ўкараненьня («внедрения») дасягненьняў навукі ў вытворчасьць. Бо апошняя была не зацікаўленая ў навацыях. І што толькі не рабілі савецкія кіраўнікі, каб яе вырашыць. Выкарыстаньне дасягненьняў навукі ўносілі ў пляны, прымалі пастановы і рабілі спагнаньні дырэктарам прадпрыемстваў. Нічога не дапамагло, у выніку СССР прайграў Захаду эканамічнае спаборніцтва.

Дык вось у Беларусі сёньня абсалютна тая ж праблема. Для ілюстрацыі працытую фрагмэнт з пасланьня Лукашэнкі 21 красавіка: «Пры гэтым у нас заўсёды, яшчэ раз падкрэсьліваю, пра гэта казалі, была праблема: вось мы, навукоўцы, вынайшлі, а вось яны, Сямашка з прамыслоўцамі і Воўк або сяло, браць ня хочуць. Пытаньне вырашана проста — за ўсё адказвае кіраўнік Акадэміі навук. Калі ён вызначыў, што гэта прарыўныя тэхналёгіі створаны, ён перадаў ва ўрад і паказаў, хто (ці не ўказаў, хто) гэта будзе ў краіне рэалізоўваць, — гэта павінна рэалізоўвацца імгненна, неадкладна, без усялякіх аргумэнтаў і спрэчак! Не — даклад прэзыдэнту. Зразумелая тэхналёгія».

Тэхналёгія зразумелая, даўно вядомая з савецкіх часоў. То бок, адміністрацыйны прымус

Тэхналёгія зразумелая, даўно вядомая з савецкіх часоў. То бок, адміністрацыйны прымус. А прымус патрэбен толькі тады, калі эканоміка адпрэчвае інавацыі.

Акрамя таго, разбураная сыстэма адукацыі. У глябальным рэйтынгу ўнівэрсытэтаў сьвету няма беларускіх ВНУ.

Мне могуць запярэчыць. Але ж ёсьць значныя посьпехі. Выдатна разьвіваецца Парк высокіх тэхналёгій. ВПК выдае вельмі канкурэнтаздольную прадукцыю, напрыклад, ракетны комплекс «Паланэз».

Гэта як раз той выпадак, калі выключэньні пацьвярджаюць правіла. Парк высокіх тэхналёгій — гэта аазіс, у пэўным сэнсе афшор, куды ўлады ня лезуць, плянаў ім не даюць, праваахоўныя органы з праверкамі не кашмараць. Вы не паверыце, там нават няма ячэйкі БРСМ.

Што тычыцца ВПК. Адміністрацыйная сыстэма можа сканцэнтраваць рэсурсы на нейкім вузкім кірунку і зрабіць яго перадавым. У СССР таксама былі сфэры, дзе ён канкураваў з Захадам. Гэта ВПК і космас. Затое выпускаць джынсы і пазбавіцца ад дэфіцыту каўбасы эканоміка была няздольная. Да таго ж трэба заўважыць, што комплекс «Паланэз» распрацаваны ў супрацоўніцтве з кітайцамі.

Таму можна не сумнявацца, што з праграмай «інавацыя» адбудзецца тое самае, што з праектам «мадэрнізацыя».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG