Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму трох чалавек вырашылі расстраляць у адзін дзень?


За апошнія тры дні стала вядома пра выкананьне ў Беларусі трох сьмяротных прысудаў: былі расстраляныя Генадзь Якавіцкі, Іван Кулеш і Сяргей Хмялеўскі. Дакладная дата расстрэлу вядомая толькі ў выпадку Якавіцкага, гэта 5 лістапада. Праваабаронцы мяркуюць, што два іншыя расстрэлы маглі адбыцца ў той жа дзень.

«Мы толькі здагадваемся пра даты іншых расстрэлаў, бо шчыльна кантактуем са сваякамі, ведаем, калі былі апошнія лісты, апошнія сустрэчы», — кажа Свабодзе каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі» Андрэй Палуда.

Ён дадаў, што даты стануць вядомыя пазьней, калі сваякі расстраляных атрымаюць пасьведчаньні аб сьмерці, хоць пазначаныя там даты і могуць быць недакладнымі. Але, напрыклад, дата ў пасьведчаньні аб сьмерці Сяргея Іванова супала з тым, што распавядаў зь СІЗА Сяргей Хмялеўскі пра тое, калі з камэры пайшоў і не вярнуўся Іваноў.

Калі сапраўды трох чалавек расстралялі ў адзін дзень, чаму так сталася? Сапраўднай прычыны гэтага праваабаронцы ня ведаюць. Але гэта не ўнікальны выпадак, такая практыка ёсьць:

«Магчыма, гэта зьвязана з тым, што існуюць пэўныя захады для арганізацыі выкананьня сьмяротных прысудаў у нашай краіне, — кажа Палуда. — Прысуды выконваюцца ў Менску ў СІЗА № 1 на Валадарскага, мы маем сьведчаньні ад крыніцаў, што, каб захаваць сакрэтнасьць асобаў, якія прыводзяць у выкананьне сьмяротныя прысуды, робяцца захады, каб не было зразумела, хто з супрацоўнікаў належыць да „расстрэльнай каманды“. Магчыма, адразу трох вырашылі расстраляць менавіта з прычыны гэтых захадаў».

Андрэй Палуда

Андрэй Палуда

Палуда ня бачыць палітычнага моманту ў тым, што сьмяротныя прысуды былі выкананыя ў адзін час, і мяркуе, што амаль месяц выкананьне прысудаў наўмысна ўтойвалася. Ён згадвае, што сястра Хмялеўскага на мінулым тыдні прыходзіла па дазвол на спатканьне, а ёй казалі, нібы яшчэ рана і трэба прыйсьці на наступным тыдні. Тады яна папрасіла перадаць брату грошы — грошы ўзялі, хоць на той момант Хмялеўскі ўжо, хутчэй за ўсё, быў расстраляны. Потым грошы вярнулі.

«На мінулым тыдні была сурʼёзная эўрапейская дэлегацыя. Як чыноўнікі высокага рангу разьехаліся, адразу інфармацыя пачала выходзіць у сьвет», — кажа Палуда.

6 пытаньняў пра сьмяротную кару ў Беларусі

Праваабаронца адзначае, што ў Беларусі — апошняй краіне Эўропы, дзе выконваюцца сьмяротныя прысуды — даўно гучалі намёкі пра мараторый на сьмяротнае пакараньне. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка, які быў у працоўнай групе па вывучэньні аытаньняў сьмяротнага пакараньня, «як мантру» паўтараў, што «пытаньне сьмяротнага пакараньня — пытаньне часу», згадвае Палуда.

«Прадстаўнікі дзяржавы падтрымліваюць гэтае пытаньне на ўзроўні інфармацыйнай нагоды, таксама для перамоваў, — заяўляе праваабаронца. — Падаюць сыгнал таму жа Эўразьвязу, што „ўжо вось-вось, вось хутка, трошачку толькі не хапае, але абавязкова зробім“.

І многія прадстаўнікі Эўразьвязу і іншых структураў лічылі, што ў Беларусі так будзе. Адбылася канфэрэнцыя ў сакавіку, на якой быў [спэцыяльны прадстаўнік Эўразьвязу па правах чалавека Стаўрас] Ламбрынідзіс, сустракаўся ў тым ліку на самым высокім узроўні, казаў пра праблемы сьмяротнага пакараньня. А як чыноўнікі разьехаліся, праблема засталася, празь некалькі тыдняў быў выкананы сьмяротны прысуд адносна Іванова».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG