Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму саюзьнікі аднаўляюць мытную мяжу


Беларускія грузавіікі ў чарзе на санітарны кантроль пад Смаленскам

Беларускія грузавіікі ў чарзе на санітарны кантроль пад Смаленскам

На мяжы Беларусі і Расеі, якая яшчэ нядаўна лічылася «празрыстай», усьлед за расейскімі зьявіліся і беларускія кантрольныя пасты. Супрацоўнікі ў форме аглядаюць на прадмет кантрабанды транспартныя сродкі, якія рухаюцца ў абодвух кірунках. Што паслужыла падставай да аднаўленьня бар’ераў?

Гандлёвая вайна паміж саюзьнікамі пераходзіць у новую фазу. На ўмоўнай беларуска-расейскай мяжы з абодвух бакоў працуюць мытнікі, якія правяраюць перадусім фуры ды мікрааўтобусы. У адказ на фітасанітарныя пасты, выстаўленыя расейцамі на шляху магчымага рээкспарту заходняй прадукцыі пад выглядам беларускай, ад пачатку сьнежня Беларусь распачала праверку транспарту, які рухаецца з боку Расеі. Праўда, удакладняюць у Дзяржаўным мытным камітэце, пра шырокамаштабны агляд гаворка не ідзе, адбываецца «маніторынг» асобных транспартных сродкаў, прычым, грузавых. Займаюцца гэтым мабільныя пункты мытнага кантролю на адмысловых аўтамабілях.

Выстаўленыя на сайце ведамства справаздачы сьведчаць пра размах «маніторынгу». 3 сьнежня супрацоўнікі Віцебскай мытні спынілі для праверкі чатыры аўтамабілі, якія перавозілі рыбныя і мясныя вырабы агульнай вагой больш за 64 тоны. З-за невыкананьня вэтэрынарна-санітарных патрабаваньняў груз вернуты адпраўніку. 5 сьнежня ў Расонскім раёне спынены мікрааўтобус «Фальксваген», у якім грамадзянін Расеі спрабаваў правезьці кантрабандай у Беларусь 400 літраў этылавага сьпірту і паўтысячы пакункаў цыгарэт. 6 сьнежня з-за неадпаведнасьці маркіроўкі пакункаў была адпраўленая назад расейская фура з 20 тонамі бананаў. Агулам за пяць апошніх дзён спыненыя 86 грузавых аўтамабіляў з агульнай вагой тавараў звыш 1 тысячы тон. Па 15 фактах пачаты адміністрацыйныя працэсы. Большая частка парушэньняў зьвязана з адсутнасьцю дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць тавару.

Расейскія грузаперавозчыкі асаблівага ўскладненьня дзейнасьці ад захадаў беларусаў пакуль не адчулі. Як кажа кіраўнік Маскоўскай рэгіянальнай акругі Расейскай асацыяцыі перавозчыкаў Алег Гагай, пад Новы год заўжды павялічваецца таварна-транспартны паток, у якім намагаюцца «растварыцца» нядобрасумленныя пастаўшчыкі. Апроч таго, кіраўніцтва Беларусі абавязалася спыніць «шэрыя» схемы і, як лічыць суразмоўца, прынамсі дзеля прыстойнасьці трэба ствараць выгляд барацьбы з рээкспартам:

«Ня думаю, што гэта асымэтрычныя меры. Тавар, які забаронены да ўвозу, ідзе транзытам, афармляецца транзыт. У нас заканадаўства такое, што ўсе спрабуюць знайсьці „пралазы“. Дык вось тавар з Польшчы — скажам, яблыкі — ідзе транзытам на Казахстан. Там іх размытняюць, і яны вяртацца назад у Беларусь. То бок машыны туды-сюды ганяюць, на яблыкі з Казахстану ў Беларусі перарабляюць дакумэнты, і ўрэшце яблык як беларускі ідзе назад у Расею.

Не выключаю, што насамрэч кантроль спэцыяльна выстаўлены са згоды як самой Расеі, так і Беларусі

Што да аднаўленьня мытні, то народ пусьціў чуткі, але ня болей. Натуральна, напярэдадні Новага году масава ідзе завоз тавару — перад сьвятамі ўсе хочуць зарабіць грошай. Усе мы людзі, кожны хоча зарабіць хутка і шмат. Таму сытуацыя збольшага зразумелая. Думаю, прастаяць у лепшым выпадку да Новага году, пасьля чаго ўсё прыбярэцца, бо пачнуць дзейнічаць зусім іншыя тарыфы, правілы, законы, якія набудуць сілу ад 1 студзеня. Не выключаю, што насамрэч кантроль спэцыяльна выстаўлены са згоды як самой Расеі, так і Беларусі. Вашы ставяць свае пасты, нашы — свае, каб хоць крыху спыніць транзыт тавару сумнеўнага паходжаньня. Бо, яшчэ раз кажу, паток перад сьвятамі істотна павялічваецца».

У любым выпадку, зьяўленьне мабільных ці часовых пастоў супярэчыць самой ідэі Мытнага саюзу, які, уласна кажучы, і ствараўся дзеля таго, каб скасаваць усе абмежаваньні. Супярэчнасьці ў рэаліях і заканадаўчых нормах ацэньвае палітычны аглядальнік Вадзім Казначэеў:

«Калі браць увогуле, дык гэткая сытуацыя здарылася не ўпершыню. І ў дадзеным выпадку гэта таксама не зьнянацку рабілася. Лукашэнка ўжо некалькі разоў зь непрыхаванай крыўдай казаў, што расейскае кіраўніцтва паводзіць сябе не па-сяброўску, ня так, як трэба ў саюзе, — маўляў, што ж гэта такое. Таму нечага падобнага трэба было чакаць. А ўжо ў якія канкрэтныя формы гэта выліваецца — ну дык гэта па-рознаму бывае. Але ж так было заўсёды: і на ўзроўні рыторыкі, і на ўзроўні нейкіх дзеяньняў. Не адзін жа раз мелі месца мясныя, малочныя, нафта-газавыя войны. Вось гэта акурат з таго самага шэрагу».

Ці не перашкодзяць асабістыя крыўды вышэйшых кіраўнікоў будаваць іншыя наддзяржаўныя ўтварэньні? Ад 1 студзеня маецца запрацаваць Эўразійскі эканамічны саюз у складзе ўсё тых жа гульцоў — Расеі, Беларусі, Казахстану. Цяперашні досьвед Мытнага саюзу даказвае, што існаваць па-за кантэкстам добрых ці дрэнных адносінаў паміж прэзыдэнтамі падобныя ўтварэньні ня могуць. Працягвае Вадзім Казначэеў:

«Рэч у тым, што з аўтарытарнымі рэжымамі звычайна так не бывае. Сказанае слушна хутчэй для дэмакратычных краінаў з адладжанымі палітычнымі сыстэмамі, дзе сапраўды асабістыя адносіны паміж кіраўнікамі не зьяўляюцца вырашальным фактарам. Тут гэты фактар, канечне, значна больш істотны. Таму я б ня ўзяўся прагназаваць, што гэта будзе ісьці незалежна ад гэтых крыўдаў і, хутчэй за ўсё, у выніку — будзе ўплываць. Іншая рэч, што могуць неяк „разруліць“ гэтую сытуацыю, як іх заўсёды звычайна і „разрульвалі“. Але на дадзены момант я ня думаю, што там будзе працягвацца нешта істотнае ў галіне гэтага новага саюзу. Тым больш, што ён сам па сабе зьяўляецца даволі дзіўным утварэньнем».

Тым часам у Маскве працягваюцца перамовы наконт аднаўленьня паставак з паўтара дзясятка беларускіх малочных і мясных камбінатаў, у прадукцыі якіх нібыта знойдзеныя антыбіётыкі і шкодныя мікраарганізмы. Беларускі бок спадзяецца, што абмежаваньні будуць зьнятыя ўжо бліжэйшымі днямі, у Маскве прагнозаў на гэты конт пакуль ня робяць.

XS
SM
MD
LG