Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму рынкі пустыя і ці не капрызяць ІП? 12 пытаньняў пра пратэст прадпрымальнікаў


Свабода шукала адказы на пытаньні, зьвязаныя з крызісам вакол указу нумар 222. Ацэнкі зробленыя на падставе заяваў і тлумачэньняў лідэраў «Пэрспэктывы», індывідуальных прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў уладаў.

Свабода шукала адказы на пытаньні, зьвязаныя з крызісам вакол указу нумар 222. Ацэнкі зробленыя на падставе заяваў і тлумачэньняў лідэраў «Пэрспэктывы», індывідуальных прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў уладаў.

Рынкі не працуюць толькі ў мяне?

Не.

Прадпрымальнікі не выходзяць на працу па ўсёй Беларусі. Рынкі і гандлёвыя цэнтры на момант публікацыі пустыя ў Менску, у Магілёве, у Віцебску, у Гомелі, у Слоніме — хіба ня ў кожным беларускім горадзе. Як сьцьвярджае грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва», на працу ня выйшлі 90% прадаўцоў нехарчовых тавараў. На рынках, як кажуць самі прадпрымальнікі, засталіся тыя, хто браў тавары не з краінаў Мытнага саюзу і меў на іх сэртыфікаты, а таксама тыя, хто працягвае працаваць па-старому, спадзеючыся на адсутнасьць праверак у сьвяточныя дні.

У прадпрымальнікаў выходныя і ўсё скончыцца пасьля сьвятаў?

Не.

Для прадпрымальнікаў пачатак году, калі ў большасьці людзей выходныя, — гэта час актыўных продажаў. Хто траціць падораныя грошы, хто купляе падарункі на праваслаўныя Каляды, а хто проста выкарыстоўвае выходныя для закупаў. Прадпрымальнікі гэта ведаюць, але сьвядома спыняюць працу. Што рабіць далей і ці выходзіць на працу наогул, яны зьбіраюцца вырашыць на скліканым «Пэрспэктывай» Антыкрызісным форуме 11 студзеня. Пачатак форуму а 12 гадзіне, месца — гатэль «Беларусь» у Менску.

Прадпрымальнікі выйдуць на Плошчу, будзе Майдан?

Гэта невядома.

Пакуль пратэсты носяць пасіўны характар. Некаторыя прадпрымальнікі кажуць, што яны не палітычныя, а выключна эканамічныя. У звароце да кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта і прэм’ер-міністра «Пэрспэктыва» заклікае ўлады правесьці перамовы з прадпрымальнікамі на Антыкрызісным форуме «ў мэтах вырашэньня вострага канфлікту», але не пагражае мітынгамі, толькі кажа пра «непрадказальныя нэгатыўныя наступствы для эканомікі краіны і агулам для беларускага грамадзтва». Хоць слонімскія прадпрымальнікі заявілі, што зьбіраюцца прапанаваць на Антыкрызісным форуме марш ад Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Гэта «Пэрспэктыва» арганізавала пратэсты? Яны апазыцыя?

Не.

Аб’яднаньне не арганізуе і не каардынуе прыпыненьне працы і мясцовыя сходы, толькі сочыць за імі, зьбірае і публікуе інфармацыю. Людзі самі не выходзяць на працу і ладзяць мясцовыя сходы, іх не заклікае ані «Пэрспэктыва», ані, напрыклад, БНФ ці АГП. Старшыня «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка дапускае, што ведае далёка не пра ўсе сходы па Беларусі — ён адказны за лісты да ўладаў і Антыкрызісны форум, але не за мясцовыя сходы. Ён абяцае, што па выніках Антыкрызіснага форуму «як людзі вырашаць, так і будзе», арганізацыя ня стане накідаць прадпрымальнікам рашэньні «зьверху».

«Пэрспэктывай» кіруюць прадпрымальнікі?

І так, і не.

Пасьля пратэстаў прадпрымальнікаў у 2002 годзе была створаная Аб’яднаная рада прадпрымальнікаў, на базе якой утварылася «Пэрспэктыва». Хоць яна сама складаецца з прадпрымальнікаў, яе старшыня Анатоль Шумчанка ўжо не займаецца прадпрымальніцкай дзейнасьцю. Як ён распавёў Свабодзе, больш за 10 год таму ён перастаў займацца бізнэсам: «Як бы я мог абараняць прадпрымальнікаў, калі б у мяне быў бізнэс? — пытае ён. — Я хачу адстойваць інтарэсы прадпрымальнікаў, а каб гэта рабіць, трэба максымальна сябе лічыць непрыступным для нападаў. І тое, што ў мяне бізнэсу няма, гэта мая перавага».

Анатоль Шумчанка падчас пратэстаў прадпрымальнікаў у 2013 годзе

Анатоль Шумчанка падчас пратэстаў прадпрымальнікаў у 2013 годзе

Што не падабаецца прадпрымальнікам?

Яны патрабуюць скасаваць указ № 222.

Паводле яго яны мусяць мець дакумэнты, якія б пацьвярджалі легальнае набыцьцё тавараў — у тым ліку і тых, якія паходзяць з Мытнага саюзу (у асноўнай масе — з Расеі). Таксама яны пратэстуюць супраць указу № 666, паводле якога ці ня кожную партыю тавару, незалежна ад аб’ёмаў, трэба аддаваць на санітарна-гігіенічную экспэртызу, нават калі такая экспэртыза праводзілася ў краіне, адкуль паходзіць тавар. Акрамя таго, яны патрабуюць зьменшыць для ІП стаўку адзінага падатку, «пакуль зарплата па краіне ня стане складаць 1000 даляраў», накласьці на 5 год мараторый на канфіскацыі і праверкі ІП, якія займаюцца розьнічным гандлем, зьменшыць штрафы на 50% і гэтак далей. Усе патрабаваньні — тут.

Чаму прадпрымальнікі ня хочуць выконваць указы?

Бо ня могуць.

Прынамсі, так яны сьцьвярджаюць. Калі стала вядома пра ўказ № 222, яны пачалі спробы атрымаць адпаведныя дакумэнты ад пастаўшчыкоў з Расеі, але сьцьвярджаюць, што тыя пастаўшчыкі ці проста адмаўляюцца выдаваць дакумэнты, ці выдаюць фальшывыя. Адносіны буйных крамаў, гандлёвых сетак ці гіпэрмаркетаў з пастаўшчыкамі тавараў зусім інакшыя, дый тавары там прадаюцца часьцей за ўсё іншыя. Зь невядомых прычынаў у краінах Мытнага саюзу не змаглі адаптавацца да новых нормаў беларускага рынку адносна індывідуальных прадпрымальнікаў.

Далоў расейскае, яны ж могуць прадаваць іншыя тавары?

Не зусім.

Прадпрымальнікі, якія прадаюць беларускія тавары — як Symbal.by, «Беларуская прастора» ці «Рагна», — не прыпынялі працу. Працуюць і буйныя крамы з тым жа замежным адзеньнем. Але рынкі і дробныя павільёны ў гандлёвых цэнтрах — іншая цэнавая катэгорыя. Тавары, якія пастаўляліся без сэртыфікатаў з Мытнага саюзу, будзь яны насамрэч хоць турэцкімі, хоць кітайскімі, карысталіся попытам дзякуючы, сярод іншага, нізкім цэнам. Па больш дарагія, хай сабе і сэртыфікаваныя тавары пакупнікі да іх могуць і не прыйсьці.

Гандляры сыдуць у інтэрнэт?

Наўрад ці.

Можа, малая іх частка вырашыць сысьці ў анлайн-гандаль, але большасьці гэта не прынясе выгады. Праз інтэрнэт, вядома, можна замовіць любыя тавары хоць з-за акіяну. Але для інтэрнэт-крамаў у Беларусі дзейнічаюць практычна тыя ж правілы, што для афлайн-крамаў, інтэрнэт-крамы таксама павінны прадстаўляць сэртыфікаты і чэкі, плаціць падаткі. Да таго ж цішотку ці боты праз інтэрнэт не прымераеш, таму шмат хто па адзеньне ходзіць ня ў сеціва. Ня кажучы пра тое, што перавучыцца на зусім іншую бізнэс-мадэль змаглі б ня ўсе.

Тавары будуць, як тое рабілі ў Расеі, паліць у печах і душыць бульдозэрамі?

Не.

Самім прадпрымальнікам дазволена выкарыстоўваць нераспрададзеныя тавары ў асабістых мэтах, для сям’і, але не ў камэрцыйных мэтах. Мабыць, цяпер «незаконныя» тавары можна аддаць і ў дзіцячыя дамы ці цэрквы. Зьнішчаць іх не абавязкова. А калі будзе выяўлена, што нехта прадае тавары без сэртыфікатаў, тыя тавары канфіскуюць. Хутчэй за ўсё, гэтыя тавары будуць прадавацца гэтаксама, як і іншы канфіскат — як «маёмасьць, абернутая ў прыбытак дзяржаве».

Улады ішлі на кампрамісы?

Так, але не на тыя.

Задоўга да таго, як новыя правілы набылі сілу, прадпрымальнікі выказвалі незадаволенасьць, але ўлады не мянялі сутнасьць новых правілаў — толькі адкладалі дату. Апошні раз загадам Лукашэнкі набыцьцё новымі правіламі сілы перанесьлі з 1 сакавіка 2015 году на 1 студзеня 2016-га. Гэта адбылося пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадпрымальнікамі на менскім «Экспабеле» — але тады на сустрэчу пусьцілі толькі «правільных» прадпрымальнікаў.

Што цяпер улады думаюць пра пратэсты?

Падобна, што ігнаруюць і чакаюць «адмашкі зьверху».

Старшыня «Пэрспэктывы» стэлефаноўваўся з намесьніцай міністра эканомікі Ірынай Касьцевіч. Паводле ягоных словаў, тая «не заўважыла» пратэстаў на выходных і «не разумее, чаму ў нас такі народ», але прызнала, што «перажывае і заклапочаная гэтай сытуацыяй». Апытаныя ж Свабодай дэпутаты Палаты прадстаўнікоў упэўнена кажуць, што «той вольніцы, якая была ў прадпрымальнікаў у 90-х, больш ня будзе». На дзяржаўным ТБ прадпрымальнікам пакуль вырашылі не даваць слова.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG