Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сталінская мадэрнізацыя патрабуе і сталінскіх мэтадаў» або Чаму правалілася мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі?


Аляксандар Лукашэнка правёў чарговую нараду па сытуацыі ў дрэваапрацоўчай галіне. Чаму правалілася мадэрнізацыя ў гэтай сфэры? Ці можа дзяржава ў прынцыпе ажыцьцявіць падобны праект? Ці здолее Банк разьвіцьця ўратаваць беларускую дрэваапрацоўку?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і эканаміст Сяргей Чалы.

Прычыны краху мадэрнізацыі дрэваапрацоўкі

Валер Карбалевіч: «У чацьвер Лукашэнка правёў чарговую нараду па, здаецца, вечным пытаньні — як уратаваць дрэваапрацоўчую галіну. Такія нарады сталі ў Беларусі ўжо рэгулярнымі. „Спадзяюся, на гэтым узроўні падобная размова будзе апошняй“, — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы растлумачыў лёгіку, якой ён кіраваўся, калі даў загад распачаць мадэрнізацыю галіны. Маўляў, трэба больш выкарыстоўваць сваю сыравіну. А тут шмат лесу, не пасьпяваем перапрацоўваць.

І ў 2007 годзе было прынятае рашэньне аб мадэрнізацыі дзевяці дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў. На гэта была зробленая вялікая стаўка. Так беларуская мадэль адказала на крызісныя зьявы ў эканоміцы. Маўляў, без аніякіх рынкавых рэформаў мы ўсім пакажам, як трэба працаваць.

Былі прынятыя якія толькі магчыма надзвычайныя меры. Прызначаныя самыя лепшыя кадры. Грошай атрымалі, колькі хацелі, у суме выйшла больш за 1 млрд эўра.

За рэалізацыю праекту ў дрэваапрацоўчай галіне ўзяўся асабіста Аляксандар Лукашэнка, ён езьдзіў па прадпрыемствах, разганяў кадры, аддаваў дырэктараў пад суд. Але ўсё закончылася бясслаўна. Чаму?»

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Барыс Жаліба: «Гэта вынік камандна-адміністратыўных мэтадаў кіраваньня. Тэхнічная мадэрнізацыя гэтых прадпрыемстваў часткова адбылася. Але ці самае сучаснае там абсталяваньне? У любым выпадку вынікаў няма.

Праблема ў тым, што дырэктар — не гаспадар свайго прадпрыемства, у яго зьвязаныя рукі. Ён найманы мэнэджэр. Вельмі паказальная гісторыя дырэктара заводу „Барысаўдрэў“ Мальцава, якога пасадзілі ў турму».

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Сяргей Чалы: «Сама ідэалёгія гэтага праекту сумнеўная. Мадэрнізацыя разумелася як укладаньне грошай у станкі і новыя карпусы. Але трэба было пачынаць не з вытворчасьці, а са збыту. І атрымалася, што толькі ў 2–3 прадпрыемстваў ёсьць нейкія рынкі збыту. То бок праблема дзяржаўных інвэстыцыяў у тым, што дзяржава ўкладае не паводле рынкавых правілаў, а туды, куды ёй хочацца.

Глядзіце, дзе мадэрнізацыя атрымалася? У сельскай гаспадарцы і нафтаперапрацоўцы. То бок у тых галінах, дзе няма праблемы пошуку рынкаў збыту, бо яны бязьмежныя. Акрамя таго, мадэрнізацыя, якая нагадвае сталінскую мадэрнізацыю, патрабуе і сталінскіх мэтадаў кіраваньня працоўнымі рэсурсамі».

Карбалевіч: «Дык Лукашэнка ж спрабаваў. Ён сваім дэкрэтам забараніў звальняцца работнікам дрэваапрацоўчай галіны да завяршэньня мадэрнізацыі. Незалежныя СМІ назвалі гэта ўвядзеньнем у Беларусі „прыгоннага права“».

Чалы: «Так. І яшчэ. Прадпрыемствы дрэваапрацоўкі атрымлівалі льготныя крэдыты. І дырэктары выкарыстоўвалі гэтыя халяўныя грошы на бягучыя патрэбы. І грошы былі праедзены».

Чаму ў Беларусі неэфэктыўны найманы мэнэджэр?

Карбалевіч: «Сп. Жаліба, вы сказалі, што праблема беларускіх прадпрыемстваў палягае ў дзяржаўнай уласнасьці. Маўляў, калі б дырэктар быў гаспадаром прадпрыемства, то не было б праблемаў. А ён толькі найманы мэнэджэр. Але справа ў тым, што ў рынкавай эканоміцы гаспадар рэдка выконвае функцыю мэнэджэра. Там мэнэджэр таксама найманы. У чым жа розьніца?»

У нас дырэктар можа лёгка сесьці ў турму за дрэннае гаспадараньне. І гэта зьвязвае яму рукі

Жаліба: «У нас дырэктар можа лёгка сесьці ў турму за дрэннае гаспадараньне. І гэта зьвязвае яму рукі. А ў рынкавай эканоміцы, калі гаспадару не падабаецца мэнэджэр, то ён яго замяняе. Таму патрэбная прыватызацыя».

Чалы: «Праблема ня ў тым, хто гаспадар, а ў сыстэме стымулаў. І дзяржпрадпрыемства ў рынкавых умовах можа працаваць эфэктыўна.

Праблема нашых дырэктараў палягае ў тым, што любое інвэстыцыйнае рашэньне прымаецца ва ўмовах нявызначанасьці. Толькі празь нейкі час высьвятляецца, ці было яно ўдалым. І калі вядомыя вынікі, прыходзіць Камітэт дзяржаўнага кантролю і кажа, што калі б ты прыняў іншае рашэньне, выбраў іншага пастаўшчыка, то вынік быў бы лепшы. А так ты нанёс шкоду дзяржаве. І ў турму яго. Дарэчы, казус Мальцава цікавы тым, што, як вынікае з матэрыялаў судовай справы, ён самастойна не прыняў ніводнага інвэстыцыйнага рашэньня».

Карбалевіч: «Дадам, што ня толькі Камітэт дзяржкантролю, але і КДБ, і Сьледчы камітэт, і МУС, і іншыя кантрольныя органы могуць пацягнуць дырэктара ў турму».

Ці здолее Банк разьвіцьця ўратаваць беларускую дрэваапрацоўку?

Карбалевіч: «Як ацаніць вынікі нарады? Паведамляецца, што Аляксандар Лукашэнка прыняў рашэньне аб перадачы актываў базавых прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі Банку разьвіцьця. Ва ўсялякім разе, актывы трох прадпрыемстваў. Што гэта дасьць? Гэта рашэньне праблемы? Ці няўдалы экспэрымэнт працягваецца?»

Жаліба: «Лічу, што гэта працяг няўдалага экспэрымэнту. Гэта вынаходжаньне чарговага беларускага ровара. Дзе вы бачылі, у якой краіне, што нерэнтабэльнае прадпрыемства перадаецца банку? А ў нас і калгасы перадаюцца банкам. Сыстэма не мяняецца».

Чалы: «Сэнс рашэньня на нарадзе палягае не ў выратаваньні дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, а ў выратаваньні банкаў ад дрэнных даўгоў. Фактычна крэдыты, якія камэрцыйныя банкі павыдавалі гэтым прадпрыемствам, цяпер перадалі Банку разьвіцьця. Прычым гэты банк не хацеў браць усе даўгі, а толькі тых трох прадпрыемстваў, якія былі больш пасьпяховымі. А астатнім выплату крэдытаў адтэрмінавалі да 2030 году. Гэта значыць, што яны тыя крэдыты ня вернуць ніколі».

Карбалевіч: «Хоць Лукашэнка і назваў такую нараду апошняй, але верыцца цяжка».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG