Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не выконваюцца Менскія пагадненьні


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Пасьля амаль месячнага перапынку ў Менску адбылося чарговае паседжаньне кантактнай групы па ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. Прадстаўніца АБСЭ Гайдзі Тальявіні заявіла пра прагрэс на перамовах, гаварыла пра больш канструктыўную атмасфэру. А вось прадстаўнікі ДНР і ЛНР заўважылі, што па некаторых пунктах з Украінай іх погляды «вельмі разыходзяцца».

Тым часам у раёне гораду Мар’інкі ідуць баі.

Адразу пасьля саміта «Менск-2» 11–12 лютага я скептычна ацэньваў пэрспэктывы рэалізацыі падпісаных тады пагадненьняў. Бо ў самім дакумэнце былі закладзены міны, якія цяпер пачынаюць выбухаць. Высокія палітыкі, якія сабраліся на той гістарычны начны саміт, не маглі зьехаць, не падпісаўшы нейкую дамову. Бо гэта была б страта твару. Прычым для ўсіх удзельнікаў. Таму пытаньне стаяла так: трэба падпісаць хоць што-небудзь. Вось і падпісалі.

Праблема ў тым, што ў той частцы пагадненьня, якая тычыцца палітычнага ўрэгуляваньня крызісу на ўсходзе Ўкраіны, фармулёўкі дакумэнту вельмі неканкрэтныя. Зразумела, гэта вынік кампрамісу. Дзеля таго, каб можна было заявіць пра дыпляматычны посьпех.

Але як толькі прыступілі да перамоваў аб рэалізацыі падпісаных пагадненьняў, то пачалася вайна інтэрпрэтацыяў. Кожны бок трактаваў дакумэнт на сваю карысьць. І недакладныя фармулёўкі даюць для гэтага вялікую прастору.

Вось, напрыклад, пытаньне пра канстытуцыйную рэформу, якая павінна надзяліць рэгіёны Ўкраіны, і найперш тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей, большай аўтаноміяй. Дзеля гэтага трэба весьці перамовы з прадстаўнікамі гэтых рэгіёнаў. З улікам таго, што Кіеў не прызнае ДНР і ЛНР, узьнікае праблема: з кім весьці перамовы, хто іхнія прадстаўнікі?. Паводле лёгікі, там спачатку павінны прайсьці дэмакратычныя выбары.

Пункт 4 Менскіх пагадненьняў утрымлівае патрабаваньне «пачаць дыялёг аб мадальнасьці правядзеньня мясцовых выбараў» на тэрыторыі цяперашніх ДНР і ЛНР. Зноў жа пытаньне: дыялёг з кім? Дакумэнт прадугледжвае, што мясцовыя выбары ў ДНР і ЛНР павінны прайсьці паводле ўкраінскіх законаў. Але як гэта зрабіць, калі ўкраінская дзяржава ня мае магчымасьці кантраляваць гэты працэс на тэрыторыі самаабвешчаных рэспублік?

Паколькі пазыцыі бакоў вельмі адрозныя, то ўяўляецца, што ў агляднай будучыні палітычнага ўрэгуляваньня сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны чакаць не выпадае. Тупік. Калі зыходзіць з рэальнасьці, то аптымальным варыянтам на сёньняшні дзень было б замарожваньне канфлікту. Гэта значыць, захоўваецца палітычнае статус-кво, але бакі спыняюць вайну, перастаюць страляць, адводзяць войскі і ўзбраеньні на пэўную адлегласьць ад лініі сутыку. ДНР і ЛНР апынуліся б у статусе Прыднястроўя. То бок — нікім не прызнаныя тэрыторыі, якія існуюць дзякуючы дапамозе Расеі.

Але, каб разьвесьці бакі, патрэбныя міратворчыя сілы пад эгідай ААН. Як можна меркаваць, Украіна ня супраць. Але рашэньне блякуе Расея.

Сытуацыя замарожанага канфлікту нявыгадная Маскве

Бо сытуацыя замарожанага канфлікту нявыгадная Маскве. Па-першае, таму, што трэба браць на доўгі час на сваё ўтрыманьне 1,5–2 млн жыхароў ДНР і ЛНР. А эканамічная сытуацыя ў Расеі цяпер ня вельмі добрая.

Па-другое, ЗША і ЭЗ рашуча заяўляюць, што пакуль не адбудзецца палітычнага ўрэгуляваньня на ўсходзе Ўкраіны, эканамічныя санкцыі адносна РФ захаваюцца. То бок Масква апынецца пад санкцыямі на гады, а можа і дзесяцігодзьдзі. Зразумела, гэта Крэмль ня грэе.

Таму тое, што цяпер робяць сэпаратысты пад Мар’інкай, — гэта прымушэньне да міру. Нагадаю, што якраз так называлася вайсковая апэрацыя Расеі супраць Грузіі ў 2008 годзе. У канцы жніўня — пачатку верасьня 2014 г., напярэдадні саміта «Менск-1», расейскія войскі і сэпаратысты перайшлі ў наступ, каб прымусіць Украіну пайсьці на перамовы. 24 студзеня сёлета прарасейскія сілы зноў правялі наступ, зладзілі акружэньне вакол Дэбальцава, у выніку стаў непазьбежным саміт «Менск-2». І вось цяпер гісторыя паўтараецца — паводле таго самага сцэнару.

Наступным тыднем павінна адбыцца чарговае паседжаньне кантактнай групы. Менск — горад гасьцінны.

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў ва Ўкраіне

Сытуацыя ў зоне баявых дзеяньняў ва Ўкраіне

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG