Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму не пакаралі віртуальнага сэксуальнага тэрарыста?


Ілюстрацыйнае фота ­©Shutterstock

Ілюстрацыйнае фота ­©Shutterstock

Гісторыя маральнага зьдзеку, у якой праваахоўныя органы хутка знайшлі вінаватага, але ніяк не пакаралі яго, адмовіўшыся заводзіць крымінальную справу.

Пасьля трох месяцаў разбораў выявілася, што міліцыя і пракуратура ня ведаюць, у чым абвінаваціць віртуальнага парнографа, які рассылаў непрыстойныя здымкі незнаёмай жанчыне.

«Не магу зразумець, чым заслужыла такую «радасьць»

Пры канцы жніўня жыхарка Менска Кацярына Б. пачала атрымліваць ад ананімнага «добразычліўца» непрыстойныя фота і відэа. Невядомы «залётнік» выявіўся настырным — не шкадаваў трафіку і дэманстраваў разгул сваёй фантазіі. Кацярына ж знаходзілася на апошнім месяцы цяжарнасьці, і моцна нэрвавалася з-за ягоных дамаганьняў і абразаў. Настойлівыя просьбы Кацярыны пакінуць яе ў спакоі толькі распальвалі інтэрнэт-эксгібіцыяніста, кажа пакрыўджаная жанчына:

«Пачалося гэта каля трох месяцаў таму, я была яшчэ цяжарная. Дагэтуль не магу зразумець, чым заслужыла такую „радасьць“. У мяне была старая вэрсія viber, якая не давала магчымасьці заблякаваць навязьлівага абанэнта. Я сядзела, безвынікова тыкалася, але зусім не разумела, як і што зрабіць. Толькі празь некалькі дзён вярнуўся з камандзіроўкі муж і нарэшце дапамог заблякаваць гэтую „прыгажосьць“. Перазагрузіў мне новую вэрсію viber, у якой ужо была функцыя „заблякаваць“. То бок, празь некалькі дзён пасьля пачатку гісторыі. Потым кажа: слухай, трэба пісаць заяву. Мне гэтага зусім не хацелася, не да таго было, але ўрэшце ўгаварыў. І пачалася новая эпапэя...»

Паставіўшы сябе на месца дзьвюх сваіх дачок, таксама не застрахаваных ад падобных сюрпрызаў, і з намерам стварыць прэцэдэнт, Кацярына зьвярнулася з заявай у Савецкі РУУС Менску. У міліцыі зафіксавалі viber-перапіску, уключна з ілюстрацыйнай часткай, папрасіўшы яе доказы не зьнішчаць.

«Матэрыялаў — куча, а на крымінальную справу не пацягнула»

Ідэнтыфікаваць нядобразычліўца вялікай складанасьці ня склала — у Кацярыны адбіўся нумар, зь якога ліліся непрыстойныя фота і відэа. Ананімам аказаўся нежанаты 39-гадовы жыхар Гарадку Віцебскай вобласьці Дзьмітрый Б. Для сваіх непрыстойных дзеяньняў ён карыстаўся тэлефонам маці. Ва ўчыненым ён адразу прызнаўся міліцыі, але міліцыя справы не завяла, кажа Кацярына:

«Як у нас міліцыя з гэтым працуе — размова асобная. Дачцэ быў тыдзень, я фактычна толькі выйшла з радзільні. Муж сядзеў з малечай у машыне, а сьледчы тры гадзіны мяне марынаваў у сябе ў кабінэце. Перапісваў з тэлефона, фатаграфаваў, потым я яму нешта яшчэ перасылала. Тры гадзіны з усім гэтым важдаўся. Я ў сьлязах выходзіла, калі ён нарэшце мяне адпусьціў. Прайшло пару тыдняў, пазваніў іншы сьледчы, ужо з Гарадку, і ашаломіў: вы прыходзілі ў Савецкі РУУС, дык вось усё гэта было дарэмна. Менскі сьледчы няправільна ўсё склаў, будзем перарабляць, прашу толькі не выдаляць усю тую „прыгажосьць“ з тэлефона. Па-сутнасьці на тым усё і спынілася. Як аказалася, гэта быў апошні званок: тое, што было дагэтуль, дарэмна, нічога не выдаляйце, будзем працаваць далей. На тым усё скончылася, і неўзабаве мы атрымалі адпіску: за недаказанасьцю справа закрытая. Вось і ўсё».

Пастанова пра адмову ў завядзеньні крымінальнай справы падпісаная старшым опэрупаўнаважаным Гарадоцкага РАУС маёрам П. А. Сівіцкім. Сам ён на кантакт з карэспандэнтам Свабоды не пайшоў, спаслаўшыся на адсутнасьць паўнамоцтваў даваць камэнтары прэсе. Тым ня менш, у дакумэнце ўказваецца, што падчас праверкі атрыманыя зьвесткі, што мабільны тэлефон, з абанэнцкага нумара якога адпраўляліся смс-паведамленьні з парнаграфічнымі карцінкамі, знаходзіўся ў Гарадку. Тэлефонам карыстаўся грамадзянін 1975 году нараджэньня, які пражываў па выяўленым адрасе разам з маці. Падчас агляду кватэры тэлефон быў канфіскаваны. Мужчына прызнаўся, што выходзіў у інтэрнэт і з дапамогай праграмы viber адсылаў невядомай жанчыне смс-паведамленьні, фотаздымкі і відэаролікі парнаграфічнага зьместу. Нягледзячы на папярэдняе прызнаньне, запатрабаваліся дадатковыя «праверачныя мерапрыемствы і сьледчыя дзеяньні». Экспэртыза радыёэлектронных прыстасаваньняў прызначаная на трэцюю дэкаду лютага 2015 году, але за тры месяцы да гэтага часу пастанова засьведчыла: склад злачынства ў дзеяньнях Дзьмітрыя Б. адсутнічае, у завядзеньні крымінальнай справы па факце распаўсюду матэрыялаў парнаграфічнага характару — адмовіць.

«Пасьля візыту міліцыі эксгібіцыяніст зноў зьявіўся ў сеціве»

Дзеля справядлівасьці, фармальна міліцыя яшчэ пакідае поле для манэўру — у тым выпадку, калі пасьля экспэртызы ўсплывуць абставіны, якія ўкажуць на наяўнасьць складу крымінальнай дзеі. Тады сьледчы нібыта зможа хадайнічаць перад пракурорам Гарадоцкага раёну аб скасаваньні згаданай пастановы і пачатку крымінальнай справы. Пакуль жа ў міліцыі няма падставаў лічыць, што атрыманыя Кацярынай выявы адносяцца да матэрыялаў парнаграфічнага характару.

З этычных меркаваньняў мы ня можам надрукаваць перасланыя Кацярыне фатаграфіі нават з выкарыстаньнем рэтушы, каб чытачы самі маглі пераканацца ў парнаграфічным характары. Але мы паказалі гэтыя матэрыялы аўтарытэтнаму спэцыялісту.

Менскі псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі, лекар-псыхіятар І катэгорыі, перакананы, што ўсё, што Дзьмітрый пасылаў Кацярыне, зьяўляецца парнаграфіяй. Але ў цяперашніх прававых умовах прыцягнуць за гэта да адказнасьці будзе цяжка, мяркуе спадар Дзернакоўскі.

На ягоную думку, праваахоўныя структуры Беларусі яшчэ не сасьпелі да таго, каб лічыць віртуальнае дамаганьне злачынствам. Да таго ж, ня факт, што зламысьнік калекцыянаваў карцінкі і не пазбавіўся ад іх яшчэ да прыходу міліцыянтаў:

Думаю, верагоднасьць пачатку крымінальнай справы настолькі мізэрная, што складана пра яе ўвогуле гаварыць

«Першы момант: любы тэлефон абнуляецца да заводзкіх установак за два клікі. То бок, ачысьціць яго — гэта справа нават не 5 хвілінаў, а дзесьці 30 сэкундаў. Калі тэлефон нехта зьбіраецца забраць, то, зразумела, ён спачатку будзе пачышчаны і толькі потым здадзены. Дый там яшчэ шмат ёсьць тэхнічных момантаў, нават зусім элемэнтарных: калі тэлефон паляжыць у холадзе, ён папросту замерзьне ды ўсё. Зь іншага боку, наколькі я ведаю, цягам 3 ці 4 гадзінаў было апытаньне пацярпелай, усе моманты былі занатаваныя, зафіксаваныя, запратакаліраваныя — матэрыялаў у прынцыпе дастаткова. Адзінае, што, магчыма, сама па сабе сыстэма заканадаўства не гатовая працаваць з такімі рэчамі, ці проста няма жаданьня ўсім гэтым займацца. Мне, канечне, складана сказаць, чаму справу закрылі. Але, думаю, верагоднасьць пачатку крымінальнай справы настолькі мізэрная, што складана пра яе ўвогуле гаварыць».

Пры канцы лістапада Кацярына Б. накіравала ліст на імя пракурора Гарадоцкага раёну Пацеева, у якім абскарджвае пастанову аб адмове ў пачатку крымінальнай справы. У прыватнасьці, яна згадвае, што яшчэ ў кастрычніку прайшла прыніжальную працэдуру ў Савецкім РУУС Менску, падрабязна апісваючы для пратаколу фатаздымкі інтымных сцэнаў і ўвесь той бруд, які быў у ліставаньні. У той момант, удакладняе жанчына, яна думала толькі пра сваіх дачок, якіх на падсьвядомым узроўні намагалася засьцерагчы ад такога кшталту агрэсараў. Але ўжо ў лістападзе прыйшла пастанова аб адмове ў крымінальнай справе — у міліцыі ўзьнік сумнеў, што фота палавых органаў і сэксуальных сцэнаў зьяўляюцца парнаграфіяй. А таму ў справе, маўляў, адсутнічае склад злачынства:

«Думаю, мой крыўдзіцель, асэнсаваўшы сваю беспакаранасьць, цяпер ужо дасылае абразьлівыя мэсыджы чыімсьці дзецям, якія наўрад ці пойдуць у міліцыю. І калі ў маім выпадку яго лёгка ідэнтыфікавалі па нумары тэлефона ягонай маці, то цяпер ён, пэўна, ужо лепш хаваецца», — піша Кацярына.

«На Захадзе замах супраць годнасьці — цяжкае злачынства »

А як на такія дзеяньні адрэагавалі б на Захадзе? Псыхоляг Міхаіл Дзернакоўскі, які часта наведваецца за мяжу, адзначае: у заходніх краінах замах на годнасьць — адно з найбольш рэзанансных і суровых правапарушэньняў:

Наколькі я абазнаны, у нас наўрад ці ёсьць нейкія справы адносна службовых дамаганьняў ды іншага

«Калі браць, напрыклад, Эўропу ці ЗША, там на такога кшталту рэчы рэакцыя вельмі бурная і жорсткая. Самі разумееце, дадзенае злачынства фактычна скіраванае супраць чалавечай годнасьці. Фізычна нібыта і не пацярпеў, усё на ўзроўні харасмэнту (сэксуальнае дамагальніцтва) ці іншых нюансаў. Але, скажам, у тых жа Штатах, калі чалавек зьявіцца ў людным месцы ў мокрай кашулі ці плаўках, яго за гэта ўжо могуць арыштаваць. Разглядаючы падобныя выпадкі ў інтэрнэце, калі асобу ўдаецца ідэнтыфікаваць, пакараньне настае вельмі хуткае і дастаткова жорсткае. Проста тут трэба яшчэ мець на ўвазе пытаньне каштоўнасьці чалавечай годнасьці ў цэлым. Замах на годнасьць — злачынства сур’ёзнае. Канечне, менш сур’ёзнае, чым напад на асобу, але ўсё ж гэта прыніжэньне чалавека, агрэсія ў дачыненьні да яго. Псыхалягічная агрэсія, ня толькі фізычнага пляну. І, скажам, такія рэчы як харасмэнт на Захадзе вельмі жорстка спыняюцца ў рамках службовых адносінаў. Наколькі я абазнаны, у нас наўрад ці ёсьць нейкія справы адносна службовых дамаганьняў ды іншага».

«Цяпер розным „заклапочаным“ хапае і інтэрнэту»

Ці ўдасца ў Беларусі стварыць прэцэдэнт прыцягненьня да адказнасьці за віртуальны эксгібіцыянізм, які ёсьць нічым іншым, як замахам на годнасьць асобы? Міхаіл Дзернакоўскі лічыць гэта тым больш важным, што з разьвіцьцём інтэрнэту такіх злачынстваў будзе ўсё больш:

«Натуральна, у некаторых выпадках гэта паступова прагрэсіруе, бо працэс разьвіваецца вельмі падобна на залежнасьць — неабходна больш, мацней і г. д. Калі не сустракаць нейкіх абмежаваньняў, то яно будзе выключна пашырацца — ажно да таго, што чалавек увесь час будзе сядзець у інтэрнэце, будзе там весьці кучу блогаў з парнаграфічнымі матэрыяламі і г. д. Іншая справа, што ёсьць псэўдаэксгібіцыянізм, калі чалавек проста хуліганіць. Але ў нашым выпадку магу меркаваць, што ён абсалютна сапраўдны — вельмі шмат палавых органаў гэтага чалавека ў адным месцы. Апроч усіх іншых дурных здымкаў, ва ўсіх ракурсах ён дэманстраваў менавіта сваё „багацьце“, занадта фатаграфій. Карацей, зусім не складана гэта ідэнтыфікаваць...»

Карэспандэнт: «Мяркуючы нават па ўзросьце — амаль 40 гадоў — выглядае на „вэтэрана“ эксгібіцыянісцкага руху?»

«Безумоўна. Нават сьмела можна казаць, што „вэтэран“. Справа ў тым, што, паводле статыстыкі, эксгібіцыяніст вядзе нармальны, сацыяльна прымальны лад жыцьця, часьцей за ўсё гэта сямейны чалавек. Тым ня меней, ёсьць пэрыяды, калі ўзьнікае неабходнасьць паказаць сябе менавіта такім чынам. Акрамя таго, неяк інакш ён проста ня можа атрымаць сапраўднага задавальненьня. Таму ён актыўна выходзіць у сьвет: магчыма, спачатку на вуліцу, потым у інтэрнэт-сетку, каб атрымаць задавальненьне. Але праблема ў тым, што калі на вуліцы ўсё ж могуць затрымаць за парушэньне парадку і ў выніку пакараць, то ў сеціве гэта, хутчэй за ўсё, на першых парах будзе абсалютна беспакарана. А, як паказвае практыка, гэта можа быць беспакарана ўвогуле...»

Як кажа Кацярына, пацярпелая ад «палавога тэрарыста», бясьсільле сілавікоў дадае ўпэўненасьці яе крыўдзіцелю. Калі ўлічыць, што ў viber Дзьмітры Б. зноў быў заўважаны пры канцы лістапада — то бок, ужо пасьля візыту міліцыянтаў, — нельга выключаць, што ён не знайшоў сабе новую ахвяру.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG