Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 правілаў жыцьця 102-гадовага Яна Чарняца з Налібацкай пушчы


102-гадовы беларус пра 13 рэчаў, якія раней былі лепшыя, чым цяпер
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:05:08 0:00

У вёсцы Налібакі Стаўпецкага раёну жыве 102-гадовы Ян Чарнец. Свабода наведала аднаго з найстарэйшых беларусаў і дазналася, за што ён цэніць ранейшыя часы і чаму ўзгадвае пра іх зь вялікай настальгіяй.

1 #свабода

«Тады, раней, я на сваём жыў. Ці сьвята, ці як, я магу цэлы тыдзень гуляць — ніхто мяне ня пойдзе на работу выпраўляць. А цяперака дык трэба ўжо ісьці на работу. Хочаш ня хочаш, а мусіш ісьці, застаўляюць».

2 #бізнэс

«Я быў краўцом і грошай у мяне хапала. Самі зараблялі. Той у лес хадзіў, той туды. Усе хадзілі і на сябе зараблялі. Хлеб быў свой. Усё сеялі, усё сваё было. І скварка свая, і млека. Усё сваё. Астальное толькі была адзежа ўсяго. Дык на адзежу пойдзеш, паробіш ды заробіш».

3 #этыка працы

«Ячмень як жнуць, паставяць у снапы, а потым падбяруць: „Пайдзеце, бабы, пазьбірайце, там мо каласкі ест“. Зьбяруць, каб не было пацеры. А цяпер як пройдзе камбайн, дык посьле пайдзі... Ды каб ня сеяў, дык ізноў бы парос ячмень. Бо не сваё. Ніхто за гэта не адказвае».

4 #адукацыя

«Некалі вучылі ня гэдак, як цяперака. Там вучылі, каб ты наўчыўся. А ня тое, што зь першага класа ў другі перагоняць і перагоняць. А некалі ня здаў экзамэнаў — на другі год сядзі. Прыйшоў — чытай. Раз ня ўмееш чытаць — чытаць датуль, пакуль не навучысься. Яшчэ на калені паставіць. Навучыўся, прачытаў харашо — садзіся».

5 #аксэлерацыя

«Цяпер настаўнікі прыйдуць на танцы. А зь імі і дзеці танцуюць. Некалі гэтага не было. Некалі да 15 год гэта яшчэ дзеці былі. А цяпер 15 год і ў яе ўжо трое дзяцей. Дык як гэта можа быць — у яе яшчэ свой розум рэдкі, яна яшчэ бяз памяці. А ў яе ўжо трое ці чацьвёра дзяцей».

6 #алькагалізм

«Цяпер гэдак пʼюць ды гэдак канчаюцца! Колькі людзей за пʼянку ўжо ў зямлі ляжыць. А некалі гэтага не было. Некалі калі ўтрох-чатырох бутэльку выпʼюць, гэта ўжо добра. І танцуюць і хораша ўсё. А цяпер пʼе датуль, пакуль пальцам не дастане. А тады валяецца і качаецца. А некалі культуры прыдзержываліся. Гарэлкі гэтак ня гналі. Гэта як рускія зайшлі, то і сталі гарэлку гнаць».

7 #забава

«І некалі ж былі танцы. Зьбяруцца хлопцы і дзяўчаты, танцуюць. А тады сьпяваюць. Добра, культурна. Адразу паедуць да касьцёла раніцаю. Прыехалі з касьцёла. Паспалі крыху. Тады прыйдуць сталыя хлопцы, сядуць за стол, возьмуць ксёнжачку, сьпяваюць песьні. Пасьпяваюць, тады ўжо музыка. Танцы. А танцы былі толькі да 12 часоў і дадому. Мо хто дзе якую дзяўчыну павядзе дадому і можа што. А цяперака 11 часоў ночы і яны толькі ідуць у клуб на танцы. О, некалі бацька б папытаўся, дзе ты быў, што дагэтуль хадзіў».

8 #лаянка

«Іду я раз, стаяць тут на перакростку дзьве дзяўчыны і два хлапцы. А адзін ідзе з тае вуліцы, падыходзіць сюды да іх, падае руку і так выразіўся, што, брат ты мой, і ў рот, і ў нос, і ў галаву. А я падумаў сабе, вот кулітура. Некалі, каб гэдак перад дзяўчынаю сказаў, дык яна б цябе посьле і ў хату не пусьціла, і з табою і слова б не гаварыла».

9 #выхаваньне

«Раней слухалі бацькоў. Бацькі глядзелі, слухалі, прыказвалі, каб быў ты чалавекам. Найболей матка важная была. Прыходзілі на танцы паглядзець, як ён там сябе вядзе, а можа ж нядобра. Назаўтра пазаве: «Як ты там рабіў? Трэба гэдак рабіць, трэба па-другому, каб кулітурна было».

10 #сям’я

«Некалі жывалі — як ажаніўся, дык і жывалі да канца. Цяпер як. Едзе ў аўтобусе, тут ужо пазнакомілася. Прыяжджае дадому: «Мама, я выхаджу замуж. Трэба свадзьбу». Пажыла месяц, прыходзіць і плача: мамачка, па характары не сышліся. Як жа ж ты хацела? Раз убачыла — і характар хацела найсьці?

11 #тэлевізар

«Я не хачу і глядзець, бо там добрага нічога ня ўбачыш. Калі што добрае паказваюць, два словы сказалі, і ўжо пачынае нешта браць, нешта робіць, задніцу нечым мажа. Разьве гэта можна такое паказваць?»

12 #сумленнасьць

«Найболей справядліва было ў Грузіі. Там мы стаялі ў адным месцы [чакалі у цягніку, у тупіку]. А пацаны прынесьлі мандарынаў. Мы купілі. Я ўзяў тры кілі, аддаў 5 рублёў. А ў іх здачы нямашака. Дык я думаю: а чорт яго, што там тыя 2 рублі. Мы, кажа, прынясём. І пабеглі. Выходжу я, стаяць: наце вам здачу. Вось там дзяйсьцьвіцельна справядлівасьць. Калі гэдакі во пацан прынёс і даў здачу. А ў нас бы гэта панесьлі...».

13 #старасьць

«Я вот стары застаўся, дык добра, што дзеці прыяжджаюць. А некалі даўжон нехта быў быць пры старым. Ці сын жаніўся б і жыў пры мне і глядзеў бы мяне, і жыў бы са мною. Ці зяць, ці хто. Ён бы глядзеў мяне. І ня трэба мне была б ніякая пэнсія. А цяпер пакінуць аднаго, і сядзі як хочаш. Вось толькі дзеці прыяжджаюць, а так адзін».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG