Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму маці Юрыя Захаранкі дамагаецца закрыцьця справы аб зьнікненьні сына


Ульяна Захаранка, архіўнае фота

Ульяна Захаранка, архіўнае фота

Ульяна Захаранка, маці зьніклага ў траўні 1999 году экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, накіравала скаргу генэральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку. Ульяна Захаранка просіць спыніць справу аб зьнікненьні яе сына і абавязаць Сьледчы камітэт даць ёй магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі, якія сабралі сьледчыя. Чаму маці зьніклага апазыцыянэра дамагаецца спыніць вытворчасьць па крымінальнай справе, патлумачыў прадстаўнік Ульяны Захаранкі праваабаронца Алег Воўчак.

«Найперш, тэрмін даўніны па прыцягваньні да адказнасьці па гэтай справе мінуў — 15 гадоў мінула, як зьнік Юры Захаранка, яшчэ ў траўні. Закон строга абавязвае орган папярэдняга сьледзтва справу спыніць. Для чаго гэта нам трэба? У нас „вісіць“ у судзе грамадзянская справа аб прызнаньні Юрыя Захаранкі памерлым, якая прыпыненая ўжо 12 гадоў таму, да часу, пакуль ня спыняць справу аб зьнікненьні. Гэта неабходна сваякам Захаранкі, каб забраць у спадчыну 4-пакаёвую кватэру ў Менску, якая лічыцца за Юрыем Захаранкам, і ёй распараджацца. Трэцяя мэта — паводле закону, калі справу закрываюць, пацярпелыя могуць азнаёміцца зь яе матэрыяламі. Ульяна Захаранка хоча ведаць, чым займаліся сьледчыя гэтыя 15 гадоў, і, магчыма, атрымаць адказ на пытаньне, чаму яны дагэтуль не знайшлі яе сына».

Алег Воўчак патлумачыў, што спыненьне справы аб выкраданьні Захаранкі не азначае, што мусіць спыніцца і апэратыўна-вышуковая справа, якую абавязаная далей працягваць управа сталічнай міліцыі. «Гэтую справу мусяць весьці, пакуль ня высьветляць месца знаходжаньня Юрыя Захаранкі. У абавязак устаноў МУС уваходзіць шукаць, правяраць вэрсіі, апэратыўным шляхам выяўляць асобаў, якія датычныя да гэтага злачынства. То бок шукаць ня толькі яго, але і ягоных выкрадальнікаў і перадаваць зьвесткі ў Сьледчы камітэт. Калі такая інфармацыя будзе атрыманая, то Сьледчы камітэт мае права аднавіць справу аб выкраданьні».

XS
SM
MD
LG