Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 гадоў галоўная «беларуская тэма» ў сьвеце — справы зьніклых


Удзельнікі круглага стала (зьлева направа): Гары Паганяйла, Раман Якаўлеўскі, Анатоль Лябедзька, Васіль Шлындзікаў, Дзяніс Садоўскі
Удзельнікі круглага стала (зьлева направа): Гары Паганяйла, Раман Якаўлеўскі, Анатоль Лябедзька, Васіль Шлындзікаў, Дзяніс Садоўскі

У штаб-кватэры АГП адбыўся круглы стол пра гучныя справы зьніклых палітыкаў, апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі.

Тэму зьніклых апазыцыянэраў шмат хто ў сьвеце дагэтуль называе «беларускай тэмай», але ў самой Беларусі яна пачала забывацца. Палітыкі і журналісты, якія абмяркоўвалі лёсы гэтых гучных спраў на круглым стале, які прайшоў 10 верасьня ў штаб-кватэры АГП, нагадалі, што ад выкраданьня і зьнікненьня Юрыя Захаранкі ўжо мінула 15 год, праз 6 дзён будзе адзначаная гэткая ж сумная гадавіна зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Улетку будучага году споўніцца 15 год ад зьнікненьня журналіста Зьмітра Завадзкага. Але выніку афіцыйных расьсьледаваньняў дагэтуль няма, вінаватыя не пакараныя.

На думку мадэратара дыскусіі, старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, як і ранейшая загадкавая сьмерць Генадзя Карпенкі, былі палітычнымі забойствамі. Ці падзяляюць гэтую думку іншыя ўдзельнікі круглага стала?

Васіль Шлындзікаў, былы дэпутат Вярхоўнага савету 13 скліканьня, згадаў, што напярэдадні зьнікненьня Віктар Ганчар рыхтаваў пашыранае паседжаньне дэпутатаў Вярхоўнага савету 13 і 12 скліканьняў, прадстаўнікоў незалежных прафсаюзаў ды іншых дэмакратычных структур, на якім меркавалася абвясьціць нацыянальную кампанію за імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку. Абгрунтаваньнем мелася стаць падрыхтаваная Ганчаром справаздача аб парушэньнях Аляксандрам Лукашэнкам Канстытуцыі і законаў Беларусі. Але ўлада апярэдзіла гэтыя дзеяньні тым, што Ганчара скралі і забілі, мяркуе Васіль Шлындзікаў. Паводле ягоных дадзеных, у той момант беларуская ўлада была гатовая і на больш маштабныя дзеяньні, каб абараніць сябе:

«Карпенка ў свой час распавядаў, што ёсьць сьпіс на 100 чалавек, якіх падрыхтавалі на ліквідацыю. Мы гэтаму ня надта верылі, некаторыя сьмяяліся, але час паказаў, што ён меў рацыю. Вядома, быў сьпіс сапраўды на 100 асобаў ці не, цяпер цяжка сказаць, але паводле акалічнасьцяў зьнікненьня Захаранкі, Ганчара, Красоўскага — можна ўявіць, што да гэтага сапраўды рыхтаваліся, толькі адначасова шмат людзей зьнішчыць не маглі. А што да Віктара Ганчара, то для ягонага лёсу была вызначальная менавіта падрыхтоўка да таго пашыранага сходу дэпутатаў. Іншая рэч, што Віктар бы не супакоіўся і потым, бо ён быў выдатным арганізатарам, прамоўцам».

Пад моцным ціскам грамадзтва і міжнароднай супольнасьці беларускія ўлады спынілі практыку, калі іхнія апанэнты проста зьнікалі. Расьсьледаваньне ж спраў аб зьнікненьнях яны спрабавалі ўсяляк замарудзіць. Але, як перакананы былы судзьдзя, праваабаронца Гары Паганяйла, ужо празь невялікі час спачатку сумленныя сілавікі, а потым і шырокае грамадзтва мелі дакладныя зьвесткі пра тых, хто выкрадаў апазыцыянэраў і на чый палітычны загад. У тым ліку былі названыя Віктар Шэйман і Дзьмітры Паўлічэнка. Тое, што гэтыя людзі не зьвярнуліся ў суд па абарону сваёй годнасьці — яскравы паказьнік, мяркуе Гары Паганяйла. Справы аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага ўлады ня змогуць прыпыніць і праз 15 год ад пачатку, бо ня знойдзены ні самі зьніклыя, ні выканаўцы выкраданьняў, лічыць Гары Паганяйла. Паводле праваабаронцы, расьсьледаваньні і далей будуць імітавацца:

Гары Паганяйла пра расьсьледаваньне спраў зьніклых
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:45 0:00
Наўпроставы лінк

«Там мяняюцца сьледчыя, але рэальна ніякіх сьледчых дзеяньняў, каб знайсьці зьніклых і вызначыць злачынцаў, не вядзецца. Улады, відаць, баяцца нават прыпыніць расьсьледаваньні, бо тады прыйдзецца паказаць пацярпелым дакумэнты са справы аб вэрсіях і аб прычынах, чаму справа спыненая. А гэта стане вядома грамадзтву, ня кажучы пра тое, што такую пастанову можна абскардзіць».

Падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году тэма зьніклых была паднятая кандыдатам на прэзыдэнта Ўладзімерам Ганчарыкам і стала ледзь не асноўнай картай у ягонай барацьбе з Аляксандрам Лукашэнкам. Прэзыдэнцкая кампанія 2006 году тэму зьніклых не абмінала, але ўвагу да яе зьменшыла. У 2009 годзе, згадалі ўдзельнікі круглага стала, у Менску праходзіла апошняя сапраўды масавая вулічная акцыя з патрабаваньнем давесьці расьсьледаваньні да канца. Што цяпер можна зрабіць, каб тэма зьніклых канчаткова не сышла ў няпамяць?

Анатоль Лябедзька прапануе падымаць асабістыя архівы, знаходзіць і фіксаваць успаміны людзей, якія памятаюць падзеі 1999–2000 гадоў.

Журналіст Раман Якаўлеўскі прынёс на круглы стол аўдыёзапіс гутаркі зь Віктарам Ганчаром, якая адбылася за дзень да зьнікненьня. Такія дакумэнты могуць стаць вельмі важнымі на будучым працэсе над выкрадальнікамі палітыкаў.

Варта здымаць фільмы, у тым ліку мастацкія, пісаць кнігі ўспамінаў і дакумэнтальныя расьсьледаваньні, — мяркуе Васіль Шлындзікаў.

Дзяніс Садоўскі
Дзяніс Садоўскі

Але, на думку актывіста БХД Дзяніса Садоўскага, самы кароткі шлях — гэта палітычная перамога:

«Трэба рыхтавацца да прэзыдэнцкай кампаніі, якая нас чакае ў 2015 годзе, ісьці на кампрамісы ў пытаньнях адзінага кандыдата, рэальна распрацоўваць адзіную стратэгію. Толькі гэта дасьць магчымасьць для рэальных зьменаў у Беларусі і прывядзе да таго, што справы зьніклых будуць расьсьледаваныя, а вінаватыя пакараныя. Трэба працаваць на тое, каб зьмяніць гэты рэжым».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG