Паводле яго, канцлер таксама заклікала расейскага кіраўніка працягнуць выкананьне менскіх дамоўленасьцяў аб урэгуляваньні на частцы Данбасу.
У Крамлі, у сваю чаргу, у паведамленьні пра гэтую ж размову заявілі, што падчас яе Пуцін «выказаў надзею, што ўкраінскі бок... устрымаецца ад узброеных правакацыяў у зоне канфлікту і пойдзе нарэшце на рэальныя крокі дзеля выкананьня сваіх палітычных абавязаньняў».
Акрамя таго, у ходзе размовы быў «узгоднены графік далейшых кантактаў у „нармандзкім фармаце“ на розных роўнях», гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Крамля.
Ва Ўкраіне і на Захадзе зьвяртаюць увагу, што ў той час як Кіеў ідзе шляхам выкананьня менскіх дамоўленасьцяў, Расея і сэпаратысты, якіх яна падтрымлівае на частцы Данбасу, практычна не выконваюць сваіх абавязаньняў. У першую чаргу захадаў у галіне бясьпекі: вываду з тэрыторыі Ўкраіны расейскіх войскаў і наймітаў ды вайсковай тэхнікі, раззбраеньня мясцовых незаконных узброеных фармаваньняў, стварэньня на непадкантрольным Кіеву ўчастку расейска-ўкраінскай мяжы зоны бясьпекі пад маніторынгам і вэрыфікацыяй АБСЭ і інш. Таксама нявыкананым абавязаньнем застаецца вызваленьне закладнікаў і незаконна трыманых асобаў.
Расея ж заяўляе, што да «ўнутрыўкраінскага», паводле яе, канфлікту на частцы Данбасу яна ня мае дачыненьня; ніякіх яе войскаў, наймітаў і ўзбраеньняў там няма, хіба што асобныя «добраахвотнікі», на якіх яна ніяк ня можа паўплываць; і ніякіх абавязаньняў у менскіх дамоўленасьцях яна на сябе ня брала, таму што падпісвала іх, маўляў, не як удзельніца, а як «гарант». Затое Масква пастаянна патрабуе ад Кіева «палітычных крокаў», такіх, як мясцовыя выбары ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі сэпаратыстаў, каб легітымізаваць іх; амністыя для ўсіх баевікоў, у тым ліку тых, што ўчынілі цяжкія злачынствы; увядзеньне «асаблівага статусу Данбасу» і да т.п., неадкладна, без выкананьня захадаў бясьпекі, на якіх настойваюць Кіеў і Захад.