Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы маўчаць і церпяць


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Эканамічная сытуацыя ў краіне працягвае пагаршацца. Экспарт з пачатку году ўпаў на 30%. Паводле зьвестак Белстата, валавы ўнутраны прадукт за першыя 4 месяцы скараціўся на 2,6% у адносінах да аналягічнага пэрыяду мінулага году. Цікава, як грацыёзна падаў гэты сумны факт прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў на паседжаньні ўраду ў аўторак: «Адаптацыі эканомікі краіны да прынцыпова іншага зьнешняга стану спадарожнічае запаволеньне росту ВУП па выніках I квартала на 2%». То бок падзеньне ён назваў «запаволеньнем росту».

У краіне скарачаюцца рэальныя заробкі. Зарэгістраванае беспрацоўе за год вырасла ўдвая, і ў 5 разоў павялічылася колькасьць тых, хто працуе зь няпоўнай занятасьцю.

Здавалася б, такая цяжкая эканамічная сытуацыя павінна была б перарастаць у сацыяльны крызіс, незадаволеньне людзей — пераходзіць у публічную плашчыню, вылівацца ў нейкія формы пратэсту. Напрыклад, у 2012 годзе пасьля фінансавага крызісу ўвесь час прыходзілі паведамленьні пра канфлікты ў працоўных калектывах, работнікі патрабавалі падвышэньня заробкаў і інш. Цяпер не чутна нічога. Абсалютна. Мёртвы зыб. Чаму? На мой погляд, ёсьць некалькі прычын.

1. Няма легальных інстытутаў, структур, мэханізмаў, з дапамогай якіх працоўныя маглі б данесьці сваю занепакоенасьць, выказаць патрабаваньні да адміністрацыі. Працэс камунікацыі адбываецца толькі ў адзін бок: зьверху ўніз. Зваротнай сувязі няма. Тыя фармальныя інстытуцыі, якія, нібыта створаныя дзеля такіх мэтаў — напрыклад, прафсаюзы, калектыўная дамова і інш., — мёртвыя. У такіх умовах магчымы толькі стыхійны выбух па-за межамі легальных структур і мэханізмаў.

2. У грамадзтве няма адчуваньня, што крызіс усур’ёз і надоўга. Уладам удалося запэўніць людзей, што цяперашнія праблемы ў эканоміцы — справа часовая, выкліканая вонкавымі прычынамі. Хутка гэтыя вонкавыя чыньнікі зьменяцца, цэны на нафту павысяцца, Расея выйдзе з крызісу — і ўсё вернецца на ранейшы ўзровень. І гэта працуе. Вось жа пасьля крызысу, дэвальвацыі 2011 году сярэднія заробкі зноў вырасьлі да 600 даляраў. Чаму б не паверыць, што гэта можа паўтарыцца?

3. Кантрактная сыстэма зьвязвае працаўнікоў па руках і нагах. Людзі асьцерагаюцца рабіць любыя крокі, якія выклічуць незадаволеньне начальства. Бо гэта ў Францыі звольніць працаўніка амаль немагчыма, а ў беларускай «сацыяльнай дзяржаве» — элемэнтарна.

4. Большасьць найманых работнікаў працуе на дзяржаўных прадпрыемствах. І гэта важны псыхалягічны чыньнік, які засьцерагае ад праяўленьня пратэсту. Бо, па-першае, яшчэ існуе вера ў справядлівасьць «сацыяльнай» дзяржавы, якая, у адрозьненьне ад бізнэсоўцаў, дбае пра людзей, а ня толькі пра прыбытак. Па-другое, любы канфлікт з кіраўніцтвам дзяржпрадпрыемства аўтаматычна пераходзіць у канфлікт зь дзяржавай. А гэта ўжо палітыка. А за палітыку тут «садзяць».

5. За 20 гадоў пастаянных рэпрэсіяў аўтарытарнаму рэжыму ўдалося замацаваць у людзях страх. Ён сядзіць у падсьвядомасьці. Людзі элемэнтарна баяцца.

6. Моцна ўплывае досьвед украінскага Майдана. Украіна паказала, у што можа выліцца пратэст: кроў, забітыя, распад дзяржавы, эканамічны абвал, грамадзянская вайна і замежная інтэрвэнцыя. Таму лепш трохі пацерпім, затое мір і стабільнасьць.

7. Няма адчуваньня, што пратэст, выстаўленьне патрабаваньняў дадуць патрэбныя вынікі. Бо людзі бачаць, што дрэнна паўсюль, а ня толькі на іхнім прадпрыемстве ці ў арганізацыі.

8. Большасьць насельніцтва лічыць, што ў краіне няма сацыяльна-палітычнай альтэрнатывы. Народ ня бачыць грамадзка-палітычнай сілы ці палітыкаў, якія б прапанавалі зразумелы праект разьвіцьця краіны, альтэрнатыўны таму, што рэалізоўвае дзейны рэжым. Няма адказу ня толькі на культавае беларускае пытаньне — хто замест Лукашэнкі? — але і на пытаньне: што замест Лукашэнкі?

А пакуль эканамічны крызіс не перарастае ў сацыяльна-палітычны, то ўладам няма асаблівай неабходнасьці мітусіцца і нешта мяняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG