Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму беларускі дыплямат пахваліў Тацяну Караткевіч


Тацяна Караткевіч на фоне Цэнтра Вільсана ў Вашынгтоне, ЗША, каляж

Тацяна Караткевіч на фоне Цэнтра Вільсана ў Вашынгтоне, ЗША, каляж

Станоўчая ацэнка выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч кіраўніком беларускай дыпляматычнай місіі ў Вашынгтоне выклікала рэакцыю як у актывістаў апазыцыі, так і ў грамадзкіх арганізацыяў.

У чацьвер ва Ўілсанаўскім цэнтры ў Вашынгтоне былая кандыдатка ў прэзыдэнты Тацяна Караткевіч паўдзельнічала ў сустрэчы з амэрыканскімі экспэртамі і распавяла пра свае далейшыя пляны.

Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у ЗША Павал Шыдлоўскі на сустрэчы заявіў літаральна наступнае:

«Я вельмі рады, што Тацяна Караткевіч сёньня тут з намі. На маю думку, яна правяла сваю кампанію з тактам і годнасьцю. Яна дадала прыстойнасьці і годнасьці прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі».

Некаторыя ўжо пасьпелі заўважыць, што гэта — першая за многія гады (а магчыма, і за больш як два дзесяцігодзьдзі кіраваньня Лукашэнкі) станоўчая ацэнка з вуснаў беларускага дыплямата на адрас палітыка, які залічае сябе да апазыцыі.

Чым патлумачыць такую ацэнку? Ці маюць рацыю тыя, хто казаў пра Тацяну Караткевіч як «праект улады» з мэтай легітымізацыі выбараў, ці гэта — праява імкненьня афіцыйнага Менску палепшыць стасункі са Злучанымі Штатамі і аднавіць у поўным аб’ёме працу беларускай амбасады ў Вашынгтоне? Як можа ўспрыняць такія словы амэрыканскі бок?

Лябедзька: Пахвалу пачуем яшчэ ня раз, а пасьля зьявяцца беларускія Зюганаў і Жырыноўскі

Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька бачыць прычыну спагадлівых словаў з боку беларускага дыплямата на адрас Тацяны Караткевіч у тым, што ўлады імкнуцца падкрэсьліць — зьявілася апазыцыя, якая хоча не мяняць сыстэму, а ўбудоўвацца ў яе:

«У ацэнках такога кшталту я іду не ад прыватнага і дробнага, а ад агульнага аналізу выбарчай кампаніі. Яе адметнасьць у тым, што зафіксаваны падзел сярод прыхільнікаў пераменаў. Большасьць палітычных структураў Беларусі заяўляе, што сыстэму, якая існуе, трэба мяняць. І чым хутчэй гэта адбудзецца, тым здаравейшая будзе краіна. Упершыню зьяўляецца невялікая група апазыцыі, якая лічыць, што ў наяўную сыстэму можна ўбудавацца і, убудаваўшыся, нешта мяняць усярэдзіне. Усё, што цяпер адбываецца, у тым ліку і хвалебныя словы беларускага дыплямата, ідзе з гэтага падзелу. Трэба зафіксаваць яе факт: у апазыцыі розныя стратэгіі. І хоць Тацяна Караткевіч прадстаўляе невялікую частку апазыцыі, гэтая частка мае нейкую крэдытную апазыцыйную гісторыю, якая будзе толькі павялічвацца. Таму такую пахвалу мы пачуем яшчэ ня раз. Ці мае права на існаваньне стратэгія актывістаў Тацяны Караткевіч? Відаць, мае. І на яе таксама ёсьць попыт. Але калі яна будзе разьвівацца і станавіцца трэндам, то падчас наступнай парлямэнцкай кампаніі мы атрымаем тое, што сёньня ёсьць у Расейскай Фэдэрацыі, — беларускага Зюганава і беларускага Жырыноўскага».

Янукевіч: «Улады ня бачаць для сябе ніякай пагрозы ў асобе Тацяны Караткевіч»

Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч ня думае, што пахвала на адрас Тацяны Караткевіч з боку прадстаўніка афіцыйнага Менску зробіць вялікае ўражаньне на прадстаўнікоў ЗША. Але адзначае, што гэты выпадак будзе падаграваць ілюзіі амэрыканскіх урадоўцаў і аналітыкаў што да магчымасьцяў апазыцыі падчас парлямэнцкіх выбараў у Беларусі:

«Такія выказваньні прадстаўніка беларускай дзяржавы ў Вашынгтоне сьведчаць пра тое, што цяперашнія ўлады ня бачаць для сябе ніякай пагрозы ў асобе Тацяны Караткевіч і ў тым, што яна рабіла падчас прэзыдэнцкай кампаніі і што плянуе рабіць у будучыні. Яны ня бачаць ніякага выкліку ці пагрозы, таму візыт Караткевіч у Вашынгтон для іх — зручная і карысная нагода, каб станоўча выказацца пра яе кампанію. Для таго каб адэкватна выглядаць у вачах цывілізаванага сьвету. Я ня думаю, што такія выказваньні, якія прагучалі з вуснаў спадара Шыдлоўскага, зробяць вялікае ўражаньне на прадстаўнікоў як урадавых, так і аналітычных колаў ЗША. Невядома, ці была гэта дамоўленасьць, ці гэта атрымалася стыхійна, але Тацяна Караткевіч і прадстаўнік афіцыйнага Менску падыгралі адно аднаму ў пытаньні захаваньня ілюзіяў у прадстаўнікоў ЗША адносна магчымасьці пазытыўнага выніку на наступных парлямэнцкіх выбарах. Я думаю, што такія ўзаемныя рэвэрансы могуць даваць падставы спадзявацца, што парлямэнцкія выбары адкрыюць нейкае новае акно магчымасьцяў».

Фёдараў: Так беларускія ўлады дамагаюцца прызнаньня сваёй легітымнасьці

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначае жаданьне беларускіх уладаў атрымаць прызнаньне сваёй легітымнасьці. Такім чынам, на іх думку, пахвала на адрас прадстаўніцы апазыцыі павінна падкрэсьліць, што кампанія па выбарах прэзыдэнта прайшла прыстойна:

«Хутчэй за ўсё, тут можна казаць пра імкненьне афіцыйнага Менску палепшыць адносіны з ЗША, прадэманстраваўшы добрае стаўленьне да апазыцыянэркі. Беларускім уладам патрэбна прызнаньне легітымнасьці з боку Захаду. Афіцыйна яно не патрэбнае, але вельмі патрэбнае ў маральным пляне. Калі б уладам удалося даказаць, што кампанія вялася дэмакратычна, апанэнты паводзілі сябе прыстойна, гэта магло б паспрыяць прызнаньню легітымнасьці. Вядома, гэта не адзіная ўмова, каб гэта адбылося. Існуе шэраг іншых, у тым ліку высновы БДІПЧ».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG