Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Аляксандр Лукашэнка ўхіляецца ад прыняцьця важных эканамічных і палітычных рашэньняў?


Кіраўнік дзяржавы дасюль не зацьвердзіў эканамічны прагноз, бюджэт на наступны год, не сфарміраваў урад. У чым прычыны такога ступару? Чаму Аляксандр Лукашэнка ня можа адважыцца на эканамічныя рэформы? Які ўрад будзе выконваць пляны наступнага году?

Удзельнікі: эканаміст Сяргей Чалы і дырэктар дасьледчага цэнтру Інстытуту прадпрымальніцтва і мэнэджмэнту Аляксандар Чубрык.

Чаму не прыняты эканамічны прагноз, бюджэт на наступны год?

Валер Карбалевіч: «Паводле заканадаўства, закон аб бюджэце павінен прымацца да 1 сьнежня папярэдняга году. Але толькі 7 сьнежня на нарадзе ў Лукашэнкі разглядаліся пытаньні прыняцьця праекту прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі, а таксама праекты бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на наступны год. Калі яны будуць зацьверджаны, невядома. Чаму ўлады так зацягнулі з прыняцьцем такіх важных дакумэнтаў?»

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы

Сяргей Чалы: «Сапраўды, дзіўная сытуацыя. Бо ніякіх канцэптуальных зьменаў структуры бюджэту няма ў параўнаньні з гэтым годам.

Думаю, гэтая затрымка зьвязана зь нявызначанасьцю такога чыньніка, як цана нафты, і, адпаведна, курсу расейскага рубля. Гэтыя паказчыкі падаюць апошнімі днямі. Таму ўлады не хочуць перапісваць праект бюджэту. Але і прымаць такі дакумэнт, які давядзецца мяняць у першым квартале, таксама ня хочацца».

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык

Аляксандар Чубрык: «Улады дагэтуль ня вызначыліся, якой быць эканамічнай палітыцы наступным годам. Ня вызначана пытаньне аб крэдыце МВФ. Уявім сабе, што пад уплывам МВФ, які патрабуе рэформаў, урад прымае бюджэт, і там прадугледжана скарачэньне падтрымкі дзяржпрадпрыемстваў. Гэта цягне за сабой зьмены іншых парамэтраў бюджэту. А рашэньня МВФ аб крэдыце няма. Вось усё і зацягваецца.

Увогуле, спэктар рашэньняў, якія трэба прымаць, вялікі, як ніколі. Калі бюджэт не прыняты, то гэта азначае, што ёсьць надзея на эканамічныя перамены».

Чалы: «З крыніц у банкаўскіх колах я чуў такую вэрсію. Лукашэнка незадаволены самым галоўным парамэтрам гэтых дакумэнтаў: рост валавога ўнутранага прадукту на 0,3%. Ён лічыць, што гэтага мала. Гэта падобна на тыя спрэчкі, якія ішлі ў канцы 2011 году наконт плянаў 2012 году.

Чаму не сфармаваны новы ўрад?

Карбалевіч: «Ня менш цікава, што дасюль не сфармаваны новы ўрад, хоць пасьля інаўгурацыі прайшло ўжо больш месяца. У краіне фактычна дзейнічае часовы ўрад. А хто будзе выконваць заданьні наступнага году, незразумела. Чаму так адбываецца?»

Чубрык: «Ад таго, які будзе дызайн эканамічных дакумэнтаў на наступны год, залежыць і тое, хто будзе выконваць гэтыя пляны, хто ўзначаліць адпаведныя міністэрствы і ведамствы. Калі дзяржава скарачае падтрымку і ўвогуле кантроль за дзяржпрадпрыемствамі, то патрэбныя новыя людзі, якія будуць здольныя працаваць у новых умовах. Праблема комплексная, усё зьвязана адно з адным».

Чалы: «Справа ў тым, што Лукашэнка ішоў на гэтыя выбары без праграмы. І на нарадзе з урадам пасьля выбараў Лукашэнка сказаў, яго чальцам, каб яны вызначыліся, што зьбіраюцца рабіць на сваёй пасадзе. Пры тым, што сам Лукашэнка не задаў нейкі стратэгічны кірунак, па якім павінна рухацца краіна.

Але, зьвярніце ўвагу, што дзяржаўныя мэдыі не называюць, напрыклад, Кабякова выконваючым абавязкі прэм’ер-міністра. Яго называюць прэм’ер-міністрам».

У чым прычыны ступару?

Карбалевіч: «Акрамя таго, што не прымаецца прагноз, бюджэт на наступны год, не фарміруецца ўрад, няма зьвестак пра правядзеньне Усебеларускага народнага сходу (УНС), які ўжо анансаваны. А гэты форум павінен прыняць пяцігадовы плян разьвіцьця Беларусі. Што казаць пра пяцігодку, калі на наступны год ня могуць нічога прыняць. У чым прычыны такога дзіўнага палітычнага ступару?»

Чалы: «Магчыма, ідзе тая ж самая гульня, як і з тымі ж міністрамі. Маўляў, пагляджу, што вы прапануеце. Цяпер зьвернецца да „народа“ (у нас жа афіцыйна УНС трактуецца як орган, які прадстаўляе народ). Не зьдзіўлюся, калі гэты „народ“ папросіць аб павялічэньні пэнсійнага ўзросту.

Не зьдзіўлюся, калі гэты „народ“ папросіць аб павялічэньні пэнсійнага ўзросту

Яшчэ адзін момант. Калі чалавек кіруе дзяржавай ужо пяты тэрмін, то ужо ня хочацца займацца нецікавымі справамі. Хочацца думаць аб сваім месцы ў гісторыі, у школьных падручніках. А тут ад яго патрабуюць рэформаў. Таму ня хочацца думаць пра неабходнасьць прыняцьця важных рашэньняў. Гэта непрыемна. Лепш займацца ўсялякай драбязой, кшталту выдзяленьня пляцовак пад будоўлю ці разьвіцьця хакею

І яшчэ псыхалягічны момант. Калі трэба прымаць непрыемныя рашэньні, якія яму не падабаецца, то ён імкнецца зьехаць далей ад таго месца, дзе прымаюцца рашэньні. У 2011 годзе, калі патрэбна была вялікая дэвальвацыя, Лукашэнка ехаў у рэгіёны, каб праверыць асартымэнт сельпо. Цяпер ён ладзіць неабавязковыя замежныя візыты. А раптам гэтым часам усё само рассмокчацца, ці ўрад нешта прыдумае».

Чубрык: «На Кастрычніцкім эканамічным форуме, які мы праводзілі, памочнік прэзыдэнта Кірыл Руды растлумачыў прычыны, паводле якіх не прымаюцца рэформы.

Ткачоў прапануе пачаць грашовую эмісію, каб падштурхнуць эканамічны рост. Магчыма, ён улавіў настроі ў вярхах

Цікавы момант. У „Советской Белоруссии“ надрукаваны вельмі знакавы артыкул былога памочніка прэзыдэнта Ткачова. Там прапанаваныя ідэі, яшчэ горшыя за праект мадэрнізацыі Пракаповіча. Ткачоў прапануе пачаць грашовую эмісію, каб падштурхнуць эканамічны рост. Магчыма, ён улавіў настроі ў вярхах і друкуе артыкул, каб вярнуцца на высокую пасаду.

Тут праблема яшчэ і ў тым, што разам з доўгатэрміновымі задачамі трэба вырашаць і цяперашнія бягучыя пытаньні. А паколькі прыняцьце рашэньняў у краіне моцна цэнтралізаванае, то ў аднаго чалавека не даходзяць да ўсяго рукі».

Карбалевіч: «А можа Лукашэнка чакае вынікаў сваёй паездкі ў Маскву?»

Чубрык: «Справа ў тым, што нават 2-3 млрд даляраў крэдыту праблемы беларускай эканомікі ня вырашаць. Гаворка ідзе пра тое, як будзе ўвогуле разьвівацца беларуская эканоміка. Бо замежнымі крэдытамі яе ўжо не ўратуеш».

Чалы: «Гэта сытуацыя дзіравага рэшата. Калі дзіркі не заканапаціць, то вады можна ліць колькі заўгодна, толку ня будзе. Так і з замежнымі крэдытамі».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG