Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца «Вясны»: Чаму актывісты надзелі маскі?


Больш за 30 актывістаў анархісцкага руху ды іншых удзельнікаў «Маршу недармаедаў», які адбыўся ў Менску 15 сакавіка, былі сёньня асуджаныя на арышты паводле стандартнага абвінавачаньня: што надзелі на твары маскі і ня выканалі патрабаваньня міліцыянтаў — зьняць з твараў маскі ды шалікі. Ці парушэньне гэта закону — закрыць свой твар маскай або шалікам?

Праваабаронца зь «Вясны» Наста Лойка мяркуе, што зноў, як у пэрыяд з 2011 па 2015 гады, міліцыянты падчас вулічных акцыяў перавышаюць свае паўнамоцтвы і парушаюць правы дэманстрантаў:

— Цяпер мы бачым, што зноў, калі людзі выходзяць на дэманстрацыю, яны ня могуць сысьці адтуль без затрыманьняў. У міліцыянтаў была простая лёгіка: яны глядзелі на натоўп, і калі бачылі, што нехта вылучаецца — прыкладам, у кагосьці майка з надпісам «Лукашэнка, сыходзь», — дык яны яго забіралі. Прыкладна на год-два гэта нібыта спынілася, але цяпер усё зноў.

Чаму на гэтых маршах найчасьцей затрымліваюць і караюць анархістаў? Бо цяпер ролю самых заўважных граюць актывісты-анархісты. Да іх больш увагі, яны ўплываюць на іншых, зь іх бяруць прыклад.

Плюс ёсьць агульная гістэрыка ўладаў — яны баяцца павялічэньня пратэстнага патэнцыялу і спрабуюць нэўтралізаваць актыўныя групы. І хоць на акцыі пратэстаў у тых жа рэгіёнах прыходзяць абсалютна звычайныя людзі, і такія захады супроць актывістаў-анархістаў нічога там ня спыняць, але, магчыма, па завядзёнцы, ад няведаньня, што рабіць, улады ўсё роўна ўключылі гэты мэханізм».

Наста Лойка
Наста Лойка

— Як вы пракамэнтуеце саму працэдуру затрыманьняў па-беларуску?

— Тут таксама шмат ненармальнасьцяў. Пачынаючы ад колькасьці міліцыі і да іх дзеяньняў падчас масавых мерапрыемстваў. Ёсьць дакладныя міжнародныя стандарты.

Напрыклад, паўгода таму зьявіліся прапісаныя стандарты АБСЭ наконт дзеяньняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў па абароне правоў дэманстрантаў. Дзяржава павінна забясьпечыць права людзей на дэманстрацыі, не перасьледаваць іх за гэта, а наадварот, ствараць умовы. У тым ліку ўжыць дадатковыя захады, каб людзям ніхто не перашкаджаў, калі яны будуць выказваць свае думкі, каб не было сутычак зь людзьмі іншых поглядаў.

Але ў Беларусі ўсё адбываецца зусім інакш, тут на дэманстрантаў міліцыя глядзіць як на патэнцыйна небясьпечных злачынцаў, за якімі трэба прасачыць, якіх трэба спыніць ці затрымаць.

Гэта яскрава бачна ўжо па тым, што большасьць міліцыянтаў, якія прысутнічаюць на масавым мерапрыемстве, знаходзяцца ў цывільнай вопратцы. І звычайныя супрацоўнікі, і АМАП, і кіраўнікі РУУС ці іншых аддзелаў гэтак ходзяць. Мы іх пазнаем па тварах, па рацыях, па навушніках ды іншых рысах. Зразумела, што гэта нядобра, бо калі нешта здараецца, дык людзі звычайна ня ведаюць, да каго зьвярнуцца. Бо намінальна міліцыя нібыта адсутнічае.

А з другога боку, і мы часта гэта назіралі, калі ў натоўпе нехта з контрадэманстрантаў зьбіраецца нешта зрабіць супроць дэманстрантаў, дык міліцыянты стаяць і сьмяюцца або проста не рэагуюць.

Ці ёсьць трэці варыянт, калі самі міліцыянты нешта такое пачынаюць. Прыкладам, на акцыі 17 лютага ў Менску супрацоўнік міліцыі выхапіў сьцяг у дэманстранта і зьбег, тое самае яны рабілі і з расьцяжкамі. То бок такія міліцыянты ў цывільным становяцца падобнымі да звычайных злачынцаў. Таму нам абсалютна зразумела, што супрацоўнікі міліцыі розным чынам ствараюць нязручнасьці для ўдзельнікаў вулічных акцыяў. Але ў гэтым няма нічога агульнага з правамі чалавека, зь іх абавязкамі і службовымі паўнамоцтвамі.

Зразумела, калі яны адчуваюць сваю беспакаранасьць, дык і затрымліваць пачынаюць з парушэньнем закону

Зразумела, калі яны адчуваюць сваю беспакаранасьць, дык і затрымліваць пачынаюць з парушэньнем закону. То з выкарыстаньнем спэцсродкаў, у якіх няма патрэбы, то з ужываньнем гвалту там, дзе яго не павінна быць. Вось і тут, у сытуацыі з затрыманьнем анархістаў у тралейбусе, мы бачым якраз такія паводзіны міліцыянтаў.

Праваабаронцы ўвогуле ня ўбачылі падстаў, чаму варта было затрымліваць людзей у тралейбусе, каб пацярпелі яшчэ і зусім выпадковыя пасажыры. Так, у міліцыянтаў былі прэтэнзіі да ўдзельнікаў шэсьця — анархістаў адносна масак на тварах. Але нічога горшага анархісты не зрабілі, і толькі гэта ня можа быць парушэньнем. Нават калі вы лічыце, што яны парушылі закон аб масавым мерапрыемстве, дык паклічце іх у РУУС для складаньня пратаколу, паклічце іх у суд. Але навошта затрымліваць вось гэткім брутальным чынам?

— А як павіны былі дзейнічаць міліцыянты, на ваш погляд?

— Міліцыянт павінен падыйсьці, назвацца, выказаць свае прэтэнзіі. Калі чалавек не выпраўляецца, яго можна ўзяць пад руку і вывесьці з натоўпу. Але не ўрывацца ў тралейбус, дзе могуць пацярпець і іншыя пасажыры.

— Беларускі закон аб масавых мерапрыемствах забараняе ўжываньне сродкаў, якія закрываюць твар. Але ў чым тут парушэньне?

— Што да выкарыстаньня масак. Сапраўды, нават міжнародныя стандарты не рэкамэндуюць падчас масавых акцыяў выкарыстоўваць маскі ці павязкі на тварах. Лічыцца, што калі чалавек прыходзіць на вулічную акцыю, ён дэманструе сваю пазыцыю, як бы адкрыта кажа, што выступае вось за гэта. І ў беларускім законе такія абмежаваньні цяпер прапісаныя.

Але яшчэ ў Беларусі і такая сытуацыя, што ты можаш удзельнічаць у мірнай акцыі — і за гэта цябе могуць пакараць: аштрафаваць, арыштаваць, звольніць з працы і гэтак далей. Таму людзі, якія хочуць выказаць свае думкі на акцыі, закрываюць свае твары і пры гэтым ніяк не парушаюць парадак. Вось і падчас «Маршу недармаедаў» з боку актывістаў анархісцкага руху мы не зафіксавалі ніякіх іншых парушэньняў грамадзкага парадку, дастатковых для затрыманьняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG