Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усталяваньне аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі стала праявай пэўнай заканамернасьці. Ва ўсіх дзяржавах СНД перамаглі разнавіднасьці мадэляў «кіраванай дэмакратыі» ў выглядзе аўтарытарных і паўаўтарытарных рэжымаў аж да мадэлі ўсходняй дэспатыі (Туркмэнія). І дзяржаўны пераварот у Беларусі ў выглядзе рэфэрэндуму 1996 году стаў праявай гэтай агульнай тэндэнцыі.

Хоць у асяродзьдзі палітычнай супольнасьці, палітычнай клясы Лукашэнка абапіраўся на меншасьць, але ён меў падтрымку большасьці насельніцтва. Асноўная частка грамадзтва не ўспрымала дэмакратыю як каштоўнасьць. Ці, дакладней сказаць, разглядалі дэмакратыю не ў эўрапейскім яе разуменьні (падзел уладаў, незалежныя СМІ, наяўнасьць апазыцыі і г.д.). Значная частка насельніцтва разумела яе як магчымасьць выбіраць сабе «бацьку» (дыктатара) зь неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Думка пра тое, што чалавек з такімі паўнамоцтвамі гэтую ўладу ўжо не аддасьць, неяк не палохала ці проста не прыходзіла ў галаву. Большасьць народу была гатовая ахвяраваць каштоўнасьцю «свабода» дзеля каштоўнасьці «парадак, моцная рука».

Лукашэнка эфэктыўна скарыстаўся гэтымі настроямі для сьцьвярджэньня аднаасобнай улады. Урок прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году, калі прамая апэляцыя да народу дала ашаламляльны вынік, стаў для яго формулай перамогі. Хоць у ходзе рэфэрэндуму ён шмат разоў парушыў Канстытуцыю і законы, але легітымнасьць (прызнаньне права грамадзтва на ўладу) аказалася важнейшай за законнасьць.

Трэба адзначыць, што Лукашэнка нанёс паражэньне нацыянальна арыентаванай і лібэральнай апазыцыі па частках. На рэфэрэндуме 1995 году супраць беларусізацыі галасавала і частка лібэральнай інтэлігенцыі, ІТР, дзяржслужбоўцаў. Адпрэчваючы ўвядзеньне беларускай мовы ў сфэры адукацыі і дзяржаўнага справаводзтва, яны не разумелі, што адмова ад новых сымбаляў стала пачаткам сыстэмных контрарэформаў, а на зьмену беларусізацыі прыйдзе зусім не лібэралізацыя на эўрапейскі манер, не фармаваньне нейкай наднацыянальнай грамадзянскай супольнасьці заходняга тыпу, як многія зь іх лічылі, а саветызацыя грамадзкага жыцьця, аднаўленьне супольнасьці «саўкоў». Наступны рэфэрэндум, 24 лістапада 1996 году, стаў ужо ўдарам па дэмакратыі.

Лукашэнка здолеў запалохаць ўсіх дзяржслужбоўцаў і прымусіць дзяржаўны апарат працаваць на яго

За два гады знаходжаньня ва ўладзе Лукашэнка пасьпеў пабудаваць сыстэму, якая дапамагае яму дасягнуць патрэбнага выніку. Ён зрабіў тое, што не адважыўся зрабіць Вячаслаў Кебіч у 1994 г. Лукашэнка здолеў запалохаць ўсіх дзяржслужбоўцаў і прымусіць дзяржаўны апарат працаваць на яго. Спатрэбілася толькі трохі ўзмацніць націск, і старая савецкая сыстэма запрацавала на поўных абаротах. Лукашэнка прадэманстраваў магчымасьці манаполіі дзяржавы на радыёэлектронныя СМІ. Ад савецкага пэрыяду і часу праўленьня Вячаслава Кебіча інфармацыйная палітыка новага ўзору адрозьнівалася бесцырымоннасьцю, агрэсіўнасьцю, стварэньнем вобразу ворага.

Падзеі восені 1996 году прадэманстравалі слабасьць беларускай намэнклятуры. Яна праявіла разгубленасьць у 1991 годзе, калі распаўся СССР, правалілася ў 1994 годзе на прэзыдэнцкіх выбарах. І падчас гэтага рэфэрэндуму большасьць Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, дзе дамінавала намэнклятура, паказала сваю няздольнасьць аказаць супраціў напору прэзыдэнта, арганізаваць ягоны імпічмэнт.

Таксама рэфэрэндум паказаў слабасьць і глупства маладога беларускага бізнэсу. Ягоныя прадстаўнікі не разумелі, што ў той сацыяльнай мадэлі, якую пачаў будаваць Лукашэнка, месца бізнэсу толькі на маргінэсе. Амаль усе бізнэсоўцы, якія падтрымалі Лукашэнку, дрэнна скончылі.

Амаль усе бізнэсоўцы, якія падтрымалі Лукашэнку, дрэнна скончылі

Зразумела, тыя падзеі выявілі крызіс лідэрства ў апазыцыі. Не знайшлося свайго Ельцына, які залез бы на танк, як Барыс Мікалаевіч 19 жніўня 1991 году, і абʼявіў бы пра дзяржаўны пераварот.

Таксама Лукашэнку пашанцавала з цыклем грамадзкага ўзбуджэньня. Справа ў тым, што вясной 1996 году ў Менску прайшлі масавыя акцыя пратэсту, на якія выходзілі 70–100 тысяч людзей. Гэтыя падзеі ўвайшлі ў гісторыю як «Менская вясна». А восеньню таго ж году ўсе спробы апазыцыі вывесьці на вуліцу масы людзей ня мелі посьпеху. Тая колькасьць народу, якая ўсё ж выходзіла, не магла пераламаць сытуацыю.

Можна, зразумела, казаць пра асобныя памылкі праціўнікаў Лукашэнкі. Кажуць, што Вярхоўнаму Савету ня трэба было абʼяўляць рэфэрэндум ці выстаўляць на галасаваньне новы праект Канстытуцыі, які скасоўваў пасаду прэзыдэнта; старшыні Цэнтрвыбаркаму ня варта было да падвядзеньня вынікаў казаць пра парушэньні. Можа, і так. Але наўрад ці гэтыя тактычныя памылкі маглі на нешта кардынальна паўплываць.

Сёньня мы можам толькі з жалем канстатаваць, што 20 гадоў таму ўсталяваньне рэжыму асабістай улады Лукашэнкі паклала пачатак новаму этапу сучаснай гісторыі Беларусі. Прадстаўнічыя органы ўлады былі фактычна ліквідаваныя. Усе арганізаваныя палітычныя сілы ў выглядзе партыяў і іншых структур выштурхнутыя зь легальнай палітычнай барацьбы, апазыцыя апынуліся ў становішчы пазасыстэмнай. Дзесяцімільённая краіна стала закладніцай аднаго чалавека.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG