Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Больш як тры месяцы ў Беларусі дзейнічае новы ўрад. Ці ёсьць станоўчыя вынікі? Ці зможа цяперашняя ўрадавая каманда пайсьці на рынкавыя рэформы? Якое месца займае ўрад у беларускай сыстэме кіраваньня?

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і экспэрт Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру Зьміцер Крук.

Ці ёсьць станоўчыя вынікі дзейнасьці ўраду?

Валер Карбалевіч: «Сто дзён ва ўсясьветнай практыцы лічыцца такім тэрмінам, калі ўжо можна даваць ацэнку дзеяньням ураду. Мінулым тыднем Лукашэнка прымаў кіраўніка ўраду Андрэя Кабякова і кіраўніка Нацбанку Паўла Калаўра. Тады і прэм’ер-міністар, і прэзыдэнт казалі пра станоўчыя тэндэнцыі ў эканоміцы. Ці сапраўды такія тэндэнцыі ёсьць?»

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба

Барыс Жаліба: «Ёсьць прыкметы фінансавай стабілізацыі. Стабілізаваўся абменны курс беларускага рубля. Выправіўся замежнагандлёвы балянс, ён стаў станоўчым за кошт таго, што на трэць скараціўся імпарт. Скарацілася грашовая маса. Але тут заслуга ня ўраду, а Нацбанку.

Але ёсьць і адмоўныя бакі. Няма росту валавога ўнутранага прадукту. Мінусуе прамысловасьць. Расьце беспрацоўе. Упалі заробкі».

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук

Зьміцер Крук: «Так, фінансавая стабілізацыя дасягнута. Але за гэта мы плацім вялікую цану. Краіна ўступіла ў пэрыяд рэцэсіі. Выконваецца сумесная праграма і Нацбанку, і ўраду адносна палітыкі ўнутранай дэвальвацыі. Калі лічыць гэта непазьбежным этапам у эканамічным разьвіцьці, то гэта можна лічыць і дасягненьнем.

Але, зь іншага боку, мы трапілі ў даволі сур’ёзны крызіс. Прычым прычыны гэтага крызісу ня вонкавыя, а ўнутраныя. Прычыны вынікаюць з сутнасьці беларускай мадэлі».

Ці зможа цяперашні ўрад пайсьці на рынкавыя рэформы?

Карбалевіч: «Пэўная фінансавая стабілізацыя дасягнута. А што далей? Патэнцыйныя замежныя крэдыторы Беларусі — і МВФ, і Эўразійскі банк — кажуць пра неабходнасьць структурных рэформаў. Выстаўляюць гэта як умову выдзяленьня крэдытаў. Ці здольны існы ўрад на рэформы?»

Жаліба: «Сур’ёзных рэформаў чакаць не даводзіцца. Як і раней, улады ідуць па шляху пошуку новых замежных крэдытыў, якія, як звычайна, праядуць. Хоць нейкія частковыя рэформы пад ціскам замежных крэдытораў магчымыя. Але стаўленьне ўраду да бізнэсу нэгатыўнае».

Крук: «У мяне на гэты конт ня склалася выразнай думкі. Старшыня місіі МВФ, які рэгулярна наведвае Беларусь, на прэсавай канфэрэнцыі заўважыў, што пры размове зь беларускімі афіцыйнымі асобамі наконт рэформаў чуе адзін адказ: мы за рэформы, але цяпер ня добры час для гэтага. Але лепшага часу ня будзе. Чым далей, тым больш сытуацыя ў эканоміцы пагаршаецца.

Першай прыкметай рэформаў будзе зьмена сыстэмы разьмеркаваньня рэсурсаў. Пэўны прагрэс у гэтым кірунку ёсьць. Але ў мяне больш пэсымістычныя чаканьні. Калі і будуць адбывацца перамены, то вельмі марудна. Сыстэмных рэформаў бліжэйшым часам я не чакаю».

Якое месца займае ўрад у беларускай сыстэме кіраваньня?

Карбалевіч: «Вось у зьвязку з адсутнасьцю рэформаў гучыць шмат папрокаў на адрас ураду. Але ці справядлівыя гэтыя папрокі? Ці вызначае тут урад эканамічную палітыку?»

Жаліба: «Так. Эканамічную палітыку вызначае прэзыдэнт. А ўрад у нас тэхнічны. Ня думаю, што ў гэтым сэнсе нешта зьменіцца. А Лукашэнка па-іншаму кіраваць ня можа. Але ўрад усё ж уплывае на эканамічную палітыку. Ён рыхтуе прапановы для прэзыдэнта».

Крук: «Так, стратэгічныя рашэньні прымаюцца ў адміністрацыі прэзыдэнта, самім прэзыдэнтам. Але кіраўнікі ўраду маюць магчымасьць пераканаць Лукашэнку ў неабходнасьці тых ці іншых дзеяньняў».

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG