Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы начальнік Ашмянскай мытні асуджаны, ягоныя падначаленыя чакаюць суду


Менскі абласны суд прызнаў вінаватым у хабарніцтве і асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня былога начальніка Ашмянскай мытні Івана Нівяркевіча.

Суд пастанавіў таксама канфіскаваць усю маёмасьць былога мытніка і забараніць яму на 5 гадоў займаць кіраўнічыя пасады. Прысуд можа быць абскарджаны, але зьвестак пра тое, што асуджаны накіраваў на яго скаргу, у прэсавай службе суду няма. Таксама там ня кажуць, ці прызнаў Іван Нівяркевіч сябе вінаватым.

Працэс над Іванам Нівяркевічам праходзіў у сьнежні 2015 году і быў адкрыты, але значнай увагі мэдыяў не прыцягнуў. Прысуд былому мытніку абвясьцілі напярэдадні Новага году.

У справе фігуравалі матэрыяльныя каштоўнасьці агульным коштам больш за 238 мільёнаў рублёў, якія, паводле сьледзтва, Нівяркевіч атрымаў у якасьці хабару з «выкарыстаньнем службовых паўнамоцтваў». На які пэрыяд прыпадае злачынства, у паведамленьні на сайце Вярхоўнага суду не пазначана. Адметна, што судзілі Івана Нівяркевіча аднаго, хоць летась была арыштаваная вялікая група супрацоўнікаў ашмянскай мытні, у якіх падчас ператрусаў агулам было знойдзена каля 2,2 мільёна даляраў — гэтак паведамляла прэсавая служба КДБ. Чаму справа былых падначаленых Івана Нівяркевіча дагэтуль не адпраўленая ў суд, у пракуратуры Беларусі не камэнтуюць.

Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак летась дзяліўся з мэдыямі зьвесткамі, якія атрымаў ад былых калегаў. На яго думку, мільёны даляраў хабару ашмянскія мытнікі «зарабілі» на схемах пропуску ў Беларусь харчовых тавараў, якія падпалі пад санкцыі ў Расеі. Тое, што справа Івана Нівяркевіча фармальна аказалася не зьвязаная з гэтымі схемамі, былы сьледчы лічыць паказальным.

«У гэтых схемах вельмі складана разабрацца, але для мяне відавочна, што хаваецца той факт, што ніткі карумпіраваных сувязяў з Ашмянскай мытні вядуць наверх, а не заканчваюцца начальнікам мытні.

Паведамлялі, што арыштаваныя ажно 40 мытнікаў, цэлая зьмена — і што зь імі? Чаму дагэтуль не закончылі справу? А начальніка хуценька засудзілі за нейкі дробны хабар? Мяркую, звычайныя мытнікі і нават начальнік мытні такія складаныя схемы — прывезьці сюды тавар, распакаваць, перааформіць на іншага вытворцу і павезьці па пэўных адрасах у Расею — гэтага самі б не прыдумалі. Тут патрэбны „мозг“ і „крыша“. Зразумела, што час ідзе, кагосьці трэба „зьліць“, кімсьці ахвяраваць, вось і ўсплываюць справы. Але тыя, хто наверсе — яны застаюцца, і да іх сьледзтва не даходзіць», — мяркуе Алег Воўчак.

Сярод арыштаваных на пачатку леташняй вясны ашмянскіх мытнікаў аказаўся і Алесь Юркойць, вядомы на Ашмяншчыне руплівец беларускай мовы. Знаёмы Юркойця паведаміў карэспандэнту Свабоды:

«Алесь, як і іншыя ашмянскія мытнікі, пасьля „амэрыканкі“ цяпер сядзіць на „Валадарцы“. Сьледчых дзеяньняў даўно няма, але і суду ня бачна. Я ў ягоную віну ня веру, але ў нас гэтак, што калі ўжо ўзялі, дык будуць судзіць. Калі не за хабарніцтва, дык хаця б за тое, што садзейнічаў, бо не паведаміў, куды трэба».

XS
SM
MD
LG