Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15–20% ВУП Беларусі — гэта грошы, якія ідуць на подкуп чынавенства, — Паганяйла

абноўлена

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла

Адвакат Гары Паганяйла, былы сьледчы Алег Воўчак і падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоўкамэнтуюць 119 месца Беларусі ў рэйтынгу успрыманьня карупцыі, падрыхтаваным міжнароднай арганізацыяй Transparency International.

«У Беларусі сыстэма ўлады наладжаная гэтак, што яна сама спараджае карупцыю, а ў такіх умовах антыкарупцыйныя захады ня дзейнічаюць ці дзейнічаюць недастаткова. Да 15–20% валавога прадукту ў Беларусі — гэта грошы, якія ідуць на подкуп чынавенства. Галоўная небясьпека, што карупцыя разбурае законнасьць, бо права ня дзейнічае, а дзейнічае мех з грашыма, і праз гэта вырашаюцца ўсе праблемы для зацікаўленых асобаў. Разбураецца і сама сыстэма ўлады, бо гэтая сыстэма служыць ужо не грамадзтву, а толькі абслугоўвае само чынавенцтва.

У сучаснай Беларусі мы гэта бачым уласнымі вачыма. Канешне, нейкая бачнасьць барацьбы з карупцыяй ёсьць, але тое, што нам дэманструюць, гэта даказвае некалькі рэчаў. Што дзейнічае ўлада выбарачна, няма сыстэмнага падыходу, няма зьменаў у законах, паводле якіх грамадзяне маглі б удзельнічаць у кантролі над чынавенствам. Прыкладам, над тым, як яны трацяць грошы на тыя ж сацыяльна значныя праекты. А ў нас атрымліваецца, што кожны такі праект па сутнасьці зьвязаны з карупцыяй. Скажам, праект па добраўпарадкаваньні мяжы — зьвязаны з карупцыяй, мэдыцына — зьвязана з карупцыяй, мадэрнізацыя эканомікі — зноў падазрэньні ў карупцыі. І гэтак раскрадаюцца мільярды рублёў, якія ідуць на хабар чыноўнікам ад камэрцыйных структураў, якія мусяць засвоіць дзяржаўныя заказы ў межах гэтых праектаў.

Ва ўсіх на памяці працэс над былым намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Васільевым, дзе гаворка ішла пра хабар у 500 тысяч даляраў. Хабар узьнік падчас рэалізацыі грамадзка значнага праекту па пабудове неабходных для сталіцы заводаў па спальваньні сьмецьця. Значыць, у чыноўнікаў была магчымасьць на гэтым праекце зарабіць і сабе, прычым у выніку нічога гэтак і не пабудавалі. І адметна тое, што працэс хутка зрабілі закрытым, як толькі стала зразумела, што да яго мае дачыненьне ня толькі Васільеў. І гэтак вельмі часта — ідуць працэсы, але закрытыя.

Ня хоча ўлада паказаць, наколькі глыбока пранікла карупцыя ў дзяржаўную сыстэму. Існуе па-сутнасьці сетка карупцыйных сувязяў, якую спрабуюць схаваць, таму і закрываюць гэтыя працэсы. У выніку вынесуць чыноўніку строгі прысуд, да 10, а бывае і болей, да 14 гадоў, як з тым Васільевым, а што за гэтым схавана — грамадзкасьць ня ведае.

І другі момант у праблеме грамадзкага кантролю над чыноўнікамі, які вельмі ўласьцівы для Беларусі, гэта тое, што адсутнічае і дзейны кантроль з боку мэдыяў. Журналістам па карупцыйных справах даюць толькі вельмі абмежаваную інфармацыю, ужо на заключнай стадыі працэсаў. У выніку мэдыі не фармуюць у грамадзтва патрэбнага стаўленьня да карупцыі, у тым ліку стаўленьня з боку чыноўнікаў. Журналістам не даюць патрэбных зьвестак і больш за тое, даюць па руках тым журналістам, якія нешта лішняе напісалі».

Падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў: «Дастаткова паглядзець на катэджы чыноўнікаў у Драздах, каб вызначыць наш рэйтынг карупцыі»

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

«Здавалася б, барацьба з карупцыяй сапраўды ідзе. Прычым ловяць ня толькі шарагоўцаў, але і знакавых асобаў: згадаем намесьніка міністра ўнутраных спраў Полудня, намесьніка генпракурора Архіпава, цяпер вось чытаў, што судзяць былога намесьніка старшыні Ваеннага суду Тузава. Але ў мяне ўзьнікае пытаньне: чаму менавіта іх?

Перакананы, што адносна ўсіх чыноўнікаў такога клясу дзейнічае апэратыўнае суправаджэньне, і яны пра гэта, дарэчы, ведаюць. Калі вы калі-небудзь кантактавалі з высокімі чыноўнікамі, то мусілі заўважыць, што некаторыя рэчы яны ніколі не прамаўляюць услых. Прыкладам, яны не называюць прэзыдэнта па прозьвішчы, ня кажуць нейкія рэчы, хаця могуць паказаць сваё стаўленьне жэстамі ці ўскінуць позірк у столь, даючы зразумець, што паўсюль мікрафоны. Гэта я пра што? Пра тое, што на кожнага з такіх чыноўнікаў, як на і судзьдзяў ды іншых з пэўнага моманту ёсьць па дзьве валізкі кампрамату. Інакш яны існаваць ня могуць, на афіцыйны заробак яны яўна не жывуць.

Дастаткова паехаць у Дразды і паглядзець на катэджы чыноўнікаў, каб гэта зразумець. А вось зь якой прычыны, паводле якога крытэру — таго ці іншага — з гэтых чыноўнікаў выцягваюць, каб гэты кампрамат супроць іх ужыць, — гэтага я ня ведаю. Чаму кагосьці зь іх судзяць (дарэчы, цалкам па заслугах), а кагосьці — не, мне не зразумела. Мне зразумела, што калі сапраўды гэтыя валізкі дастаць і па іх усіх завесьці справы, дык давядзецца ўсім ісьці на суд, ці ва ўсялякім разе — большасьці.

Перакананы, што пакуль няма нармальных выбараў, незалежных мэдыяў і незалежных судоў, ніякай барацьбы з карупцыяй насамрэч няма і ня будзе. Будзе толькі імітацыя», — кажа падпалкоўнік міліцыі ў адстаўцы Мікалай Казлоў.

Былы сьледчы пракуратуры Алег Воўчак: «У Беларусі статыстыку па карупцыі карэктуюць для інвэстараў»

Алег Воўчак
Алег Воўчак

«Як кіраўнік праваабарончай арганізацыі і былы сьледчы скажу, што ня веру дадзеным, паводле якіх карупцыі ў нас нібыта стала меней. Насамрэч карупцыі стала больш, асабліва ў рэгіёнах. У нас дастаткова фактаў, калі карупцыю хаваюць, не заводзяць крымінальныя справы супроць чыноўнікаў па заявах грамадзянаў.

Другая праблема — назіраецца тэндэнцыя да памяншэньня колькасьці карупцыйных артыкулаў у Крымінальным кодэксе, службовыя злачынствы пераводзяць у разрад неслужбовых, а гэта ўжо іншая адказнасьць і іншыя лічбы. А пра статыстыку ўвогуле — асобная размова.

У краіне не працуюць незалежныя арганізацыі, якія маглі б праводзіць маніторынг па карупцыі. Паказчыкі, якімі карыстаюцца ў сваіх аглядах міжнародныя арганізацыі, — гэта тое, што ім дае наша пракуратура. Між тым, туды ня маюць доступу беларускія незалежныя мэдыі, праваабарончыя арганізацыі, каб праверыць іх дадзеныя. У судах шмат справаў па карупцыі слухаюцца ў закрытым рэжыме — вось яшчэ адзін доказ таго, што інфармацыю хаваюць. Беларуская ўлада статыстыку па карупцыі карэктуе, каб прывабіць сюды інвэстараў. Бо лічыцца, што каліі ідзе змаганьне з карупцыяй, то пойдуць інвэстары.

Дарэчы, наколькі мне вядома па кантактах з замежнікамі, яны гэтым дадзеным ня вераць і заўсёды правяраюць праз партнэраў на месцах, ёсьць тут карупцыя ці няма і як з ёй змагаюцца, рэальна ці для выгляду. Маё меркаваньне — што для выгляду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG