Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былога кіраўніка праваслаўнага выдавецтва падазраюць у буйным крадзяжы


Уладзімер Грозаў выступае на ўрачыстым уручэньні факсымільнага выданьня Слуцкага Эвангельля Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, 2011 год

Уладзімер Грозаў выступае на ўрачыстым уручэньні факсымільнага выданьня Слуцкага Эвангельля Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту, 2011 год

Супраць 55-гадовага былога кіраўніка выдавецтва Беларускага экзархату Генпракуратура распачала крымінальную справу па падазрэньні ў крадзяжах пры злоўжываньні службовым становішчам.

Паводле праваахоўнікаў, экс-кіраўнік выдавецтва арганізаваў крадзеж грашовых сродкаў падпарадкаванага яму выдавецтва.

«Ён наўмысна аддаваў незаконныя распараджэньні падначаленым работнікам пра штомесячнае зьнішчэньне дакумэнтаў першаснага ўліку таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў і грашовых сродкаў, а таксама незаконна адбіраў з касы прадпрыемства наяўныя грашовыя сродкі. Далей грашовыя сумы фігурант выкарыстаў для набыцьця за мяжой грузавога і легкавога аўтатранспарту. Паводле сабраных матэрыялаў устаноўлена, што гэтая дзейнасьць мела месца з 2005 па 2014 год», — апавялі ў менскай міліцыі.

Агулам гаворка ідзе пра 14 адзінак тэхнікі на агульную суму больш за 150 тысяч даляраў. Аўтамабілі афармляліся на самога кіраўніка выдавецтва альбо на ягоных сваякоў.

Праваахоўнікі працягваюць разьбірацца ў нюансах гаспадарчай дзейнасьці падазраванага і адзначаюць, што прадстаўнікі праваслаўнай царквы садзейнічаюць у правядзеньні праверачных мерапрыемстваў для выяўленьня незаконнай дзейнасьці.

Як паведамляе дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА, у кастрычніку 2014 году на афіцыйным сайце БПЦ паведамлялася, што патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал наведаў выдавецтва Беларускага экзархату і правёў нараду зь яго супрацоўнікамі. Мітрапаліт Павал азнаёміў калектыў выдавецтва з высновамі Сынадальнай рэвізійнай камісіі Беларускага экзархату, якая правяла праверку адміністрацыйнай, гаспадарчай і фінансавай дзейнасьці выдавецтва. Экзарх прадставіў прысутным новага дырэктара выдавецтва — ярэя Аляксія Кандрашова.

Мітрапаліт Павал заявіў тады, што рэвізійная камісія прызнала дзейнасьць першага намесьніка дырэктара выдавецтва Беларускага Экзархату Ўладзімера Грозава нездавальняючай. Яго паўнамоцтвы на гэтай пасадзе былі прыпыненыя. Была прыпыненая дзейнасьць Міжнароднага дабрачыннага фонду «Сям’я — яднаньне — айчына» і Рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Бацькі і настаўнікі — за адраджэньне праваслаўнай адукацыі», удзел у іх Уладзімера Грозава. Таксама прыпыненая дзейнасьць Грозава па рэалізацыі духоўна-асьветніцкай праграмы Беларускай праваслаўнай царквы «Сям’я — яднаньне — айчына», праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі і БПЦ.

XS
SM
MD
LG