Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Менску прэзэнтавалі аўдыёкнігу Генадзя Бураўкіна


Генадзь Бураўкін, архіўнае фота

Генадзь Бураўкін, архіўнае фота

У менскай галерэі «Ў» адбылася прэзэнтацыя аўдыёкнігі Генадзя Бураўкіна, якая выйшла ў сэрыі «Голас паэта».

Выдаўцы аўдыёкнігі — Саюз беларускіх пісьменьнікаў, студыя «Гукапіс» кампаніі «Прастора-бай» і «Арт-сядзіба». Сабралі запісы Алесь Калоша і Валер Мазынскі.

У вечарыне ўзялі ўдзел Віктар Казько, Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Някляеў, Барыс Пятровіч, Зінаіда Бандарэнка, а таксама сям’я паэта. Напачатку сьпявачка Тацяна Грышкевіч выканала песьню «Малітва» на словы Генадзя Бураўкіна. Затым узяў слова старшыня СБП Барыс Пятровіч, які сказаў, што прысутнасьць у залі вялікай колькасьці людзей азначае, што імя Бураўкіна вельмі шанаванае ў грамадзтве.

«Вельмі крыўдна, што дзяржава самаўхілілася ад ушанаваньня памяці такіх асобаў, як Генадзь Бураўкін, як Рыгор Барадулін, як Васіль Быкаў. Чыноўнікі прыходзяць і сыходзяць, а імя паэта будзе заставацца навечна».

У сваім выступе Ўладзімер Някляеў адзначыў, што Бураўкін прадстаўляў Беларусь у ААН, калі краіна рабіла толькі першыя крокі як самастойная дзяржава, калі трэба было заяўляць пра сябе на ўвесь сьвет.

«Гэту нялёгкую і пачэсную місію з годнасьцю выконваў Генадзь Бураўкін», — сказаў Някляеў.

Зінаіда Бандарэнка апавяла пра часы, калі Генадзь Бураўкін узначальваў Белтэлерадыёкампанію, як ён «ператварыў саўковае тэлебачаньне ў сучаснае».

Удзельнікі вечары Віктар Казько і Васіль Зуёнак прачыталі свае вершы-прысьвячэньні Генадзю Бураўкіну. Літаратар Міхась Скобла сказаў, што жыцьцёвая пазыцыя Бураўкіна была незалежная, годная і неканьюнктурная. Таму ён ня змог працаваць у цяперашняй сыстэме і вельмі трапна сказаў: «Вось хамут ваш і дуга, я вам болей не слуга».

Адзін з выдаўцоў Алесь Калоша сказаў, што каштоўныя ня толькі вершы, якія начытаў Генадзь Бураўкін, але і гутаркі, якія не ўвайшлі ў аўдыёкнігу. Алесь Калоша плянуе выдаць гэтыя гуркі на асобным аўдыёдыску.

Сын паэта Аляксей Бураўкін сказаў, што голас, як і фотаздымак, многа гаворыць пра яго бацьку:

«У гэтым голасе ніколі не было фальшы, хітрасьці ці каньюнктурнасьці», — адзначыў Аляксей.

На вечарыне гучалі вершы з аўдыёкнігі ў выкананьні Генадзя Бураўкіна.

Раней у гэтай сэрыі выйшлі аўдыёкнігі Ніла Гілевіча і Ўладзімера Някляева.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG