Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Бундэстаг здымае забарону на кантакты з Нацыянальным сходам Беларусі?


Абмяркоўваюць Аляксандра Дынько, Уладзімер Глод і Віталь Цыганкоў.

Глод: Бундэстаг — парлямэнт Нямеччыны — будзе на афіцыйным роўні працаваць з абедзьвюма палатамі Нацыянальнага сходу Беларусі. Пра гэта распавялі дэпутаты Бундэстагу Утэ Фінке-Крэмэр і Олівэр Качмарэк, якія пабывалі ў Менску з трохдзённым візытам.

Афіцыйна забароны на кантакты з Палатай прадстаўнікоў у Нямеччыне ніколі не было. Аднак неафіцыйна яна існавала. Традыцыйна эўрапейскія дэпутаты, асабліва з такіх краінаў, як, напрыклад, Нідэрлянды, Нямеччына, Польшча, унікалі ўсялякіх афіцыйных кантактаў. Тлумачэньне іхным паводзінам простае — на Захадзе праз тое, што выбары ў Беларусі не адпавядалі міжнародным стандартам, не лічылі беларускі парлямэнт легітымным.

Адзін прарыў, які здолелі зрабіць беларускія ўлады на міжнародным міжпарлямэнцкім роўні, — гэта прызнаньне, дарэчы, ужо 15 гадоў таму, Нацыянальнага сходу Беларусі як афіцыйнай заканадаўчай улады дзяржавы ў рамках Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Аднак АБСЭ зь яе велізарнымі памерамі — ад Уладзівастоку да Ванкувэру — і вельмі размытымі функцыямі ды абмежаванымі магчымасьцямі зьяўляецца адзіным выключэньнем.

Асабліва пакрыўджаныя беларускія дэпутаты на тое, што яны не прадстаўленыя ў парлямэнцкім вымярэньні праграмы «Ўсходняе партнэрства», адрозна ад сваіх калегаў зь іншых пяці краінаў.

Таму беларускім уладам так важна дамагчыся прызнаньня легітымнасьці Нацыянальнага сходу з боку асобных эўрапейскіх дзяржаваў. Асабліва Нямеччыны — лякаматыву Эўропы.

Падчас знаходжаньня ў Менску дэлегацыя Бундэстагу ўпершыню на афіцыйным роўні сустрэлася з калегамі з Нацыянальнага сходу. На пытаньне журналістаў, чаму такое стала магчымым, Олівэр Качмарэк адказаў, што гэта вынік палітычных крокаў, зробленых за апошні час: вызваленьне палітвязьняў, мірныя выбары, канструктыўная роля Менску ва ўрэгуляваньні сытуацыі ва Ўкраіне. І, вядома, на рашэньне нямецкага боку паўплывала справаздача Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) аб сёлетніх парлямэнцкіх выбарах. Там напісана, што невялікі прагрэс параўнальна з папярэдняй выбарчай кампаніяй зафіксаваны. Таму, падкрэсьліла Утэ Фінке-Крэмэр, «далейшая супраца будзе залежаць ад таго, як будуць выконвацца рэкамэндацыі АБСЭ». Яна сказала таксама: існуе вялікая верагоднасьць таго, што Бундэстаг упершыню за шмат гадоў накіруе запрашэньне беларускім дэпутатам прыехаць у Бэрлін. І гэта стане знакам таго, што беларускі парлямэнт хоць у нейкай ступені абраны належным чынам.

Нямецкія дэпутаты таксама сказалі, што няма прычынаў, каб беларускія дэпутаты і надалей ня мелі сваіх месцаў у «Эўранэсьце». Урэшце рэшт, паводле Фінке-Крэмэр, нельга ставіцца да беларускага парлямэнту больш крытычн, чым да расейскага, кітайскага або азэрбайджанскага. А з усімі гэтымі парлямэнтамі ў Бундэстагу афіцыйныя кантакты існуюць.

Вядома, што падчас знаходжаньня ў Менску нямецкія дэпутаты сустракаліся і з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. У часткі суразмоўцаў дзеяньні Нямеччыны выклікаюць крытыку. На гэта спадар Качмарэк рэагуе так:

«Наш дыялёг не азначае, што мы адмовіліся ад крытыкі. Беларусь робіць маленькія крокі, мы робім маленькія крокі. І каб працягваць, мы, натуральна, чакаем сустрэчных крокаў зь беларускага боку, устойлівага руху наперад. Адчынілася акно для дыялёгу, і мы хочам яго выкарыстоўваць».

Зь усяго гэта вынікае пытаньне да вас, калегі: ці сапраўды беларускія ўлады гатовыя да дыялёгу з Захадам, ці гэта толькі часовы манэўр?

Я ня ўпэўненая, што тыя праграмы міжнароднага супрацоўніцтвя, якія маюць нашыя ўстановы, хоць у нейкай ступені эфэктыўныя

Дынько: Калі казаць пра тое, ці гатовыя, то сапраўды, вядома, гатовыя, бо ўсе гэтыя маленькія крокі, якія пералічылі, якія для Беларусі былі вялізнымі — гэта і вызваленьне палітвязьняў, і палягчэньне стаўленьня праваахоўных органаў да дэманстрацыяў (у нас ужо людзей ня бʼюць, у турмы не саджаюць, абыходзяцца штрафамі), і беларускае грамадзтва ўжо успрымае гэта як належнае, ёсьць і палёгкі ў стаўленьні да нацыянальных сымбаляў, бел-чырвона-белага сьцягу, Пагоні. БРСМ ужо носіць вышыванкі, і калі казаць пра дэпутатаў і новага парлямэнту, то сёньня мы ўжо згадвалі фразу Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ўлада Беларусі зрабіла ўсё, каб спадабацца ня толькі Захаду, але і каб не было сорамна за нас нашым сябрам у Расеі, Кітаі і Прыбалтыцы. Уласна вось гэтыя дзьве апазыцыйныя дэпутаткі, які прайшлі ў цяперашні парлямэнт, — гэта таксама такі знак Захаду, знак гатовасьці да таго, што мы хочам нейкіх перамоваў, хоць зразумела, што паводле назіраньняў гэтыя выбары нічым не адрозьніваюцца і па той колькасьці парушэньняў, якія былі зафіксаваныя падчас іх. А вось ці сапраўды яны гатовыя весьці дыялёг на роўных? Бо ўсё ж такі дзесяцігодзьдзі ізаляцыі ад такіх дыпляматычных стасункаў, ад традыцыі перамоваў фактычна выключылі беларускую палітычную ўладу з эўрапейскай міжнароднай праграмы. Я ня ўпэўненая, што тыя праграмы міжнароднага супрацоўніцтвя, якія маюць нашыя ўстановы, хоць у нейкай ступені эфэктыўныя; ці не засталіся яны такімі самымі фармальнымі? Наколькі беларускія чыноўнікі і дэпутаты гатовыя мяняцца, адэкватна фармуляваць і прадстаўляць інтарэсы Беларусі ў гэтых кантактах, не ўзгадняючы іх з інтарэсамі Расеі, у мяне вялікія сумненьні. Наколькі яны прафэсійна падрыхтаваныя да такога ўзроўню перамоваў?

Глод: Па-мойму, ужо дэпутаты ня ведаюць пра свае функцыі. Бо нядаўна быў «Клюб рэдактараў», і там такі ўжо дасьведчаны ў палітыцы чалавек, як Павал Якубовіч, некалькі разоў казаў, што дэпутаты павінныя ісьці ды выканаўчай улады і пытацца, чым мы вам можам дапамагчы. Як жа гэтыя дэпутаты, якія ёсьць сама ўлада, адна з галін улады, якая фактычна ў нармальных краінах нічым не саступае выканаўчай уладзе, а яны павінныя ісьці і пытацца, чым дапамагчы! Вельмі цікавая ваша заўвага пра тое, што беларускія дэпутаты могуць прыехаць у той жа Бэрлін і пабачыць, што ўсё зуісм ня так, што яны нічога ня ведаюць і маюць зусім іншыя думкі ў галаве.

Вобразна кажучы, Захад цяпер ставіць стратэгічна на незалежнасьць Беларусі, а не на дэмакратыю

Цыганкоў: Апэтыт прыходзіць падчас яды, і калі толькі пачнецца ўся гэтая сыстэма абменаў, паездак, яны вельмі хутка навучацца гэта выкарыстоўваць. Хоць, зь іншага боку, сфэра іхных магчымасьцяў будзе заўсёды абмежаваная нейкімі сьцяжкамі з «чырвонага дому» адміністрацыі прэзыдэнта. Тут ёсьць некалькі прычынаў для разважаньня на тэму зьмены захадаў у больш стратэгічным сэнсе.

Дастаткова натуральная стомленасьць ад санкцыяў. Пасьля 19 сьнежня 2010 году скончылася лібэралізацыя ў дачыненьнях з Захадам, якая працягвалася цэлыя два гады. Пасьля тых падзеяў Захаду не было чаго рабіць, акрамя таго што ўвесьці жорсткія санкцыі і спыніць дыялёг з афіцыйным Менскам. Вось пяць гадоў доўжылася гэтая стратэгія. У выніку за апошнія год-два яна пачала мяняцца на «ўцягваньне», involvement — гэта заўсёды дзьве стратэгіі дачыненьняў зь недэмакратычнымі рэжымамі. Альбо жорсткія санкцыі, альбо спроба ўцягнуць у больш лібэральныя стасункі. Вось цяпер, калі вырашылі, што спрабавалі і гэты варыянт нічога не прынёс, цяпер захад спрабуе іншы варыянт.

Другі важны аспэкт — гэта відавочныя зьмены ў геапалітычнай сытуацыі пасьля Крыму і Данбасу. Вобразна кажучы, Захад цяпер ставіць стратэгічна на незалежнасьць Беларусі, а не на дэмакратыю. Вядома, хацелася б і таго, і другога, каб была незалежная дэмакратычная праэўрапейская Беларусь, але Захад разумее, што гэта ўсё адначасова немагчыма, і цяпер, калі ён аналітычна прыйшоў да такой высновы, гэтая выснова дастаткова абгрунтаваная, што ў бліжэйшы час палітычных зьменаў не прадбачыцца, апазыцыя дастаткова слабая. а грамадзтва аморфнае, то яны вырашылі, на што трэба рабіць стаўку: варта падтрымліваць незалежнасьць Беларусі. А не спрабаваць зьмяніць уладу, спрыяць зьменам, як гэта было яшчэ, напрыклад, у 2006 годзе, калі Захад падтрымліваў больш яскрава і яўна апазыцыйных палітыкаў. А цяпер гэта падтрымка не толькі апазыцыйных дэмакратычных рухаў, але і падтрымка тых дзеяньняў улады, якія гэтую незалежнасьць умацоўваюць. Таму дыялёг з Захадам упадае ў такую парадыгму, калі падтрымка гэтага дыялёгу разглядаецца Захадам як падтрымку аддаленасьці афіцыйнага Менску ад Масквы, умацаваньне яго незалежнасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG