Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хаўтуры па Бум-Бам-Ліце» адмененыя «з тэхнічных прычынаў»


Музэй Заіра Азгура

Музэй Заіра Азгура

13 лістапада ў Мэмарыяльным музэі-майстэрні Заіра Азгура мелася адбыцца імпрэза, прысьвечаная 20-гадоваму юбілею «Бум-Бам-Літа» — руху беларускіх авангардыстаў, утворанага ў 1995 годзе.

Імпрэза мела назву «Хаўтуры па Бум-Бам-Ліце». Удзельнік руху, паэт Ілья Сін, паведаміў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што 12 лістапада, напярэдадні імпрэзы, узьніклі «тэхнічныя прычыны» — таму імпрэза ў музэі-майстэрні Азгура не адбудзецца:

«Яшчэ ўчора супрацоўнікі музэю былі шчыра гатовыя праводзіць імпрэзу — нягледзячы на пэўныя чыста рабочыя непаразуменьні. Яшчэ сёньня апоўдні, калі мы загружалі ў машыну матэрыялы для пэрформансу, ніякіх „тэхнічных прычын“ не ўзьнікала. Але... пакуль мы ехалі ад Акадэміі да Плошчы Перамогі, раптам яны зьявіліся. Думаю, нашаму чалавеку тут усё зразумела...

У нас вельмі шмат што ўжо адмянялася „з тэхнічных прычын“. Што ж, значыць, „Бум-Бам-Літ“ — не такі ўжо нябожчык, калі камусьці ён так вярэдзіць душу! „Хаўтуры“ мы правядзем абавязкова, нягледзячы ні на тэхнічныя, ні на мэнтальныя прычыны. Сачыце за навінамі!»

У інтэрвію Свабодзе Ільля Сін зазначыў, што «тэхнічныя прычыны», на якія спасылаецца музэй, узьніклі неспадзявана і за вельмі малы прамежак часу:

«З музэем у нас была вусная дамоўленасьць, усё было падрыхтавана да імпрэзы. Сёньня, калі мы прыехалі на рэпэтыцыю, нам паведамілі, што ўсё адмяняецца. Гэта поўная неспадзяванка, вельмі цяжка ўбачыць нейкія аб’ектыўныя прычыны. У творчым пляне бум-бам-літаўцы заўсёды дыстанцыяваліся ад палітыкі. Але, відаць, камусьці мы не падабаемся. Безумоўна, калі нешта раптоўна адмяняецца з тэхнічных прычынаў, адразу ўзьнікаюць думкі пэўнага характару».

Літаратурны рух «Бум-Бам-Літ» не існуе з 1999 году, але яго ўдзельнікі засталіся вядомымі дзеячамі беларускай культуры.

Ільля Сін патлумачыў, што 13 лістапада меліся адбыцца ўжо трэція «хаўтуры па Бум-Бам-Літу». Раней імпрэзы з такой назвай праходзілі на 10-годзьдзе і 15-годзьдзе руху.

XS
SM
MD
LG