Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Букмэкерскі падатак: стаўка большая, чым прыбытак


Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Ад 1 студзеня выйгрыш у букмэкерскіх канторах абкладаецца 4-працэнтным падаткам. На практыцы гэта азначае, што цяпер сысьці ў «мінус» можна нават пасьля пасьпяховай стаўкі.

Да 2016 году аматары рабіць стаўкі праз букмэкерскія канторы вызваляліся ад падаходнага падатку. Аднак летась зьявіўся праект новага Падатковага кодэксу, які, сярод іншага, прадугледжваў увядзеньне стаўкі ў памеры 4% у дачыненьні да прыбыткаў у выглядзе выйгрышаў, атрыманых фізычнымі асобамі ад арганізатараў азартных гульняў. Пад канец сэсіі дэпутаты практычна аднагалосна ўхвалілі дакумэнт, згоду на яго дзейнасьць далі Савет рэспублікі і прэзыдэнт. Ад 1 студзеня Падатковы кодэкс у новай рэдакцыі набыў моц.

Як патлумачылі букмэкеры, мэханізм «раскулачваньня» досыць просты. Як толькі заўзятар захоча забраць выйгрыш з афлайнавай стаўкі, зробленай у канторы, зь яго аўтаматычна ўтрымаюць 4% ад усёй сумы. У выпадку, калі стаўка зроблена праз інтэрнэт, спроба зьняць грошы з рахунку таксама цягне за сабой 4-працэнтнае адлічэньне дзяржаве. І нават калі стаўка не згуляла, але грошы паступілі на букмэкерскі рахунак і чалавек зь нейкай прычыны вырашыў вярнуць іх назад, усё роўна будуць страчаныя 4%.

У першую чаргу ад навацыяў пацярпяць «акуратныя» ставачнікі, якія асабліва не рызыкуюць у прагнозах і ходзяць па «ніжэйшай мяжы» выйгрышу. Напрыклад, чалавек робіць стаўку 100 тысяч рублёў на досыць прадказальную перамогу футбольнага клюбу БАТЭ ў чэмпіянаце краіны. Каэфіцыент на такі вынік наўрад ці будзе большы за 1,01. Адпаведна, за ўгаданы вынік ён мае атрымаць 101 тысячу. Але насамрэч на рукі выйдзе... 97 тысяч рублёў, бо 4 тысячы «зьесьць» падатак.

Аналягічная сытуацыя і зь вяртаньнем стаўкі, выкліканай форс-мажорам — прыкладам, адменай ці пераносам спаборніцтва. Замест умоўных 100 тысяч, якія з аб’ектыўнай прычыны не згулялі, кантора верне 96 тысяч, а розьніца пойдзе ў даход дзяржавы.

Павал Знавец

Павал Знавец

Грамадзкі актывіст, заўзятар са стажам Павал Знавец у апошнія гады ад букмэкерскіх ставак меў стабільны прыбытак. Але з увядзеньнем 4-працэнтнага падатку, наракае суразмоўца, аматараў спорту фактычна пазбавілі магчымасьці рабіць стаўкі. Як кажа спадар Знавец, у сярэднім ён меў 4–5% ад сумаў, якія круціліся на ягоных рахунках у букмэкерскіх канторах, бо нават пры неймаверных высілках і пры падвышанай рызыцы «выціснуць» болей амаль немагчыма. Але цяпер гульцоў падштурхоўваюць шукаць альтэрнатыўныя спосабы заробку:

«Тэлефанавалі хлопцы, якія ставяць у канторах на Камароўцы, у іншых месцах — даволі багатыя, зь вялікімі сумамі. Дык вось яны ў касы грошы ўжо не нясуць, а яднаюцца ў невялікія супольнасьці і гуляюць паміж сабой. Гэта людзі, якія ведаюць адзін аднаго, ведаюць, што ніхто нікога ня „кіне“. У выніку дзяржава дабілася таго, што спантанныя суполкі аматараў спорту ня будуць ставіць у канторах, бо ім гэта нявыгадна. Робяць стаўкі паміж сабой: умоўна кажучы, паставілі на „Лівэрпуль“ ці „Манчэстэр Юнайтэд“, хтосьці выйграе, хтосьці прайграе, а дзяржава не атрымае нічога. І кантора таксама.

Апроч гэтага, частка людзей, якіх я ведаю, едуць у Малдову, нехта ў Казахстан, хтосьці пераводзіць актывы ў эўрапейскія канторы — у Аўстрыю, Англію. Іншымі словамі, хто меў грошы, рабіў стаўкі і ў гэтым коле варыўся, ад кантораў адыходзяць. Вось і ўсё, чаго дамагліся тым вар’яцкім новаўвядзеньнем. Тады ўвядзіце падатак на куплю білетаў „Спортлато“ — і пабачыце, як людзі будуць купляць. Гэта ж тое самае...»

Тое, што аб’ём ставак істотна зьменшыўся, канстатуюць самі супрацоўнікі букмэкерскіх кантораў. Цяпер кожная ўстанова думае перадусім пра тое, як і чым утрымаць свайго кліента. Агучваецца нават гатовасьць узяць частку падатковага цяжару на сябе, павялічыўшы каэфіцыенты на асобныя спартовыя падзеі. Тым ня меней, перакананы Павал Знавец, усе ўдзельнікі рынку разумеюць, што ў Беларусі фактычна ўведзена забарона на букмэкерства:

І канторы істотна пацярпяць, і дзяржава недалічыцца. Трэба быць абсалютным ідыётам, каб такое ўводзіць

«Абсалютна несусьветная матывацыя захадаў, проста глупства. Фармальна ўсё падведзена пад казіно — маўляў, левыя стаўкі, чорная каса, грошы вывозяцца і г.д. Але ж гэта зусім іншая справа! Для пачатку хоць разьдзяліце казіно і букмэкерскія канторы, інакш усё будзе загублена. У нас колькі кантораў — мабыць, шэсьць ці сем — а застануцца адна-дзьве. Астатнія проста збанкрутуюць, бо ня будзе кліентуры. Ужо пачаўся адток тых, хто рабіў стаўкі. Найперш Міністэрству па падатках і зборах трэба мець уяўленьне, што букмэкерскі бізнэс і казіно — гэта зусім розныя рэчы. А яны пад адзін капыл падагналі, ды ўсё. Для мяне гэта, канечне, удар, бо я пазбаўляюся сталага прыбытку, які меў на працягу апошніх гадоў васьмі. Якраз тыя сродкі, што я зарабляў — 4–5% ад сумаў, якія круціліся на рахунках кантораў — сыходзяць на падатак. І ў канторах мне становіцца нявыгадна. Так што цалкам перакваліфікуюся і буду рабіць стаўкі сярод сяброў, знаёмых. Іншага выйсьця няма. І такіх, як я, ледзь не палова, калі ня болей. Як вынік — і канторы істотна пацярпяць, і дзяржава недалічыцца. Трэба быць абсалютным ідыётам, каб такое ўводзіць».

Спробы абыйсьці новы закон адпачатку запраграмаваныя на правал. Ад канца 2013 году ў Беларусі функцыянуе адмысловая кампутарная касавая сыстэма, якая дазваляе наглядным органам сачыць за абаротам у галіне гульнёвага бізнэсу. Яна, у прыватнасьці, акумулюе зьвесткі пра ўсе апэрацыі ў букмэкерскіх канторах — рэгістрацыю новых гульцоў, прыём ставак, выплату выйгрышаў, папаўненьне рахункаў і вывад зь іх грошай. Паколькі ўсе працэдуры робяцца на падставе пашпартных дадзеных, кожны «ставачнік» навідавоку. А ад сярэдзіны сьнежня мінулага году запрацавала абноўленая вэрсія кампутарнай касавай сыстэмы, у якой запраграмаваны мэханізм сплаты падатку.

XS
SM
MD
LG