Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Данькова: Будынак «Данькоў-клюбу» аддаюць азэрбайджанскім бізнэсмэнам


Пакуль апальны ўладальнік казіно Юры Данькоў за кратамі асвойвае рэпэртуар Уладзімера Высоцкага, ягоная жонка судзіцца за падзел агульна нажытай маёмасьці.

29 ліпеня ў Цэнтральным судзе Менску адбудзецца суд аб падзеле маёмасьці, арыштаванай у былога ўладальніка казіно «Данькоў-клюб» Юрыя Данькова, які больш за 2 гады застаецца ў зьняволеньні. Натальля Данькова ўскладае на гэты працэс вялікія спадзяваньні.

«Там маёмасьці на 5 мільярдаў, якія трэба падзяліць папалам. І тады зь ягонай часткі хай бяруць на кампэнсацыю стратаў, якія суд прызначыў спагнаць зь Юрыя. Гэта крыху болей за мільярд рублёў. Але да гэтага часу падзел штучна, як я мяркую, зацягвалі. У выніку Юры дагэтуль не пакрыў стратаў і да яго не змаглі ўжыць амністыю», — паскардзілася Натальля Данькова.

У былым «Данькоў-клюбе» будзе зноў казіно

Арыштаваная маёмасьць Юрыя Данькова — гэта ў тым ліку ліфты ды іншае абсталяваньне былога «Данькоў-клюбу» на вуліцы Мясьнікова ў Менску, дзе прадпрымальнік з 1990-х гадоў арандаваў памяшканьні пад казіно, рэстарацыю, цырульню ды іншае. Сам будынак па-ранейшаму належыць Беларускаму таварыству глухіх.

Рамонт былога «Данькоў-клюба»

Рамонт былога «Данькоў-клюба»

Натальля Данькова пацьвердзіла зьвесткі пра тое, што ўладальнікі будынку знайшлі новых арандатараў, на чые грошы робіцца рамонт, і ў хуткім часе тут зноў запрацуе казіно.

Архіўнае фота Натальлі Даньковай ў Данькоў-клюбе

Архіўнае фота Натальлі Даньковай ў Данькоў-клюбе

«Вядома толькі, што яны з Азэрбайджану. Падыходзілі да мяне, прадстаўляліся, вялі размовы пра выкуп ліфтаў ды іншага абсталяваньня, якое ім патрэбна, каб наладзіць працу казіно. Але зноў жа ўсё ўпіраецца ў гэты суд аб падзеле маёмасьці. Калі рашэньне будзе, тады зможам канчаткова дамовіцца», — апавяла Натальля Данькова.

Жонка былога ўладальніка казіно «Данькоў-клюб» перакананая, што ў новых уладальнікаў казіно ў гэтым будынку справы пойдуць добра, бо «вернуцца кліенты, якія за шмат гадоў прызвычаіліся да гэтага месца».

Пасьля агучваньня прысуду сам Юры Данькоў казаў, што яго спэцыяльна адсунулі ад выгаднага месца на карысьць іншых асобаў з Каўказу. Натальля ня хоча казаць, ці тыя людзі: «Бачыце, вы самі ўсё разумееце».

Данькоў грае на піяніна і вучыць замежныя мовы

Юры Данькоў адбывае свае 8 гадоў зьняволеньня ў магілёўскай калёніі. Там ён пачаў удзельнічаць у самадзейнасьці, сьпявае песьні. У мінулыя выходныя Натальля сустракалася з мужам.

Юры Данькоў падчас суду

Юры Данькоў падчас суду

«Кажа, што ў яго ўсё нармальна. Ва ўсякім разе, настрой у яго баявы. Працягвае займацца самадзейнасьцю, асвоіў 15 песень з рэпэртуару Ўладзімера Высоцкага, прычым спрабуе сам акампанаваць сабе на піяніна. Працягвае вывучаць замежныя мовы, шмат чытае. Да таго ж у яго ёсьць некалькі гадзін працы — то бок час даволі заняты. Кажа, што на добрым рахунку, у яго няма заўваг, і калі б былі выплачаныя страты, дык мог бы разьлічваць на зьмену рэжыму, можа, на калёнію-пасяленьне. Памятаю, як казаў Аляксандар Лукашэнка, што „калі бізнэсмэн сплаціў страты, дык няма чаго яго далей там трымаць“. Вось цяпер на гэта спадзяецца, што пакрые страты як мага хутчэй», — паведаміла Натальля Данькова пра спатканьне з мужам у магілёўскай калёніі.

Юры Данькоў шмат гадоў быў ня толькі ўдалым бізнэсмэнам, але яшчэ і мэцэнатам, спрабаваў заняцца палітыкай. На якім кірунку ён адновіць сваю актыўнасьць, калі выйдзе на волю?

На гэтае пытаньне Натальля Данькова адказала, што, хутчэй за ўсё, яе муж паспрабуе вярнуцца ў бізнэс.

«У яго атрымаецца, калі дазволяць. Але ці дазволяць? Мне ж вось не дазволілі», — нагадала Натальля Данькова пра свае спробы кіраваць «Данькоў-клюбам» пасьля арышту мужа ў 2013 годзе, якія скончыліся закрыцьцём установы.

Напрыканцы 2013 году Маскоўскі раённы суд Менску прызнаў Юрыя Данькова вінаватым у арганізацыі прытону, нявыплаце падаткаў ды іншых эканамічных злачынствах. Бізнэсмэна асудзілі на 8 гадоў зьняволеньня. Юры Данькоў аспрэчыў прысуд у менскім гарадзкім судзе, але няўдала. Больш спробаў даказаць сваю невінаватасьць былы ўладальнік казіно не рабіў.

«Клапачуся пра мужа і дзяцей, вось мой асноўны цяпер бізнэс», — казала Натальля Данькова паўгода таму пра свае заняткі. Гэтым разам Натальля Данькова сказала пра сябе, што «жыве надзеяй на вызваленьне мужа».

XS
SM
MD
LG