Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Брусэль мяняе стаўленьне да ўладаў і апазыцыі Беларусі


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Валер Каліноўскі і Валер Карбалевіч.

Глод: Дзьве падзеі, якія адбыліся на гэтым тыдні ў Брусэлі і Менску, як мне падаецца, даюць падставу цьвердзіць, што эўраструктуры паступова зьмяняюць сваё стаўленьне да сытуацыі ў Беларусі. Выглядае, што ў Брусэлі вырашылі менш увагі аддаваць апазыцыі, а болей кантактаваць з уладамі.

Пра гэта амаль адкрытым тэкстам заявіў намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марэк Зюлкоўскі. Пакуль кіраўнік польскай дэлегацыі намесьнік прэмʼер-міністра Матэвуш Маравецкі сустракаўся ў Менску з афіцыйнымі асобамі, уключаючы Аляксандра Лукашэнку, Зюлкоўскі, які, дарэчы, у свой час працаваў у Беларусі, размаўляў з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл.

Апазыцыянэры выказалі дыплямату свае прэтэнзіі. Яны ня могуць зразумець, чаму «цяпер галоўны грантаатрымальнік заходняй дапамогі — гэта беларускія ўлады. Канечне, гэта грошы падаткаплатнікаў Эўрапейскага Зьвязу. Але калі 300 тысяч эўра ідзе на судовую сыстэму, а 7 мільёнаў на мясцовае самакіраваньне, то [апазыцыя мусіць] сказаць, што ні першага, ні другога ў Беларусі няма. Таму гэта інвэстыцыі, — настойваў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, — у 13-ты заробак беларускага чыноўніка, які кансэрвуе сытуацыю. Гэта інвэстыцыі ў палітычных кілераў у судовай мантыі, якія робяць тое ж самае, што рабілі і 5, і 10 гадоў таму».

Удзельнікі сустрэчы з польскім віцэ-міністрам казалі, што ў справе правядзеньня свабодных і сумленных выбараў павінна быць вялікая кааліцыя з удзелам Эўрапейскага Зьвязу і, канечне, Польшчы — як краіны, якая доўгі час была пасьлядоўнай і прынцыповай у адносінах да сытуацыі ў Беларусі.

На слуханьнях па Беларусі ў Эўрапарлямэнце адзначылі гатоўнасьць Брусэля да канца году запусьціць дыялёг у мытных пытаньнях, а таксама ў найбліжэйшай будучыні абдумаць аднаўленьне энэргетычнага дыялёгу. Гэта новыя крокі на дадатак да зялёнага сьвятла Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку на працу зь Менскам і падпісанага ў гэтым месяцы Партнэрства аб мабільнасьці.

Усе гэтыя захады сьведчаць пра інтэнсіўнасьць кантактаў паміж структурамі ЭЗ і беларускімі ўладамі.

Бачыце, усе гэтыя захады сьведчаць пра інтэнсіўнасьць кантактаў паміж структурамі ЭЗ і беларускімі ўладамі. Канечне, нельга сказаць, што ў Брусэлі зусім ня бачаць беларускіх праблемаў. Так, дэпутаты Эўрапарлямэнту казалі, што апошнія парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары прайшлі не ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ. Па-ранейшаму няма мараторыю на сьмяротнае пакараньне, па-ранейшаму няма вяршэнства права. Палітвязьні, якіх вызвалілі яшчэ год таму, дагэтуль не рэабілітаваныя.

З другога боку, і пра гэта таксама ішла гаворка, адзначаліся большая адкрытасьць афіцыйнага Менску да дыялёгу ў сфэры правоў чалавека, акцэнтавалася ўвага на тым, што Беларусь «не прызнала анэксію Крыму і адмовілася разьмясьціць на сваёй тэрыторыі расейскую авіябазу». Таму трэба працягваць палітыку «крытычнага ўзаемадзеяньня» з уладамі Беларусі, шукаць новыя каналы камунікацыі з афіцыйным Менскам.

Карацей, праблема вызначылася ў наступным пытаньні: працягваць ціск ці будаваць масты? Адзінага адказу на гэтае пытаньне не было. Магчыма, яно зьявіцца празь месяц, калі дэпутаты Эўрапарлямэнту сустрэнуцца яшчэ раз, каб прагаласаваць па пытаньні, ці запрашаць дэпутатаў новага складу Палаты прадстаўнікоў да ўдзелу ў Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» — «Эўранэст».

Каліноўскі: Галоўнае, што здарылася за апошні час у адносінах Эўразьвязу і Беларусі, нідзе фармальна не зафіксавана, але гэта ўплывае на ўсе дачыненьні — Аляксандар Лукашэнка перастаў быць апошнім дыктатарам Эўропы, зьявіўся новы дыктатар і авантурыст, прычым зь ядзернай зброяй — Уладзімер Пуцін. І Захаду трэба неяк суцішыць гэтага дыктатара, спыніць ягоныя войны і агрэсію. Таму Беларусь, якая да таго ж узяла на сябе пасярэдніцкую функцыю ў фактычнай вайне Расеі з Украінай за Данбас, становіцца патрэбнай Захаду. І пачалася такая дыпляматычная гульня зь Менскам з боку Брусэля і Варшавы. Апраўдваецца гэта тым, што не ўдалося зь Менскам дамовіцца санкцыямі, спрабуюць пернікамі.

Апрача таго, Захад сёньня як ніколі заняты сваімі праблемамі, якія патрабуюць неадкладных фінансавых укладаньняў. На тле крызісу з уцекачамі, якіх толькі ў Нямеччыну прыехала больш за 1,1 млн чалавек, фінансаваньне беларускай апазыцыі неактуальнае — трэба фінансаваць патрэбы гэтых людзей, а потым — іх адаптацыю і працаўладкаваньне. Так што Эўропа мае на доўгія гады такі галаўны боль.

Захад вырашыў пакуль пакінуць беларускую праблему ў замарожаным стане — ёсьць іншыя.

Да таго ж адкрытых выступаў супраць рэжыму ў Беларусі цяпер няма, масавых пасадак, выключэньняў з унівэрсытэтаў, іншых адкрытых праяваў агрэсіўнасьці рэжыму даўно не фіксуецца. Таму Захад вырашыў пакуль пакінуць беларускую праблему ў замарожаным стане — ёсьць іншыя. І Беларусь на сёньня — не першачарговая праблема.

Да таго ж няма каму і дапамагаць. Даўно не чуваць у грамадзтве ні апазыцыйных партыяў, ні рухаў, хоць часта нагода для гэтага ёсьць. Да будынку суду, калі судзяць Пальчыса, прыходзяць адзінкі.

Такім чынам, Захад ня бачыць альтэрнатывы рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, але бачыць альтэрнатыву яму па-за краінай — гэта рэжым Пуціна. Расея ўсё яшчэ лічыць Беларусь сваёй вотчынай, многія шавіністы там ня могуць зьмірыцца з існаваньнем беларускай, як і ўкраінскай, нацыі, існаваньнем беларускай мовы, культуры і беларускіх інтарэсаў. Вось аўтарытарная пуцінская Расея і можа стаць альтэрнатывай рэжыму Лукашэнкі. Таму Захад вымушаны абіраць меншае зло, пад якім разумее цяперашні аўтакратычны рэжым у Беларусі.

Карбалевіч: Я зьвярнуў увагу на тое, што ЭЗ робіць новыя крокі насустрач Беларусі, прапануе дыялёг па новых сфэрах, па мытных, гандлёвых пытаньнях, энэргетыцы. Аднак адмаўляецца весьці зь Менскам дыялёг па галоўным пытаньні, на якім пэўны час настойвае беларускі МЗС. Гаворка ідзе пра базавае пагадненьне, рамачны дакумэнт, які б рэгуляваў адносіны Беларусі з ЭЗ. Умоўна ён можа называцца — дамова аб добрасуседзтве і супрацоўніцтве. Бо дасюль абодва бакі кіруюцца дакумэнтам, які ў свой час падпісалі СССР і ЭЗ. Што, зразумела, ненармальна.

Але, бачыце, ЭЗ адцягвае перамовы аб гэтым рамачным дакумэнце, чакае большага прагрэсу ў сфэры дэмакратыі і правоў чалавека ў Беларусі. То бок працэс нармалізацыі ў пэўным сэнсе абстаўлены ўмовамі, якія ЭЗ вылучае Беларусі.

Дыскусія ў Эўрапарлямэнце сьведчыць, што ў Брусэлі працягваецца палеміка пра тое, на што рабіць акцэнт у адносінах зь Беларусьсю.

Дыскусія ў Эўрапарлямэнце сьведчыць, што ў Брусэлі працягваецца палеміка пра тое, на што рабіць акцэнт у адносінах зь Беларусьсю — на каштоўнасьці ці на геапалітыку?

Новым, хутчэй за ўсё, будзе тое, што ў рэзалюцыі Эўрапарлямэнту па Беларусі, якую плянуецца прыняць, будзе пытаньне пра АЭС. Гэта вынік лабізму з боку Літвы.

Што тычыцца апазыцыі. Зразумела, яе падтрымка ва ўсіх сэнсах зьмяншаецца. Калі стаўка робіцца на супрацоўніцтва з уладамі, то супрацоўніцтва з апазыцыяй будзе меншым. Бо ў Брусэлі бачаць яе невялікую палітычную вагу ў Беларусі, няздольнасьць да аб’яднаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG