Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У партыю прыйшлі людзі, якія прынцыпова не размаўляюць па-беларуску» — Заснавальнік БСДП «Грамада» Анатоль Сідарэвіч


Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

«Чаму вы не ідзеце на зьезд?» – пытаемся мы ў Анатоля Сідарэвіча. «А мне гэта нецікава», — адказвае ён.

У нядзелю, 13 сакавіка, у Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яганэса Раў праходзіць чарговы зьезд Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада». Анатоль Сідарэвіч, які быў і сябрам цэнтральнага камітэту, намесьнікам старшыні, кіраўніком справаў і нават старшынём партыі (у 2010-2011) сёньня застаецца на пасадзе рэвізора менскай гарадзкой арганізацыі.

«Чаму вы не ідзеце на зьезд?» – пытаемся мы ў Анатоля Сідарэвіча.

«А мне гэта нецікава», – адказвае гісторык, адзін з заснавальнікаў Беларускай сацыял-дэмакратыі разам з Міхасём Чарняўскім і Міхасём Ткачовым, які калісьці 26 год публічна абвяшчаў пра стварэньне партыі.

Сідарэвіч публічна заяўляе пра дэградацыю партыі і спробы яе захопу з боку руху «Гавары праўду». Кажа, што такое з партыяй не ўпершыню, і вылучэньне Аляксандра Казуліна ад партыі ў 2006 годзе ў кандыдаты ў прэзыдэнты адбывалася па падобнай жа схеме.

«У нас склалася фракцыя «ГоП», як мы называем, «Гавары праўду» (далей ГП. — РС). Гэта першы намесьнік старшыні партыі Ігар Маслоўскі, намесьнік старшыні партыі Ганна Канюс. Гэта ўсё зь Берасьця. З Полацка – Вільскі, зь Віцебская вобласьці – Болбат. З гомельскай вобласьці – Шабетнік, там жа Лінкевіч і з нядаўна выключаная з партыі Жана Семянковіч зь Менску.

Гэтыя людзі паставілі задачу, стварылі ценявы, таемны ад партыі арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы зьезда. Яны ўжо разьмяркоўвалі, дзе колькі будзе дэлегатаў, каго яны «скінуць»... адным словам, зусім не саромеліся выразаў і рыхтуюць учыніць у партыі пераварот. Паколькі яны ўсе людзі на ўтрыманьні ў Дзьмітрыева (Андрэй Дзьмітрыеў – адзін з лідэраў руху «Гавары праўду». — РС) і адпаведна ў тых, хто стаіць за Дзьмітрыевым, то пераварот накіраваны на тое, каб нашую партыю выкарыстаць для ГП.

Яшчэ ў жніўні месяцы я пачуў з вуснаў Сяргея Вазьняка (адзін з прадстаўнікоў руху «Гавары праўду». – РС), што «Гавары праўду» – гэта партыя. Прыяжджала ў сьнежні дэлегацыя эўрадэпутатаў і гэтая дэлегацыя зрабіла справаздачу, у якой гаворыцца, што ГП мае намер перарасьці ў партыю. А паколькі новыя партыі з 2000-га году ўлада не рэгіструе, то задача ГП, як я разумеў, інфільтравацца ў БСДП. Яны ж хочуць вылучыць сваіх кандыдатаў у дэпутаты (у парлямэнт – РС)... Але большая імавернасьць, што зарэгіструюць, калі вылучаюцца партыяй. Таму ім трэба авалодаць партыяй нашай, каб сваіх людзей вывесьці на выбарчую кампанію.

У іх ёсьць спадзяваньне, што ўлада «выдасьць» пару-тройку месцаў у «палатцы» ім. Гэта «ружовая мара» была ў 2000-м годзе. Пра гэта марыў Статкевіч, і нічога ў яго не атрымалася. У 2008 годзе пра гэта марыў Ляўковіч (Анатоль Ляўковіч – старшыня БСДП (Г) да Аляксандра Казуліна. – РС) і нічога з гэтага ня выйшла. А праз 8 год мараць вось гэтыя хлопцы з ГП і тыя члены нашай партыі, якія працуюць на ГП і хочуць падпарадкаваць нашую партыю гэтай кампаніі.

Справа ідзе пра тое, ці мы адстаім партыю Луцкевічаў як самастойны суб’ект ці яна будзе выкарыстаная для інтарэсаў людзей, якія... проста палітычныя цынікі і палітычныя гандляры.
Што вам не падабаецца ў «Гавары праўду»?

Мне не падабаецца, што там і сацыял-дэмакраты і камуністы і бэнээфаўцы сышліся, забыўшы пра сваю партыйнасьць. Што ў «Гавары праўду» ёсьць такое, чаго няма ў праграме сацыял-дэмакратаў? Але ў ГП ёсьць рэсурсы! Вось і ўсё! У іх агульна-дэмакратычныя праграма, яе можна прышлёпнуць і туды і сюды. І што прывабіла камуніста Вазьняка туды? Рэсурсы! Я ж ня думаю, што ў ГП ёсьць камуністычная ідэя. Адным словам, гэта паліытчны бізнэс. І мне гэты бізнэс не падабаецца.

Пытаем спадара Сідарэвіча, чым жыве партыя па-за спробамі яе захопу?

«Я назіраю дэградацыю партыі. Я быў у ліку трох ініцыятараў адраджэньня сацыял-дэмакратыі – Міхась Чарняўскі, Міхась Ткачоў і я. Публічна пра адраджэньне сацыял-дэмакратыі ў лістападзе 1990-га года аб’яўляў я з трыбуны. Проста не засталося ў партыі інтэлектуальных сіл. Адзінкі эканамістаў дасьведчанага клясу. Практычна няма людзей, якія могуць выпрацаваць праграму эканамічных рэформаў. Зусім няма людзей, якія спэцыялісты ў пэнсыйнай справе. Рэфармаваць сыстэму аховы здароўя трэба, але ў нас няма каму распрацаваць. Я ўжо маўчу пра пытаньні адукацыі, культуры і ўсяго такога. Сілы інтэлектуальныя вельмі слабыя. У партыя 1-3 чалавекі, якія могуць нешта фармуляваць, пісьменна скласьці тэкст. Уражвае іншы раз звычайная непісьменнасьць людзей, якія маюць дыплёмы аб вышэйшай адукацыі.

Я згодны з Пётрам Краўчанкам, які сказаў, што партыя маргіналізавалася....

Партыя практычна адмежавалася ад культуры. У партыю прыйшло многа людзей, якія прынцпова не размаўляюць па-беларуску, а некаторыя і зусім хутчэй за ўсё прыхільнікі «русского мира». Вось так. У партыі было нямала пісьменьнікаў. Цяпер, калі браць па прыналежнасьці да Саюза пісьменьнікаў, то, здаецца, два чалавекі засталося – Мікола Папека з Пружанскага раёна і я.
Да ўлады ў партыі ідуць людзі, якія нічога ня ўмеюць, маю на ўвазе групу Маслоўскага, – ня ўмеюць напісаць артыкул, скласьці канцэпцыю не ўмеюць, пісьменна пратакол скласьці не ўмеюць. Людзі, якія, як Маслоўскі і Канюс, нідзе не працуюць. Яны забылі, калі апошні раз афіцыйна атрымлівалі зарплату. Самая страшная бяда, калі ў партыю прыходзяць людзі, якія нічога не ўмеюць і страцілі ці не набылі ніякіх прафэсійных навыкаў. Яны не лекары, не пэдагогі, не будаўнікі, не энэргетыкі, ні кампутаршчыкі. Людзі, якія толькі жывуць на грантах. Ведаю, што ў некаторых партыях з кадрамі лепш.

Я разумею, што авалодаць партыяй Луцкевічаў хочацца многім. Усё ж такі гэта «брэнд». Але мне страшна. Партыя Луцкевічаў партыю анітрошкі не нагадвае.
Элемэнтарная рэч – сёлета спаўняецца 125 год сябру БСДП Аркадзю Смолічу. Постаць Аркадзя Антонавіча прэзэнтаваць ня трэба. Цэнтральныя органы партыі нават і не згадалі, што будзе такі юбілей. Сёлета 125 год з дня нараджэньня сябра Беларускай сацыялістычнай грамады Максіма Багдановіча. У партыі ніхто не згадаў, што такі будзе юбілей. А я ўжо маўчу пра сацыялістаў, якія не сталі сацыял-дэмакратамі, перайшлі ў сацыялісты-рэвалюцыянэра – Лявон Гмыра, Клаўдзій Душ-Душэўскі, Язэп Варонка – ім таксама сёлета 125 год... Вось так партыя адышла ад сваіх традыцый, ад культуры і так далей.

...Я гісторык, гісторык партыі, ведаю тэорыю, пісаў тры праграмы партыі, пісаў статут партыі... Мне няма з кім пагаварыць! Вы разумееце?! Калі быў Ткачоў, Чарняўскі і так далей – было зь кім пагаварыць. Цяпер няма. Мне ніхто ані разу не падказаў прачытаць нейкую кнігу, нейкую публікацыю. У часы Ткачов, Трусава, Чарняўскага такога не было! Мне няма зь кім размаўляць на гэтыя тэмы.

Пытаем, ці такія асобы, як Статкевіч ці Казулін нейкім чынам уплываюць на жыцьцё партыі. Сідэарэвіч каротка адказвае: «Аніякім чынам».

Чым гэта ўсё скончыцца?

«Я не Касандра, прадказваць ня буду. Але ведаю, што ў нас здаровыя сілы калі не перамагалі адразу, то потым бралі рэванш
Канечне, адна з прычынаў – гэта тое, што няма нармальнай палітычнай барацьбы, выбарчай сыстэмы, партыйнага жыцьця. Выбары ў нас адсейвалі б людзей, ня здольных весьці палітычныя кампаніі... Атрымліваецца, што гэта не раўнуючы павукі ў слоіку...

Але нашая партыя ў сэнсе расколаў аперадзіла БНФ. У нас крызыс за крызысам – 1996, 2000, 2005, 2010 і нарэшце ўжо цяпер. Пяты крызыс ужо!»

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG