Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрнэт — ужо ня сьметніца: навошта БРСМ актывізаваўся ў фэйсбуку?


БРСМ спрабуе скарыць фэйсбук. Пачынаючы зь ліпеня, ствараюцца і актывізуюцца старыя профілі дзясяткаў раённых аддзелаў праўладнай моладзевай арганізацыі. З аднолькавымі аватаркамі і аднолькавымі навінамі — усе яны падобныя адзін да аднаго.

Актывізацыя БРСМ-профіляў у фэйсбуку пачалася ў ліпені. Таксама ў гэты час пачаўся моладзевы праект «Адкрытыя дэбаты «Выбірай.by!». Большасьць профіляў маюць ідэнтычныя аватары — галачкі ў колерах дзяржаўнага колеру.

Як паведамілі Свабодзе ў Добрушскім раённым аддзеле БРСМ, сваю старонку ў фэйсбуку яны завялі не са сваёй ініцыятывы, а «таму што нам усім сказалі».

Паўлюк Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі

На думку Паўлюка Быкоўскага, мэдыяэкспэрта, кіраўніцтва БРСМ і ідэалягічныя супрацоўнікі цудоўна разумеюць, што сацыяльныя сеткі — важны рэсурс для інфармацыйнай працы. Пра іхняе выкарыстаньне нават пісалася ў дасьледаваньні інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта.

«Калі ж казаць пра кантэнт, гэта мне нагадвае тое, што я асабіста бачыў у сваім камсамольскім мінулым, — сказаў Быкоўскі. — Там вельмі шмат рэчаў, зьвязаных з турыстычнымі паездкамі, зь нейкімі сьвяткаваньнямі, дыскатэкамі... — звычайныя маладзёвыя забаўляльныя рэсурсы. Але там прысутнічае і ідэалягічны прадукт. Ён ідзе ўжо зьверху і проста рэтрансьлюецца».

Быкоўскі адзначыў, што прадстаўнікі БРСМ больш актыўныя ў сацыяльных сетках vk.com і Odnoklassniki.ru. А ў фэйсбуку яны таксама зьявіліся, паколькі маюць загад татальна прысутнічаць паўсюль.

«З пункту гледжаньня таго, хто прымае рашэньне, мне здаецца цалкам разумна», — сказаў мэдыяэкспэрт.

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі, палітоляг, ня зьвязвае актыўнасьць праўладных арганізацый у сацыяльных сетках менавіта з выбарчай кампаніі. Ён лічыць, што гэта хутчэй стратэгічны курс.

«Улада доўгі час недаацэньвала інтэрнэт, сацыяльныя сеткі, — сказаў Класкоўскі. — Мы ж памятаем, як самы высокі беларускі начальнік неаднойчы казаў, што інтэрнэт — гэта сьметніца. Потым там наверсе нарэшце скемілі, што гэтая сьметніца вельмі моцна ўплывае на розумы, на масавую сьвядомасьць, на настроі. Ацанілі ўплыў сацыяльных сетак і вырашылі, што трэба іх неяк зацугляць».

Пры гэтым Класкоўскі лічыць што сваю працу БРСМ у сацсетках робіць няўклюдна, паколькі ўсё, што робіць улада ў сфэры інтэрнэту, атрымліваецца даволі няўмела. Ён прыводзіць прыклад анансаванага раней супэрпарталу дзяржаўных СМІ.

«Я думаю і што гэты наступ БРСМ на сацыяльныя сеткі ня дасьць вялікага эфэкту, але няхай у справаздачы паставяць птушачку, што столькі акаўнтаў заведзена, і што „мы ня сьпім у шапку“, працуем. Ідэолягам трэба адпрацоўваць свой хлеб».

XS
SM
MD
LG