Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінская дыяспара ў Магілёве просіць міліцыю знайсьці, хто зноў пашкодзіў бюст Шаўчэнкі


Зьбіты надпіс на пастамэнце бюсту

Зьбіты надпіс на пастамэнце бюсту

У Магілёве сёлета ўжо другі раз пашкодзілі бюст Тараса Шаўчэнкі. Невядомыя зламысьнікі зьбілі з пастамэнту надпіс зь імем клясыка украінскай літатаратуры. Прадстаўнікі мясцовай украінскай дыяспары зьвярнуліся ў міліцыю.

А што думаюць магілёўцы пра факт апаганьваньня помніка, усталяванага з ініцыятывы мясцовых украінцаў у 2005 годзе?

Бюст Тараса Шаўчэнкі стаіць на беразе Дняпра. Раней за няпоўныя дзесяць гадоў яго ні разу не апаганьвалі. Першы раз гэта здарылася сёлета ў студзені. Актывісты мясцовай украінскай дыяспары лічаць, што апаганены ён быў напярэдадні Дня саборнасьці. У сакавіку замест зьбітага надпісу з каляровага мэталу зрабілі іншы — з плястмасы. Пратрымаўся ён крыху больш за тры месяцы.

«Яго нядаўна зьбілі. Мо тыдзень таму. Тут жа кветкі заўжды ляжалі і быў надпіс», — кажа жанчына сталага веку, заўсёдніца прагулак па набярэжнай Дняпра.

«Каму гэта трэба? Такі пісьменьнік добры. „Дзіўлюся на неба... Дняпро...“. Я працавала трыццаць гадоў разам з украінцамі, таму я ўсё іхнае разумею і люблю іх песьні», — выказваецца суразмоўніца.

Кабета ня здолела адказаць на пытаньне, ці простае гэта супадзеньне, што помнік псуюць другі раз за два месяцы. Такое пытаньне многія мінакі ўспрымалі як правакацыйнае, аднак спрабавалі адказаць.

«Людзям, напэўна, няма чаго рабіць, дык яны шкодзяць умысьля. Гэта ўжо палітычнае пытаньне», — рэагуе адзін зь першых мінакоў.

Пляцоўка зь бюстам

Пляцоўка зь бюстам

Яшчэ адзін суразмоўца выказваецца больш рэзка пра вандалаў: «Гэта вырадкі нейкія робяць. Каму перашкаджае гэты помнік?»

Пытаюся ў мужчыны: «Гэтыя вырадкі, як вы сказалі, гэтак выказваюць сваё стаўленьне да ўкраінцаў?».

«Ды не, наўрад ці да ўкраінцаў. Мы ж братэрскія народы, — адказвае ён. — Ня можа быць, каб гэтак ставіліся да ўкраінцаў».

Наступны мінак разважае: «Мо гэта ўсё ж зьвязана з рознымі падыходамі і поглядамі на цяперашнюю сытуацыю ва Ўкраіне. Эмоцыі пераважаюць. Людзі перажываюць. Гэта, відаць, такое звыродлівае перажываньне ў пэўнай часткі нашага насельніцтва».

Пытаюся ў суразмоўцы: «А беларусы ў пераважнай сваёй масе да ўкраінцаў, якія жывуць у Беларусі, ставяцца наагул цярпіма?»

«Беларусы — талерантная нацыя, — падкрэсьлівае магілёвец. — Але беларусы хутчэй сваімі праблемамі хварэюць. Суперажываюць, але праблема ва Ўкраіне — гэта іхныя праблемы. Ставіцца жорстка да аднаго боку канфлікту ці да другога — гэта ня ў нашай талерантнасьці ды характары».

Сярод апытаных ля бюста Шаўчэнкі трапіўся і беларускамоўны мінак. Ягонае стаўленьне да пашкоджаньня бюста адназначнае:

«Гэта зьвязана з украінскімі падзеямі — што робіцца цяпер на Данбасе. Гэта зрабілі нейкія прарасейскія актывісты-вандалы. У нас, у беларусаў, сяброўскія адносіны з братэрскай Украінай. Таму я не лічу, што гэта робяць беларусы. Гэта расейскія вандалы, якія прыехалі сюды альбо якія жывуць тут. Тое, што адбываецца цяпер на Данбасе, — гэта спроба акупаваць гэтую тэрыторыю незалежнай Украіны».

XS
SM
MD
LG