Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматы ЗША апазыцыі: замарозку санкцый пратрымаем да выбараў


Брыджыт Брынк (Bridget Brink) і Робэрт Бяршчынскі (Robert Berschinski), архіўнае фота

Брыджыт Брынк (Bridget Brink) і Робэрт Бяршчынскі (Robert Berschinski), архіўнае фота

Лідэры апазыцыі сустрэліся 17 траўня ў Менску з намесьнікамі памочніка дзяржсакратара ЗША: па справах Эўропы і Эўразіі Брыджыт Брынк і па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы Робэртам Бяршчынскі.

У сустрэчы бралі ўдзел Анатоль Лябедзька, Антаніна Кавалёва, Аляксандар Мілінкевіч, Юрась Губарэвіч, Алесь Лагвінец, Віталь Рымашэўскі, Павал Севярынец, Аляксей Янукевіч, Рыгор Кастусёў, Тацяна Караткевіч, Андрэй Дзьмітрыеў, Уладзімер Някляеў і Сяргей Калякін.

Па выніках сустрэчы з амэрыканскімі дыпляматамі Юрась Губарэвіч апавёў карэспандэнту Свабоды:

«Я думаю, што яны будуць абмяркоўваць цэлы комплекс пытаньняў. Бо апрача апазыцыі ў іх будзе наступная сустрэча з прадстаўнікамі афіцыйнага боку. Таму для іх было важна пачуць меркаваньне апазыцыі. Натуральна, у першую чаргу што тычыцца палітычных момантаў і парлямэнцкіх выбараў у Беларусі. Аднак мы размаўлялі на розныя тэмы: ад эканамічнага крызісу да сытуацыі ў рэгіёне, пра тую нестабільнасьць, якую нясуць дзеяньні Расеі ва Ўкраіне, і тыя пагрозы, якія могуць сыходзіць з боку Расеі адносна Беларусі».

На пачатку сустрэчы была агучана таксама афіцыйная пазыцыя ЗША адносна санкцый.

«Як вядома, яны былі замарожаныя, гэтае рашэньне мае свой тэрмін у шэсьць месяцаў. Цяпер надыходзіць час разгляду гэтай сытуацыі. Вялікая верагоднасьць, што замарозка будзе працягнутая з разьлікам на пэрыяд парлямэнцкіх выбараў.

Злучаныя Штаты будуць уважліва назіраць за сытуацыяй падчас правядзеньня парлямэнцкай кампаніі. І ўжо канчатковае рашэньне па санкцыях будзе прымацца пасьля правядзеньня парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

Таксама яны досыць падрабязна цікавіліся, якія могуць быць умовы правядзеньня будучай кампаніі, што можа быць зьменена ўжо зараз у практыцы правядзеньня выбараў.

Дэмсілы Беларусі рыхтуюць супольную заяву адносна ўмоваў, на якія трэба зьвярнуць увагу ў першую чаргу. Гэту заяву мы плянуем агучыць напрыканцы гэтага тыдня.

Натуральна, што амэрыканскі бок зацікаўлены, каб практыка была зьмененая, каб умовы для ўсіх кандыдатаў былі роўныя, каб выбары выглядалі больш свабодна і празрыста. Яны разумеюць, што падлік галасоў мусіць весьціся адкрыта і публічна, што назіральнікі мусяць бачыць ня толькі бюлетэні на ўскрайку стала, як абяцала Ярмошына. Але мець магчымасьць пачуць, за каго аддадзены той ці іншы голас у кожным канкрэтным бюлетэні».

Амэрыканскія дыпляматы правядуць таксама сустрэчы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Брыджыт Брынк і Робэрт Бяршчынскі наведвалі Беларусь у кастрычніку 2015 году. Тады яны сустракаліся зь міністрам замежных спраў Уладзімерам Макеем, а таксама з праваабаронцамі зь Беларускага Хэльсынскага камітэту, «Вясны», прадстаўнікамі царквы «Новае жыцьцё», лідэрамі апазыцыі і палітычнымі аналітыкамі.

На сустрэчы з журналістамі па выніках таго візыту амэрыканскія дыпляматы заявілі, што ЗША гатовыя да далейшых пазытыўных крокаў у дачыненьнях зь Беларусьсю. На іх думку, сустрэчы мелі плённы характар, і прадстаўнікі ЗША разьлічваюць на прадаўжэньне дыялёгу як паміж уладамі, так і паміж народамі дзьвюх краінаў.

Паводле Робэрта Бяршчынскі, у разьвіцьці дачыненьняў зь Беларусьсю ЗША гатовыя пайсьці настолькі далёка, наколькі далёка гатовыя пайсьці ў гэтым працэсе беларускія ўлады.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG