Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШАС і БРІКС як частка выбарчай кампаніі Лукашэнкі


Аляксандар Лукашэнка ва Ўфе

Аляксандар Лукашэнка ва Ўфе

Сёньня ўвечары Беларусь могуць павысіць да статусу «дзяржавы-назіральніцы ШАС». Лукашэнка і Пуцін, паводле прэсавага сакратара расейскага прэзыдэнта, абмяркоўвалі выдзяленьне Беларусі крэдыту, але «не дэталёва». Лукашэнку непакоіць далучэньне Казахстану да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі і падзеньне таваразвароту ў гандлі з Расеяй. Усе гэтыя пытаньні ўздымаліся ва Ўфе, дзе адбываюцца два саміты: спачатку БРІКС, а пасьля ШАС.

9 ліпеня ва Ўфе пасьля саміту краінаў БРІКС плянуецца правесьці і саміт краінаў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Па ягоных выніках Беларусь можа перайсьці з трэцяй групы гэтай структуры ў другую.

На сёньняшні дзень Беларусь разам з Турцыяй і Шры-Ланкой уваходзяць у групу «Партнэраў па дыялёгу». Цяпер зьявілася магчымасьць перабрацца ў вышэйшую групу — «Дзяржавы-назіральніцы». Калі гэта здарыцца, Беларусь апынецца ў кампаніі такіх краінаў, як Аўганістан, Індыя, Іран, Манголія і Пакістан.

Ніякіх сур’ёзных дывідэндаў Беларусь ад такога пераходу не атрымае — кажа Свабодзе кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

«Гэта дае толькі адно — у сваёй перадвыбарнай кампаніі Аляксандар Лукашэнка будзе выкарыстоўваць факт удзелу ў самітах ШАС і БРІКС як прызнаньне заслугаў Беларусі перад міжнароднай супольнасьцю, як тое, што ў нас зьявіўся новы ўзровень дачыненьняў са сьветам, што нашы ўлады ўжо легітымныя для ўсяго сьвету.

А рэальна можна казаць толькі пра маленькі-маленькі шанец атрымаць фінансавую дапамогу з Кітаю, які стратэгічна зацікаўлены ў рэалізацыі праекту „Шаўковы шлях“. А па вялікім рахунку, і БРІКС, і ШАС — гэта такая гаварыльня, я б сказаў, яшчэ больш свабодная, чым СНД».

Падчас двухбаковай размовы з прэзыдэнтам Расеі Лукашэнка, паводле беларускіх афіцыйных мэдыяў, падняў два блёкі пытаньняў.

Першы — праблемы Эўразійскага эканамічнага саюзу, асабліва зьвязаныя з уступленьнем Казахстану ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Чаму раптам кіраўніка Беларусі так усхвалявала далучэньне Казахстану да УГА?

Адказваючы на гэтае пытаньне, эканаміст Леў Марголін выказаў думку, што Лукашэнка не хацеў адразу, як кажуць, у лоб прасіць Пуціна дапамагчы крэдытам:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Калі ўзяць нейкую ёмістасьць, наліць у яе вады, а пасьля зрабіць дзесьці ў ёмістасьці дзірку, то яна выльецца. І ўжо няма розьніцы, ці будзе гэтая дзірка адна, ці іх будзе дзьве. Так і тут. Расея ўжо ва УГА, і празь яе ў нашу краіну можа ісьці ўсё, што толькі можна. Таму ці далучыцца да УГА яшчэ адна краіна, я маю на ўвазе Казахстан, ці не далучыцца — прынцыповай розьніцы няма. Тым больш што з Казахстанам мы нават ня маем супольнай дзяржаўнай мяжы. А таваразварот паміж Беларусьсю і Казахстанам даволі абмежаваны.

Я думаю, што для Лукашэнкі Казахстан стаў падставай для галоўнага — папрасіць у Пуціна грошы. Чарговы крэдыт. Але каб абставіць размову, адказаць на магчымае пуцінскае пытаньне — а навошта нам сустракацца? — Лукашэнка і ўзьняў праблему Казахстану».

Другі блёк — пытаньні беларуска-расейскага супрацоўніцтва. Тут, паводле Лукашэнкі, Беларусь перажывае няпростыя часы. Цяпер і Расея сутыкнулася з падобнымі праблемамі. Таму трэба супольна пераадольваць нэгатыўныя тэндэнцыі, «якія могуць узьнікнуць бліжэйшым часам». Пры гэтым Лукашэнка прапаноўваў хутчэй ажыцьцявіць праекты, якія ўжо дакумэнтальна напрацаваныя Саўмінам так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Алесь Герасіменка

Алесь Герасіменка

Сёлета таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй даволі істотна зьмяншаецца. І гэта сёньня ва Ўфе публічна прызнаў міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, які прысутнічаў на сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, — адзначае эканамічны аглядальнік Алесь Герасіменка:

«Што да прасоўваньня беларускіх тавараў на расейскі рынак, то тут шмат што залежыць не ад падпісаных нейкіх рамачных дакумэнтаў, а ад стараньняў саміх беларускіх прадпрыемстваў, ад канкурэнтаздольнасьці беларускай прадукцыі і паслугаў у спалучэньні «цана — якасьць».

XS
SM
MD
LG