Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як мы страцілі Бранск і Смаленск


Беларусь у межах БНР

Беларусь у межах БНР

Два сталічныя архітэктары падарожнічалі па мяжы Беларусі з Расеяй і цешыліся «Пагоням» на гербах сучасных расейскіх гарадоў.

Аляксандар Лукашэнка праз расейскіх журналістаў ці то паўжартам, ці то ўсур’ёз нагадаў гаспадарам Крамля, што частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх земляў некалі належала Беларусі. Пасьля гэтага асобныя выданьні згаданых рэгіёнаў нават наладзілі апытаньне, ці згодныя абруселыя беларусы вярнуцца пад пратэктарат Менску. Дык дзе насамрэч павінна праходзіць усходняя мяжа Беларусі і ці існуюць на тэрыторыях, пяць стагодзьдзяў таму экспрапрыяваных Масквой, сэпаратысцкія настроі?

Як сьведчаць гістарычныя хронікі, некаторыя землі, якія на ўсходзе лічаць «спрадвек расейскімі», у склад Вялікага Княства Літоўскага ўваходзілі ўжо ў XIV стагодзьдзі. Адносна хісткі статус мела хіба што Пскоўскае княства, якое хоць і зьядналася з ВКЛ дзеля супрацьстаяньня Лівонскаму ордэну, але збольшага хілілася да Масквы і ў 1510 годзе ўвайшло ў склад Маскоўскай дзяржавы. А вось Смаленск і Бранск засталіся ў Вялікім Княстве на прыкметна даўжэйшы час. Менавіта ў Смаленску быў створаны знакаміты «Беларуска-літоўскі летапіс 1446 году» ды іншыя гістарычныя дакумэнты.

Невясёлыя карцінкі Радыё Свабода

Невясёлыя карцінкі Радыё Свабода

Аднак неўзабаве расейскія князі зьвінавацілі ВКЛ у «ганеньнях на праваслаўнае насельніцтва» і рушылі на захад з «вызвольным паходам». Гістарычная перамога палкоў Канстанціна Астроскага пад Воршай у верасьні 1514-га на некалькі дзесяцігодзьдзяў сьцішыла апэтыты маскоўцаў, але ненадоўга — у выніку кровапралітных змаганьняў Бранск і Смаленск усё ж былі адсечаныя ад віленскай улады. Праз стагодзьдзе войскі ўжо Рэчы Паспалітай вярнулі Смаленск, які нават атрымаў Магдэбурскае права, аднак у 1654-м горад і ваколіцы зноў быў захопленыя Масквою.

Вадзім Пракопчык

Вадзім Пракопчык

Пры канцы жніўня менскія архітэктары Вадзім Пракопчык і Аляксандра Баярына праехаліся па прымежных пскоўскіх тэрыторыях, якія некалі былі пад гістарычнай Літвой. Аўтапрабег запыняўся ў Невелі, Вялікіх Луках, Ідрыцы, Себежы ды іншых месцах, якія ў выніку першага падзелу Польшчы адышлі да Расеі ў складзе Полацкага намесьніцтва, а пасьля ўездамі ўвайшлі ў Віцебскую губэрню. Ці застаўся факт колішняй беларускасьці ў закутках памяці нашчадкаў ВКЛаўскіх жыхароў? Ці ёсьць асаблівая прыязьнь да беларусаў і Беларусі? Вось якія ўражаньні вынес з вандроўкі Вадзім Пракопчык:

«Адмыслова не распытвалі людзей, жадаюць яны далучацца да Беларусі ці не жадаюць. Але калі нас пыталі, што мы тут робім, бо з фотаапаратам і аб’ектывам мы выглядалі на нейкіх сталічных карэспандэнтаў, мы адказвалі: прыехалі дзеля таго, каб наведаць землі колішняга ВКЛ, якія так і не вярнулі Беларусі.

Фота Аляксандры Баярынай

Фота Аляксандры Баярынай

Менавіта з такой фармулёўкай. Пасьля гэтай фразы ўзьнікала паўза. Яна не была агрэсіўнай, але не выклікала ні інтарэсу, ні зацікаўленьня. Абсалютна ніякае стаўленьне. Інфармацыя, па рэакцыі на якую так і незразумела: вядома ім гэта, невядома?

Фота Аляксандры Баярынай

Фота Аляксандры Баярынай

Пярэчаньня не было, радасьці не было. Нібыта сьпяць людзі, інэртныя абсалютна. Увогуле паўсюль, куды прыяжджаеш і кажаш, што зь Беларусі, стаўленьне збольшага добрае. Але так, што вось свае, хочам да вас і г. д., то такога няма. Падаецца, што прапаганда за сотні гадоў зрабіла сваю справу. Зразумела, мы не рабілі апытаньняў на вуліцы, але тыя кантакты, якія былі, вынік мелі менавіта такі».

Фота Аляксандры Баярынай

Фота Аляксандры Баярынай

Як удакладняе Вадзім Пракопчык, занядбаных мясьцінаў хапае і ў Беларусі, але маштаб запусьценьня на землях, далучаных да «маскоўскай цывілізацыі», уражвае. Прычым ня толькі ў вёсках, але і ў буйных гарадах:

«Абсалютна розныя маштабы занядбаньня, скажам так. Я бачыў і тут шмат занядбанага — і на поўдні, і на поўначы. На памежнай з Пскоўшчынай Віцебшчыне таксама трапляюцца вялікія кавалкі, на якіх ня бачна нічога, апроч хаты і баршчавіка. Але калі прыяжджаеш у такія гарады, як Невель, то гэта проста катастрофа. У нас такога памеру гарады ўсё ж дагледжаныя, а там трапляеш некуды гадоў на 30 таму. Калі глядзіш на дамы, то разумееш, што іх гадоў 50 ніхто не фарбаваў. Толькі сышоў з цэнтральнай вуліцы крыху ўбок — груды сьмецьця і някошаная крапіва.

Фота Аляксандры Баярынай

Фота Аляксандры Баярынай

Фота Аляксандры Баярынай

Фота Аляксандры Баярынай

А сярод усяго гэтага месьціцца нешта накшталт кірмашу, і людзі з гэтага кустоўя ў сьмецьці нечым гандлююць, нейкія дровы на грузавіках. Жах! А Вялікія Лукі — увогуле цікава. Я там быў пры канцы 1980-х, і яны абсалютна такія ж самыя. Бачна, што чалавечая рука ні да чога не датыкалася, можа, апроч двух-трох будынкаў. Абсыпаюцца зьверху карнізы, ляпніна, дык каб не валілася на галаву, падшываюць мэталічным прафнасьцілам. І больш нічога ня робіцца».

Фота Аляксандры Баярынай

Фота Аляксандры Баярынай

Дзеля справядлівасьці, як удакладняе Вадзім Пракопчык, сьляды ВКЛ знайсьці ўсё ж удалося. Прычым на самым відным месцы. Аказалася, што гербы многіх гарадоў, якія яны з Аляксандрай Баярынай наведалі, утрымліваюць стылізаваную «Пагоню»:

«Мы ехалі і ніяк адмыслова не рыхтаваліся. Скажам так: свае ўспаміны і веды не аднаўлялі, каб нашы ўражаньні былі чыстыя і не было ніякіх акуляраў і фільтраў. А паколькі я не рыхтаваўся мэтанакіравана, то для мяне было дзіўна, што іх сучасныя гербы — або „Пагоня“ цалкам, або на палову шчыта „Пагоня“. Для мяне было нечакана, што пасьля ўсяго тамтэйшага занядбаньня прыяжджаеш у Себеж, і той нават крыху нагадвае Нарач — там прынамсі больш-менш прыбрана. Але сказаць, што яны там нешта хочуць, што ў іх ёсьць нейкія жаданьні, памкненьні, дык асабіста я такіх настрояў не заўважыў».

Гербы гарадоў Пскоўшчыны

Гербы гарадоў Пскоўшчыны

Вярнуцца пад беларускі кантроль некаторыя цяперашнія расейскія землі маглі ў ХХ стагодзьдзі. Праз год пасьля кастрычніцкага перавароту бальшавікі нарадзілі ідэю паўтвараць саюзныя рэспублікі, уключна з БССР. У апошнія дні 1918-га была акрэсьленая тэрыторыя ў складзе Віцебскай, Гарадзенскай, Менскай, Магілёўскай і Смаленскай губэрняў. 30 студзеня таго ж году ў Смаленску на канфэрэнцыі арганізацыяў РСДРП прынялі пастанову аб межах новаўтварэньня. Аднак ужо на пачатку 1919-га Масква зноў усё перакруціла, і з мапы рэспублікі былі вынесеныя Магілёўская і Смаленская губэрні. Канчатковы выгляд памежныя тэрыторыі набылі ў сярэдзіне 1920-х: Беларусі вярнулі асобныя кавалкі падзеленых раней Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губэрняў. Такім чынам, з буйных гарадоў ад смаленскіх земляў да БССР адышла Ворша, сам Смаленск застаўся ў РСФСР.

XS
SM
MD
LG