Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адбылася прэм'ера спэктаклю пра Браніслава Тарашкевіча. «Гэта было моцна!» — гледачы ФОТА. ВІДЭА


У памяшканьні тэатру Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту «На бальконе» Арт Сядзіба прэзэнтавала спэктакль «Браніслаў. Сцэны з жыцьця ды сноў» паводле аднайменнай п’есы Эльдара Бякірава​

Спэктакаль прысьвечаны Браніславу Тарашкевічу, выдатнаму навукоўцу, беларускаму незалежніку, грамадзкаму дзеячу.

Цягам некалькіх месяцаў акторы-аматары рэпэтавалі разам з рэжысэрам і аўтарам п’есы. Эльдар Бякіраў напісаў п’есу пра рэфарматара беларускага правапісу яшчэ ў 2012 годзе, але рэалізоўваецца пастаноўка толькі цяпер — пры падтрымцы Арт Сядзібы і Асамблеі няўрадавых арганізацыяў.

Перад прэм’ерай Эльдар Бякіраў сказаў Свабодзе, што рэжысэр ніколі не павінен быць задаволены вынікам сваёй працы — у тэатры заўсёды застаецца прастора для ўласканаленьня.

«Кастынг правялі летам, а рэпэтыцыі праходзілі ўвосень. Можна сказаць, што спэктакль быў зроблены за паўтара месяца. Пры гэтым мы ня мелі магчымасьці рэпэтаваць кожны дзень — акторы не прафэсіяналы, а аматары, у кожнага свае клопаты, вучоба, праца. Але я лічу, што за гэты час мы прысьвяцілі сябе спэктаклю, ужыліся ў яго. Пасьля спэктаклю я разьлічваю пачуць водгукі гледачоў, на падставе якіх, магчыма, будуць зробленыя нейкія зьмены. Гэта спэктакль-канструктар, пабудаваны са сцэнаў такім чынам, што іх можна мяняць месцамі, нешта выкідаць, нешта дадаваць».

Аляксей Сапрыкін у ролі Браніслава Тарашкевіча

Аляксей Сапрыкін у ролі Браніслава Тарашкевіча

У спэктаклі паўстае вобраз мовазнаўца Браніслава Тарашкевіча, яго каханай, маці-Беларусі, а таксама некалькі пэрсанажаў, якія ўвасабляюць рэаліі таго часу, калі жыў навуковец, — савецкі сьледчы, польскія камісары, савецкі вучоны.

Як патлумачыў рэжысэр-пастаноўшчык спэктаклю Эльдар Бякіраў, у вобразе Тарашкевіча можна пабачыць і сучаснага чалавека, які мае сваё ўяўленьне пра будучыню краіны і вымушаны сутыкацца з рознымі выпрабаваньнямі на сваім шляху.

«Каб ня страціць нацыю, трэба мець мову. Пакуль ёсьць надзея, я не пахіснуся. Але я бачыў кепскі сон — нібыта ў Менску праз 100 гадоў усё будзе на расейскай мове», — гаворыць галоўны герой у спэктаклі.

Вінцук Вячорка павіншаваў сцэнарыста-рэжысэра і актораў ды нагадаў:

«Беларуская Майстроўня ставіла ў БДУ спэктакль „Цар Максімілян“, які быў фармальна народнай драмай, а фактычна — тэкстам Уладзіслава Галубка пра тое, як вызваляцца ад чужацкага. І толькі праз 33 гады ўнівэрсытэцкія муры пабачылі наступны студэнцкі спэктакль, які зьвяртаецца да постацяў той залатой эпохі, да сьветлых людзей -- носьбітаў беларускіх каштоўнасьцяў. Прайшоў пэўны гістарычны цыкль, і мы зноў будуем гэты масток», — адзначыў Вінцук Вячорка.

Ён таксама сказаў, што герой п’есы -- хутчэй зборны вобраз беларуса, які браў на сябе адказнасьць за Бацькаўшчыну і хто зазнаў праз гэта трагедыю:

«Фрагмэнты-кліпы ў спэктаклі паказваюць выклікі, якія прымалі на сябе такія людзі. Іншыя героі п'есы -- сьледчыя, каньюнктурныя псэўдавучоныя, хітрыя і абыякавыя амбасадары --архетыпы зь беларускага жыцьця як ХХ, так і ХХІ стагодзьдзя».

Гледачы пасьля спэктаклю мелі магчымасьці падзяліцца з рэжысэрам і акторамі ўражаньнямі і задаць ім пытаньні:

«Гэта было моцна. У нас расейскамоўная сям’я, але пасьля спэктаклю мы з жонкай пачалі абмяркоўваць, што трэба нашу дачку аддаць у беларускамоўны садок. Ды і зь біяграфіяй Тарашкевіча захацелася пазнаёміцца», — сказаў адзін з гледачоў.

У межах прэм’еры заплянаваныя яшчэ чатыры паказы спэктаклю.

Запісацца на прагляд можна тут.

XS
SM
MD
LG