Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці не пагубяць швэдзкія АЭС Астравецкую атамную станцыю?


Чаму рашэньне Швэцыі разьвіваць атамную энэргетыку — дрэнны знак для Беларусі?

Абмяркоўваюць Уладзімер Глод, Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў.

Глод: Палітычныя партыі Швэцыі вырашылі захаваць да 2040 году ядзерную энэргетыку і паступова зьніжаць падатак на яе. Гэтую навіну надзвычай добра ўспрынялі ў суседняй з намі Літве. Так, кіраўнік літоўскага холдынгу электраэнэргетычных прадпрыемстваў Lietuvos Energija Далюс Місюнас мяркуе, што для Літвы, якая злучаная са Швэцыяй энэргамостам, такое рашэньне азначае нізкія цэны на электрычнасьць. Бо прапановы электраэнэргіі на рынку істотна павялічацца.

А вось Беларусі ініцыятыва швэдаў прыкметна ўскладніць праблему продажу электрычнасьці, якую мяркуюць вырабляць на атамнай станцыі ў Астраўцы. Вядома, што калі яшчэ складаліся пляны будаўніцтва гэтай станцыі ў разьлік бралася і тое, што Швэцыя неўзабаве зачыніць усе шэсьць сваіх атамных станцый. Швэды сапраўды мелі такі намер, але жыцьцё ўнесла ў яго, як бачым, карэктывы.

Да таго ж яшчэ на самы пачатку 2016 году Літва заклікала суседзяў з Латвіі, Эстоніі, Польшчы і Фінляндыі не купляць электраэнэргію з АЭС, якія будуюцца ў Астраўцы і Калінінградзкай вобласьці. Болей за тое, літоўскі міністар энэргетыкі Рокас Масюліс афіцыйна заявіў, што абмеркаваньне гэтай праблемы на рэгіянальным роўні толькі першы крок. А другі — забарона продажу электрычнасьці зь Беларусі і Расеі на тэрыторыі ўсяго Эўразьвязу.

Эўрапейцы ўжо пачалі разглядаць магчымасьць супольнага стварэньня такой сыстэмы падаткаабкладаньня, якая рабіла б эканамічна нявыгадным для Беларусі і Расеі экспартаваць сваю электрычнасьць у краіны Эўразьвязу

«Трэба падаць выразны сыгнал аб тым, што электраэнэргія, якая выпрацоўваецца ў парушэньне міжнародных рэглямэнтаў ядзернай бясьпекі і міждзяржаўнай ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе, ня будзе прынятая ў Эўразьвязе», — сказаў спадар Масюліс. Эўрапейцы ўжо пачалі разглядаць магчымасьць супольнага стварэньня такой сыстэмы падаткаабкладаньня, якая рабіла б эканамічна нявыгадным для Беларусі і Расеі экспартаваць сваю электрычнасьць у краіны Эўразьвязу.

Беларусь, як вядома, будуе станцыю ў Астраўцы за расейскія крэдыты. Разьлічвацца за іх дагэтуль мяркуюць праз продаж «лішняй» электрычнасьці, паколькі ўласныя беларускія патрэбы ў ёй параўнальна з магчымасьцямі АЭС невялікія. Цяпер у беларусаў нечакана зьявіўся новы канкурэнт — швэды. І канкурэнт моцны, паколькі швэдзкія рэактары ўжо акупіліся. Яны ня маюць цяжару інвэстыцыйных крэдытаў.

Узьнікае пытаньне: што ж цяпер рабіць з Астравецкай АЭС? Спыніць будаўніцтва, у якое бухнулі ўжо столькі пазычаных грошай? Замежныя экспэрты лічаць, што спыненьне «астравецкага праекту» ужо немагчыма. Яны лічаць, што беларускім уладам давядзецца праз субсыдыі пакрываць розьніцу паміж сабекоштам электрычнасьці ў Астраўцы і рынкавымі коштамі. Гэтая розьніца ляжа на плечы беларускіх спажыўцоў электраэнэргіі, а магчыма нават на ўсіх падаткаплацельшчыкаў краіны.

Дракахруст: У любым выпадку, калі нейкая краіна ці прадпрымальнік вытварае нейкую прадукцыю і зьяўляецца яе канкурэнт — то гэта кепска для гэтай краіны і прадпрымальніка. І таму рашэньне Швэцыі — сапраўды кепскі знак для Беларускай АЭС. Але наколькі ён кепскі — гэта пытаньне, адказ на якое для мяне не выглядае такім адназначным.

Так, швэды будуць вырабляць электраэнергію, але ці пакрыюць яны ўвесь рынак? Вы, Уладзімер, сказалі, што жыцьцё ўнесла карэктывы. Але жыцьцё ўносіць карэктывы ў розныя бакі і часы. Урэшце рэшт беларуская станцыя ня заўтра будзе запушчаная, да таго часу каньюнктура можа зьмяніцца. Дарэчы і швэды могуць перадумаць.

Здаецца, Літва крыху выдае жаданае за існае. Не ведаю, наколькі катастрафічнымі зьяўляюцца гэтыя два фактары: энэргія са швэдзкіх АЭС і пазыцыя Літвы. Мне не здаецца, што гэтыя два фактары цалкам закрываюць пэрспэктыву экспарту беларускай электраэнэргіі з АЭС

Жорсткая пазыцыя Літвы адносна Астравецкай АЭС вядомая. Яна зьвярнулася да краінаў рэгіёну з просьбай не купляць электраэнэргію з гэтай станцыі, калі яна будзе пабудаваная. Але мы пакуль ня чулі з Таліну, Рыгі, Варшавы ці Хэльсынкі адназначнага станоўчага адказу на прапанову Вільні: так мы ня будзем купляць беларускую электрычнасьць.

Літва заяўляе пра «парушэньне міжнародных рэглямэнтаў ядзернай бясьпекі». Але МАГАТЭ на гэты конт прэтэнзіяў да Беларусі ня мае, наколькі я ведаю.

Здаецца, Літва крыху выдае жаданае за існае. Не ведаю, наколькі катастрафічнымі зьяўляюцца гэтыя два фактары: энэргія са швэдзкіх АЭС і пазыцыя Літвы. Мне не здаецца, што гэтыя два фактары цалкам закрываюць пэрспэктыву экспарту беларускай электраэнэргіі з АЭС.

Глод: Мабыць, больш дакладна можна будзе казаць тады, калі пачне працаваць АЭС, і самае галоўнае, калі можна будзе параўноўваць кошты — за электраэнэргію з Астраўца і з шасьці электрастанцый у Швэцыі.

Цыганкоў: Калі часова ці нават доўга беларуская электраэнэргія не будзе прынятая ў Эўразьвязе, то гэта кепская пэрспэктыва для беларускай АЭС. А гэта выглядае дастаткова верагодным, бо будуць бар’еры, мытныя і тарыфныя — усё ж Эўразьвяз абараняе перш за ўсё сваіх. Але тады гэтая энэргія можа пайсьці на ўнутраны рынак.

Нэгатыўны момант — тое, што калі ўся энэргія з АЭС пойдзе ўнутр, то менш будзе разьліку на экалягічна чыстыя віды энэргіі — ветракі, гідраэлектрастанцыі і г.д.

Пакуль ён занадта малы для адной АЭС, але мне не здаецца гэта такім ужо відавочным — усё ж 9,5 мільёнаў насельніцтва. Мы ведаем краіны і меншыя маюць некалькі АЭС. Магчыма, якраз калі цалкам пераключыцца на ўнутраны рынак, Беларусь будзе адмаўляцца ад ужываньня нафты, газу. Гэта можа ўспрымацца станоўча. Нэгатыўны момант — тое, што калі ўся энэргія з АЭС пойдзе ўнутр, то менш будзе разьліку на экалягічна чыстыя віды энэргіі — ветракі, гідраэлектрастанцыі і г.д.

Але гэта пытаньне будучыні, аднак ужо сёньня можна сказаць, што будаўніцтва АЭС высьветліла шмат рэчаў, пра якія праціўнікі пабудовы папярэджвалі 5-10 гадоў таму, калі ішлі дыскусіі. Зараз яны працягваюцца, але гэта думкі наўздагон. Крытыкі пабудовы АЭС папярэджвалі пра тое, што будзе нэгатыўная рэакцыя з боку Літвы — гэта адбылося. Папярэджвалі пра тое, што кошт пабудовы будзе большым, чым раней быў абвешчаны — на цяперашні момант гэта выглядае каля 10 мільярдаў. Гэта не апошняя лічба, але якая ўжо значна адрозьніваецца ад тых 5-6 мільярдаў, пра якія ад пачатку гаварылі ўлады.

Яшчэ адзін аргумэнт — сам кошт электраэнэргіі будзе таксама большы за заплянаваны. Бо прыняцьце рашэньня па пабудове АЭС прыпала на момант піку цэнаў на газ і нафту, калі нафта каштавала даражэй за 110-120 даляраў. Цяпер яна балянсуе каля 45 даляраў, і выглядае, што ніякага прарыву ў 100 даляраў ня будзе. Гэта кардынальна мяняе ўвесь разьлік коштаў энэргіі. Гэта яшчэ раз кажа пра мэханізм прыняцьця рашэньняў у Беларусі — усё прымаецца ўладай без узгадненьня з грамадзтвам, і многія крытычныя справядлівыя парады адкідаюцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG