Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч і Лагвінец: Чаму арганізатар перамог харызматыка?


Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец
Юрась Губарэвіч і Алесь Лагвінец

Пра што сьведчаць вынікі выбараў новага старшыні «Руху за Свабоду»?

​Удзельнічаюць: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: У нядзелю ў канфэрэнц-залі менскага гатэлю «Плянэта» адбылася справаздачна-выбарчая канфэрэнцыя «Руху за Свабоду», якая сабрала 115 дэлегатаў як са сталіцы, так і з рэгіёнаў. Галоўнай тэмай было абраньне новага кіраўніка арганізацыі. Як вядома, шматгадовы лідэр арганізацыі Аляксандар Мілінкевіч гэтым разам вырашыў не балятавацца, і таму апошнія тыдні ў незалежнай прэсе мы назіралі адкрытую публічную барацьбу паміж двума кандыдатамі на гэтую пасаду — Алесем Лагвінцом і Юрасём Губарэвічам.

У выніку зь невялікай перавагай — 59 на 51 голас — перамог Юрась Губарэвіч.

Перш за ўсё гэта сьведчыць пра тое, што «Рух за Свабоду» — сапраўды дэмакратычная арганізацыя, якая ўмее вырашаць праблему лідэрства цывілізаваным і дэмакратычным спосабам. Спадзяюся, што ніякага расколу ўнутры арганізацыі пасьля выбараў не адбудзецца.

«Рух за Свабоду» — сапраўды дэмакратычная арганізацыя, якая ўмее вырашаць праблему лідэрства цывілізаваным спосабам.

Мне здаецца, у гэтым ніхто не зацікаўлены. Практыка паказвае, што на сёньня ў Беларусі палітыкі-адзіночкі без разгалінаваных структураў ня маюць вялікага посьпеху. Прыклады яскравых і аўтарытэтных палітыкаў — Міколы Статкевіча і Ўладзімера Някляева — паказваюць, наколькі гэта цяжка — існаваць у палітыцы без разгалінаваных зарэгістраваных дэмакратычных структураў.

Чаму перамог менавіта Губарэвіч? Магчыма, большасьці актывістаў Руху ён падаўся больш камандным гульцом. Магчыма, Алесь Лагвінец паводле шэрагу прычынаў у многіх стварыў уражаньне, што ён гатовы працаваць перш за ўсё на сябе, на сваю папулярнасьць, а не на Рух. Нават падчас апошняй выбарчай парлямэнцкай кампаніі ўсе рухаўцы ішлі да канца — такім быў агульны ўзгоднены падыход. А Лагвінец яшчэ да таго, як яго зьнялі ўлады, заяўляў, што будзе здымацца — то бок быў гатовы дзейнічаць насуперак меркаваньню кіраўніцтва арганізацыі.

На карысьць Губарэвіча згуляў і ягоны досьвед працы з рэгіянальнымі структурамі. Гэта ня рэдкасьць для палітычных структураў — калі перамагае, магчыма, ня самы яскравы, харызматычны, але самы «камандны» і «надзейны» палітык. Бо адна справа, калі за нейкага палітыка галасуюць людзі на парлямэнцкіх ці прэзыдэнцкіх выбарах. І зусім іншая — калі за яго галасуюць чальцы нейкай канкрэтнай арганізацыі, са сваімі матывамі і інтарэсамі. І тут могуць быць зусім іншыя крытэрыі выбару, што і паказалі выбары ў «Руху за Свабоду».

Карбалевіч: Я б паглядзеў па-іншаму на гэтую праблему. Дэмакратычныя структуры Беларусі — гэта выспы дэмакратыі ў аўтарытарнай краіне. Інакш кажучы, дэмакратыя загнаная у гета. І застаецца толькі спадзявацца, што з гэтых расткоў вырасьце дэмакратыя ва ўсёй краіне.

Мэдыі надаюць такому суперніцтву, нават канфліктам у апазыцыйным асяродзьдзі, надзвычай вялікую ўвагу. Магчыма, з-за таго, што няма пра што больш пісаць. Бо ў Беларусі, як у СССР, ёсьць замежная палітыка, але няма ўнутранай. Палітыка ёсьць толькі ўнутры апазыцыйнага гета.

Дэмакратычныя структуры Беларусі — гэта выспы дэмакратыі ў аўтарытарнай краіне.

Прычым, мэдыі, нават незалежныя, як і сацыяльныя сеткі, ацэньваюць гэтыя канфлікты, жарсьці і спрэчкі з налётам нэгатыву, маўляў, іх норавы. Як на мой погляд, дык гэта нармальная зьява. Калі ўнутры партыі ці арганізацыі ідуць дыскусіі, спрэчкі, канфлікты, нават расколы — гэта прыкмета жывой, а значыць, баяздольнай арганізацыі.

Вось у АГП была дыскусія пра лёс мандату Ганны Канапацкай. Вось скандальны быў сыход з БНФ Уладзімера Падгола. І вось вострае суперніцтва паміж Губарэвічам і Лагвінцом у «Руху за свабоду».

Я, напрыклад, цяжка сабе ўяўляю дыскусіі, канфлікт у «Белай Русі», КПБ ці ЛДП. Калі зьезд раз на некалькі гадоў праходзіць за паўдня, безь ніякіх спрэчак, усе рашэньні прымаюцца аднагалосна, то гэта мёртвыя арганізацыі.

Але тут ёсьць адна праблема. Справа ў тым, што новае пакаленьне апазыцыйных палітыкаў, у адрозьненьне ад старэйшых лідэраў, практычна не паспрабавала на смак, што такое сапраўдная палітыка, то бок змаганьне за сапраўдную ўладу. Таму яны моцна захапіліся праблемамі ўнутрыапазыцыйных разборак, аб’яднаньняў, разьяднаньняў, інтрыгаў. Вось гэтую мітусьню ўнутры апазыцыйнай тусоўкі яны ўспрымаюць як сапраўдную палітыку і на большае не прэтэндуюць. 20 гадоў без дэмакратыі даюць такія плады.

Увогуле, цікава будзе паназіраць, ці выжыве ўвогуле «Рух за Свабоду». Бо гэта спэцыфічная арганізацыя была створаная Мілінкевічам пад сябе. Гэта клясычная лідэрская арганізацыя. У яе няма нейкай асобнай ідэалягічнай нішы, як, напрыклад, у БНФ, АГП, «Справядлівага сьвету», БХД ці сацыял-дэмакратаў. Цяпер лідэр, які стварыў арганізацыю, сышоў. Што далей? На гэта цікава будзе паглядзець.

Цыганкоў: Я б тут безумоўна не пагадзіўся, яна была лідэрскай арганізацыяй, калі стваралася ў 2006 годзе, але з таго часу прайшла вельмі вялікі шлях ад гэтага вызначэньня. Па-першае, і Аляксандар Мілінкевіч даўно ўжо, некалькі гадоў, не прымаў актыўнага ўдзелу ў працы арганізацыі, па-другое, сфармавалася пэўная праэўрапейская ідэалёгія ў гэтага руху. Яны распрацавалі «Народную праграму» — гэта даволі грунтоўны вялізны дакумэнт. Я б не сказаў, што на дадзены момант ёсьць нейкія падставы баяцца, што «Рух за Свабоду» ня выжыве без свайго колішняга лідэра Мілінкевіча.

Карбалевіч: А ў чым ідэалягічнае адрозьненьне руху «За Свабоду» ад, напрыклад, БНФ?

Цыганкоў: Яны праэўрапейскія і за дэмакратыю, яны сапраўды не адрозьніваюцца ад многіх дэмакратычных сілаў, але гэтыя супадзеньні не даюць падставы меркаваць, што ў іх няма нейкай ідэалёгіі.

Дракахруст: Я падзяляю вашы асноўныя тэзісы, па-першае, у тым, што такая зьмена — гэта зьява станоўчая, якая сьведчыць пра жывое жыцьцё. Вось, арганізацыя была створаная 10 гадоў таму, праз 10 гадоў у ёй адбылася легальная, нескандальная, безраскольная (прынамсі, пакуль) зьмена ўлады, прычым ня шляхам паддывановых інтрыгаў, а праз публічную канкурэнцыю. Так што такую зьмену можна, зразумела, толькі вітаць.

Вельмі цікавая ваша, Віталь, заўвага, пра прычыны перамогі Губарэвіча. На мінулым тыдні было 80 гадоў з дня нараджэньня Вацлава Гаўла, што стала нагодай для абмеркаваньня праблемы лідэрства. Я не магу сказаць, што Алесь Лагвінец — гэта наш Гавэл, але ён больш падобны да Гаўла, чым Юрась Губарэвіч.

Я не магу сказаць, што Алесь Лагвінец — гэта наш Гавэл, але ён больш падобны да Гаўла, чым Юрась Губарэвіч.

Сапраўды, унутры арганізацыяў, асабліва ў такія пэрыяды міжчасься, як цяпер, лідэрамі робяцца, як казалі ў савецкія часы, «аргавікі» — людзі, якія ўмеюць працаваць, камунікаваць зь людзьмі, ствараць структуры, а ня тыя, хто здольны яскрава фармуляваць свае меркаваньні.

Але вяртаючыся да пачатку, да патэнцыйнага расколу — для мяне пакуль зусім не відавочна, што яго ня будзе. Пасьля выбараў Лагвінец адхіліў прапанову Губарэвіча стаць яго першым намесьнікам, Лагвінец сказаў, што ў яго з Губарэвічам былі розныя канцэпцыі разьвіцьця арганізацыі, дык хай пераможца фармуе пад сваю канцэпцыю сваю кіроўную каманду.

Мы ведаем на досьведзе шмат якіх краінаў, што ідуць вострыя дыскусіі, але пасьля таго, як першая асоба вызначаецца, усе астатнія гуртуюцца вакол яе, у тым ліку і яго ўчорашні канкурэнт. Ну а тут, як мы бачым, гэтага не адбылося. Гэта ня тое, што наўпрост раскол. Лагвінец сказаў, што ён застаецца чальцом «Руху за Свабоду», але, мне здаецца, вось такі дэмарш ня сьведчыць пра тое, што спадар Лагвінец і тыя людзі, якія на яго арыентуюцца, працягнуць дружную працу пад кіраўніцтвам Юрася Губарэвіча.

Цыганкоў: Але мы гістарычна бачым нешта падобнае ў ЗША, у аплоце дэмакратыі, дзе пасьля абраньня Дональда Трампа ў якасьці кандыдата ад рэспубліканцаў, зусім ня ўсе ўплывовыя фігуры рэспубліканцаў яго падтрымалі. Ці значыць гэта, што Рэспубліканская партыя на мяжы расколу? Таксама дыскусійнае пытаньне, але такія прыклады ёсьць: калі пасьля абраньня першай асобы зусім ня ўсе прадстаўнікі гэтай партыі гуртуюцца вакол яе.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG