Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогераў перасьледуюць за дакладныя зьвесткі пра акцыі пратэсту — старшыня БАЖ


Андрэй Бастунец
Андрэй Бастунец

Цягам некалькі дзён у Беларусі асудзілі трох вядомых блогераў — Аляксандра Філіповіча з Гомеля, Сяргея Пятрухіна ды Дзьмітрыя Гарбунова зь Берасьця.

Філіповічу прысудзілі 13 дзён арышту, Пятрухіну і Гарбунову — па 15 дзён.

Гэта адбылося пасьля іх наўпроставых відэарэпартажаў у інтэрнэт з акцыяў пратэсту супроць дэкрэту № 3 — «аб дармаедах». Іх судзілі як удзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

Ці зьяўляецца блогер журналістам і ці можа ён разьлічваць на недатыкальнасьць з боку міліцыі падчас працы на масавых акцыях? Адказвае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец.

— Блогер у любым выпадку дзейнічае на падставе Канстытуцыі, якая дае яму права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю, выказваць свае меркаваньні. Гэта запісана ў 33 і 34 артыкулах Канстытуцыі. Таму гэта ягонае права — быць блогерам.

Па-другое, нагадаю, што з 2015 году ўступілі ў сілу дапаўненьні ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», паводле якіх інтэрнэт-рэсурсы аднесеныя да сродкаў масавай інфармацыі. Мы зьвярталі ўвагу на тое, што гэтыя дапаўненьні надавалі хутчэй больш абавязкаў інтэрнэт-рэсурсам, але яны фігуруюць менавіта як мэдыі. Таму блогер мае цалкам законнае права спасылацца на тое, што ён займаецца журналісцкай дзейнасьцю на падставе гэтага закону. Пры гэтым, зразумела, яны мусяць прытрымлівацца закону таксама.

— Ці ёсьць удзелам у масавым мерапрыемстве тое, што блогер знаходзіцца на мітынгу ці шэсьці, вядзе адтуль рэпартаж праз свой тэлефон у інтэрнэт?

— Глыбока ўпэўнены, што не. Калі ён пры гэтым не трымае нейкіх плякатаў, не выкрыквае лёзунгаў, а займаецца менавіта атрыманьнем і распаўсюдам інфармацыі — на мой погляд, гэта не зьяўляецца ўдзелам у мерапрыемстве. Гэта, як я ўжо казаў, журналісцкая дзейнасьць.

— Як бы вы пракамэнтавалі тое, што вось ужо трох блогераў прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве і асудзілі да арышту на 13–15 сутак?

— Адзначу, што ўжо можна казаць пра перасьлед ня толькі блогераў, але і іншых журналістаў, якія працуюць у зарэгістраваных мэдыях. Што да блогераў — тут таксама відавочныя парушэньні закону. Па-першае, улада спрабуе перашкодзіць распаўсюду інфармацыі зь месца падзеяў, чым актыўна займаліся і блогеры. Другое — што журналісты з зарэгістраваных мэдыяў больш абароненыя, а з блогерамі лягчэй справіцца. І трэці момант — гэта тое, што некаторыя блогеры маюць даўнюю гісторыю канфліктаў зь мясцовай уладай, і цяпер мясцовыя ўлады карыстаюцца магчымасьцю іх пакараць.

Але дадам, што наагул заканадаўства аб масавых мерапрыемствах у Беларусі мае рэпрэсіўны характар і не адпавядае Канстытуцыі. Таму ня толькі затрыманьні блогераў, а проста грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту супроць дэкрэту № 3, ці нават арганізоўвалі гэтыя акцыі, калі яны насілі мірны характар, — лічу гэта парушэньнем правоў чалавека. Але калі гэта тычыцца таго, што чалавек вёў рэпартаж зь месца падзеяў, дык, на мой погляд, гэта парушае ня толькі права на мірны сход, але і права на выказваньне меркаваньняў.

— Тым ня менш: журналісты зарэгістраваных выданьняў працуюць на акцыях з пасьведчаньнямі, якія іх у пэўнай ступені абараняюць. А як быць блогеру, якому ніхто пасьведчаньня ня выдасьць? Ці ўсё ж ёсьць нейкія магчымасьці?

Патрэбная ўвага грамадзтва, сродкаў масавай інфармацыі да фактаў рэпрэсіяў супроць блогераў — бяз гэтага немагчыма іх бараніць

— Гэта сапраўды вялікая праблема — блогер пасьведчаньня ня мае. Ва ўсім сьвеце пасьведчаньні могуць выдаваць прафэсійныя журналісцкія саюзы, але ў 2010 годзе Мінʼюст забараніў БАЖу выдаваць такія пасьведчаньні. Мы можам выдаць блогеру, калі ён уступіць у нашу арганізацыю, толькі пасьведчаньне як сябру БАЖу, але не службовае пасьведчаньне.

Гэта адбылося пасьля таго, як Вярхоўны суд разгледзеў адпаведную справу. Дарэчы, Вэнэцыянская камісія прызнала гэткую забарону незаконнай, але яна існуе і стварае вельмі вялікія праблемы для блогераў і тых, хто працуе для інтэрнэт-рэсурсаў не як блогер, а як карэспандэнт.

— Добра, у блогера няма пасьведчаньня, але ж нехта мусіць высьветліць, што ён працуе на акцыі як журналіст. Хто: міліцыя, суд?

— Калі міліцыя гэтага не ўлічыла, тады так — судзьдзя. Бо судзьдзя мусіць разгледзець усе абставіны адміністрацыйнага парушэньня, высьветліць, на якой падставе прыцягваюць чалавека да адказнасьці, устанавіць усе факты. У выпадку з блогерам: што рабіў чалавек на акцыі — выкрыкваў лёзунгі ці толькі здымаў на відэа. Але, на жаль, мы ўсе ведаем, як у нас праходзяць адміністрацыйныя працэсы.

— Як варта дзейнічаць блогерам у выпадку рэпрэсій?

— Парадак, па вялікім рахунку, адзіны — гэта выкарыстаньне ўсіх прававых мэханізмаў, пры магчымасьці і дапамогі адваката са спасылкай на артыкулы Канстытуцыі, якія гарантуюць свабоду распаўсюду інфармацыі. Плюс тэрміновае абскарджваньне дзеяньняў улады і судовых пастаноў. Але, зразумела, патрэбная ўвага грамадзтва, сродкаў масавай інфармацыі да фактаў рэпрэсіяў супроць блогераў — бяз гэтага немагчыма іх бараніць.

— Што могуць загадзя зрабіць самі блогеры, каб пазьбегнуць рэпрэсій?

— Сытуацыі, вядома, могуць быць розныя. Мы ведаем прыклад Эдуарда Пальчыса, які вёў свой сайт на падставах ананімнасьці, але ўсё роўна яго вылічылі і прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці. Шмат залежыць і ад таго, якія тэмы закранае блогер, наколькі ён можа быць небясьпечны для ўладаў ці для пэўных колаў насельніцтва... Але, па вялікім рахунку, паколькі праца блогера вельмі зьвязаная зь ягонай асобай, дык цяжка ўявіць, якім чынам ён можа ад сябе самога дыстанцыявацца.

На сайце БАЖа сёньня будзе выстаўленая памятка для журналістаў, якія працуюць падчас масавых акцый. Мяркую, гэтай памяткай можа скарыстацца і любы блогер.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG