Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюджэтнікам даплацяць $3,5–4 на месяц. Гэта ня жарт ураду


Магчыма, для дзясятай часткі беларусаў гэта цэлых 5% зарплаты, грошы на дзень жыцьця.

У Беларусі ўсталяваныя памеры штомесячных даплатаў супрацоўнікам бюджэтных установаў і прыраўнаным да іх, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Згодна з пастановай, якая распаўсюджваецца на выплаты за працоўныя адносіны з 1 лютага, супрацоўнікі 1–6 разрадаў атрымаюць штомесячны бонус у 86 тысяч рублёў, 6–10 разрадаў — 80 тысяч, 10–17 разрадаў — 75 тысяч. Гэтыя даплаты не ўтвараюць акладу і ня ўлічваюцца пры налічэньні прэміяў і надбавак.

Тры з паловай ці чатыры даляры па сёньняшнім курсе — ці няма тут памылкі? Чаму лічбы ва ўказах такія нязначныя? Эканаміст Міхал Залескі камэнтуе:

Міхал Залескі

Міхал Залескі

«Добра ж вельмі, гэта вялікія грошы. Абсалютна без іроніі! Ці ж вы ня ведаеце, колькі людзі зарабляюць у краіне? Гэта вельмі вялікія грошы цяпер для людзей. Мадальная зарплата ў нас цяпер 200 даляраў, а гэта ажно 4 даляры — можна цэлы дзень жыць! Вось у чым драма нашая. Дзяржава высмоктвае апошнія сокі з насельніцтва, каб аддаць гэныя грошы зноў насельніцтву.

Я б акцэнтаваў увагу на долю людзей, якія жывуць на грошы, меншыя за бюджэт пражытачнага мінімуму (сярэдні на душу насельніцтва бюджэт пражытачнага мінімуму складае 1 591 310 рублёў; такіх, хто жыве на яго ці меней, — 3,6% хатніх гаспадарак Беларусі, на сяле — 5,6% па зьвестках на сьнежань 2015 году. — РС). Бальшыня зь іх — бюджэтнікі, менавіта бюджэтнікі атрымліваюць самыя нізкія заробкі ў краіне. Людзі, занятыя сацыяльнай абаронай, ці бібліятэкары зарабляюць меней за калгасьнікаў. Якую частку іхнай зарплаты складае гэтая даплата — на гэта трэба акцэнтаваць увагу.

Гэта вялізная сума для 10% краіны. Так, канечне, гэта сьмешна выглядае на эўрапейскі погляд. Па нормах ААН мінімальная для выжываньня сума — глябальна недзе 4,5 даляра ў дзень».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG