Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Бюджэт пражытковага мінімуму падвысілі на 1 эўра, а ён зьнізіўся на 13


Мінпрацы ўсталявала бюджэт пражытковага мінімуму на 1 лютага — 30 красавіка ў памеры 1 591 310 рублёў, альбо на 23 500 больш, чым было на лістапад-студзень.

Згодна з пастановай Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, бюджэт пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва складзе на 1 лютага — 30 красавіка 2016 году 1 591 310 рублёў, альбо 74,5 даляра паводле курсу на момант публікацыі.

Нязначнае падвышэньне бюджэту пражытковага мінімуму адбылося для ўсіх сацыяльных групаў:

• для працаздольных — да 1 751 560 (вырас на 25 860 рублёў),
• для пэнсіянэраў — да 1 213 110 (+18 030),
• для студэнтаў — да 1 539 810 (+24 690),
• для дзяцей да 3 гадоў — да 1 010 500 (+3 310),
• для дзяцей ад 3 да 6 гадоў — да 1 415 810 (+10 350),
• для дзяцей ад 6 да 18 — да 1 741 220 (+21 190).

Разам з тым былі ўсталяваныя новыя мінімальныя спажывецкія бюджэты для розных сацыяльных групаў на люты-красавік. Яны таксама нязначна вырасьлі ў беларускіх рублях, затое значна зьнізіліся ў пераліку на замежныя валюты.

• для працаздольнага насельніцтва такі бюджэт складае 3 307 170 рублёў (быў 3 197 780)
• для пэнсіянэраў — 2 587 070 рублёў,
• для студэнтаў — 2 495 160,
• для маладой сям’і з трох чалавек — 2 281 800,
• для сям’і з чатырох чалавек — 2 574 730 рублёў,
• для дзяцей да трох гадоў — 2 084 070,
• для дзяцей ад 3 да 6 гадоў — 2 773 610,
• для дзяцей ад 6 да 18 — 2 819 300 рублёў на чалавека.

Вось жа, у беларускіх рублях бюджэт пражытковага мінімуму вырас на 1,5%, але скараціўся на 19,6% у далярах і на 18,6% у эўра. Што гэта значыць, Свабодзе распавёў эканаміст Міхал Залескі:

Міхал Залескі

Міхал Залескі

«Трэба глядзець не на дэвальвацыі-рэвальвацыі, а на сутнасьць бюджэту пражытковага мінімуму. Гэта тая колькасьць грошай, якая павінна забясьпечыць, так бы мовіць, санітарныя ды фізіялягічныя мінімальныя патрэбы. Гэтыя патрэбы разьлічваюцца ў дастаткова просты спосаб, закладзены яшчэ акадэмікамі Нямчынавым і Струміліным у 1920-я гады, калі прыдумлялі мэтры на чалавека і астатні набор. Як выкладаў, зачытваў студэнтам, каб парагаталі. „Трусы жен. утепл. — 1 пара на 5 год“. Абсалютна спартанскі набор! І, зыходзячы зь яго падаражэньня, разьлічваюцца цэны ў рублях».

Залескі заўважае, што ў Беларусі багата людзей, для якіх гэтыя лічбы, тым ня меней, маюць значэньне. Толькі паводле афіцыйных зьвестак Белстата за III квартал 2015 году 3,7% хатніх гаспадарак Беларусі малазабясьпечаныя, гэта значыць — жывуць на грошы, меншыя за бюджэт пражытковага мінімуму. У Менску такіх параўнальна няшмат, 0,8% ад усіх гаспадарак, а найболей — на поўдні і ўсходзе краіны (5,2% у Берасьцейскай вобласьці, 5,5% у Гомельскай, 5,1% у Магілёўскай). Дзьве траціны малазабясьпечаных хатніх гаспадарак — зь дзецьмі да 18 гадоў.

XS
SM
MD
LG