Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 сьнежня Палата прадстаўнікоў разгледзіць у першым чытаньні праект бюджэту Беларусі на 2015 год.

У праекце бюджэту на наступны год абазначана сума ў памеры 1 мільярд 890 мільёнаў даляраў, якой не было сёлета. Адкуль возьмуцца гэтыя грошы? Міністар фінансаў Уладзімер Амарын з гэтай нагоды адзначае:

«Адметнасьцю бюджэту на наступны год стане тое, што адпаведна з пагадненьнем з Расеяй прадугледжана паступленьне вывазных мытаў на нафтапрадукты ў суме 1 мільярд 890 мільёнаў даляраў».

Паводле міністра, рэсурсы новага бюджэту павялічацца параўнальна зь сёлетнім на 7,5%.

Пра бюджэт-2015 казаць, як ніколі раней, цяжка, — заявіў Свабодзе сябра камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах Валеры Барадзеня:

«Маё асабістае бачаньне такое. І раней умовы, у якіх плянаваўся бюджэт, не вылучаліся асаблівай прадказальнасьцю і ўстойлівасьцю. А цяпер ён плянаваўся ва ўмовах крайне зьменлівага асяродзьдзя. З улікам сытуацыі ў нашых бліжэйшых суседзяў, а гэта Расея, Эўразьвяз і Ўкраіна, ступень турбулентнасьці і нявызначанасьці сёлета значна вышэйшая за тую, што была ў папярэднія гады.

Таму мы павінныя зьвярстаць такі бюджэт, які дазволіць нам захаваць сацыяльную стабільнасьць і забясьпечыць выкананьне абавязкаў дзяржавы перад грамадзянамі. І адначасова глядзець у будучыню і нешта разьвіваць. Я скажу так: зьвярстаны асьцярожны бюджэт, дзе мінімізаваныя капітальныя выдаткі. І гэта робіцца з-за небясьпекі таго, што ў суседніх краінах усё пойдзе паводле пэсымістычнага сцэнару. І тады, канечне, гэта нас абавязкова зачэпіць».

Пры жаданьні знайсьці пэўныя асаблівасьці бюджэту можна. Але калі глядзець па вялікім рахунку, то апошнія гадоў дзесяць усе бюджэты Беларусі зьвярстаныя пад кальку — дзеліцца з Свабодай сваім уражаньнем кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«І ёсьць адна рыса, якая іх аб’ядноўвае, — гэта абсалютна бессэнсоўны дакумэнт. Хоць бы таму, што ўжо прыканцы студзеня альбо ў лютым ён можа быць перароблены, у яго могуць унесьці значныя зьмены. То бок у нас, у Беларусі, бюджэт не зьяўляецца тым законам, які патрэбна абавязкова выконваць.

У новым праекце бюджэту, які я вывучаў, няма нічога такога, што сьведчыла б пра мадэрнізацыю, пра разуменьне тых складаных праблем, зь якімі Беларусь сутыкнулася прыканцы 2014 году».

Прадстаўнікі ўладаў падкрэсьліваюць, што і новы бюджэт мае сацыяльную скіраванасьць. Гэтак, у ім прадугледжаныя падвышэньне выдаткаў на адукацыю і ахову здароўя. Фармальна гэта так. Але вось што паказваюць канкрэтныя лічбы. Выдаткі на адукацыю плянуецца падвысіць з 17,3% да 18,1%, на ахову здароўя —- з 14,2% до 14,8%.

XS
SM
MD
LG